У мінулую пятніцу прайшлі раённы выпускны баль і развітальныя школьныя вечары для 338 выпускнікоў з 21 установы адукацыі раёна.
Горад быў абуджаны гукамі духавога аркестра, урачыстым шэсцем выпускнікоў на плошчу Бессмяротнасці, дзе кожны год традыцыйна праходзіць выпускны баль. Разам з выпускнікамі ў гэты хвалюючы момант былі іх бацькі, родныя, настаўнікі, прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, гараджане.
Адзін толькі выгляд выпускнікоў – усхваляваных, у прыгожых уборах – ствараў асаблівую непаўторную атмасферу. Яшчэ і святочная праграма дапамагала захаваць і ўзмацніць незвычайнасць гэтых хвалюючых момантаў. Усіх замілавала выступленне дашкольнікаў з дзіцячых ясляў-сада № 1.
Ад імя раённага выканаўчага камітэта павіншаваць выпускнікоў падышоў да мікрафона намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель, для якога ў гэтым годзе выпускны баль асаблівы – у ліку выпускнікоў і яго сын Андрэй, выпускнік СШ № 3. Цёплым і душэўным былі выступленні начальніка цэнтра выхаваўчай работы Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Таццяны Цвірка, намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірыны Язвінскай. Божае благаславенне на выпускнікоў у адказны перыяд іх жыцця заклікалі настаяцель храма Уваскрэсення Хрыстова протаіерэй Віталій Шаркоў і настаяцель прыхода каталіцкага касцёла св. Казіміра ксёндз Адам Врубэль.
Сяргею Шэсцелю для райвыканкама была ўручана Раённая кніга выпускнікоў 2017 года. Такое наватарства ўведзена арганізатарам раённага балю – аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Прыгожым момантам урачыстасці было ўручэнне залатых медалёў выдатнікам вучобы. У гэтым годзе такой высокай адзнакі вучнёўскай працы ўдастоены 44 выпускнікі. Увагу ўдзельнікаў святочнай урачыстасці прыцягнуў факт, што ў ліку залатых медалістаў былі блізняты Ганна і Антаніна Жылінскія з СШ № 2, у якіх амаль максімальны бал атэстатаў – па 9,9. Гэтыя прыгожыя сціплыя дзяўчаты здорава паднялі прэстыж шматдзетнай сям’і ў грамадстве. Яны выхоўваліся ў сям’і, дзе пяцёра дзяцей – і ўсе паспяховыя. Не адзін раз на працягу навучальнага года гучала прозвішча выпускніка сярэдняй школы № 3 г. Стоўбцы Паўла Камёнкі, неаднаразовага пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд па інфарматыцы. Паўлу на гэтай раённай урачыстасці быў уручаны не толькі залаты медаль, але і прэмія Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Павел Камёнка атрымаў не толькі гэтыя ўшанаванні, але і права паступлення ў ВНУ без уступных іспытаў.
Было дадзена слова прадстаўнікам выпускнога педагагічнага класа СШ № 2. Ад імя бацькоў выступіла Ірына Адамаўна Рыцько разам са сваёю дачкою Надзеяй, выпускніцай Старасвержанскай СШ.
Як сімвал надзеі, міру і дабра былі выпушчаны ў неба галубы і мноства паветраных шароў.
Выпускнікі прыступілі ўжо да здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Няхай іх надзеі спраўдзяцца, дапамога Божая іх не пакідае.
Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота Васіля ЗЯНЬКО