Рэканструкцыі. Будаўніцтва. Інавацыі

Нумары Сельская гаспадарка

АДНАЎЛЯЮЦЬ МІНІ-ЗАВОД

Кіраўніцтва ААТ «Вішнявецкі-агра» аднаўляе работу камбікормавага міні-завода, які знаходзіцца на плошчах былога свінатаварнага комплексу і прастойваў на працягу двух апошніх гадоў. Каб засцерагчыся ад афрыканскай чумы свіней, камбікармы закуплялі. Пасля ліквідацыі гэтага вытворчага падраздзялення, а апошняя партыя жывёлы была здадзена напрыканцы мая, ушчыльную прыступілі да яго рамонту.

– Зрабіць гэта раней не прадстаўлялася магчымым, бо свінакомплекс быў пад біялагічнай аховай, – расказвае дырэктар Віктар Худніцкі. – Рамонтныя работы паступова вядуцца, выканана большая іх частка. Камбікорм для буйной рагатай жывёлы пачнём вырабляць са збожжа новага ўраджаю. І будзем мець неблагую выгаду, бо ўласны корм будзе намнога таннейшым за пакупны.

 

«КВАТЭРЫ» ДЛЯ МАЛАДНЯКУ

З мэтай палепшыць умовы ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы, на МТФ «Шашкі» аднайменнага таварыства завяршаецца будаўніцтва прафілакторыя для маладняку буйной рагатай жывёлы на 60 пастановачных месцаў. Выхад цялят у тэхніка-асемянатара Лідзіі Бусько даволі высокі, таму і спатрэбіліся для іх новыя камфортныя клеткі. Узводзіцца памяшканне з дошак, на даху паклалі рад празрыстага шыферу. Кожнаму цяляці цяпер выдзеляць асобнае месца – утульную «кватэру». У планах кіраўніка Валерыя Мормыша правесці на ферме і рэканструкцыю, у прыватнасці замяніць дах на памяшканні для цялушак, а таксама забетанаваць выгулы. У перспектыве ўстанавіць на гэтай ферме даільную залу, а таксама правесці комплекс іншых мерапрыемстваў для стварэння замкнутага цыкла вытворчасці малака.

 

ДАКЛАДНАЕ ЗЕМЛЯРОБСТВА – ЭФЕКТЫЎНАІ ВЫГАДНА

На мінулым тыдні ў рамках мерапрыемстваў 27-й Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «Белагра-2017», якая працавала ў гандлёва-лагістычным цэнтры «Глобус Парк» у аграгарадку Шчамысліца Мінскага раёна, прайшоў рэспубліканскі тэматычны семінар-нарада па пытаннях укаранення ў сельскай гаспадарцы сістэм дакладнага земляробства.

У ім бралі ўдзел намеснікі начальнікаў упраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамаў па механізацыі. Вучоныя і прадстаўнікі шэрагу фірмаў расказалі ўдзельнікам семінара пра інавацыйныя тэхналогіі, якія створаны ў даным накірунку і ўжо прымяняюцца ў раслінаводстве: камп’ютарызацыя сельгастэхнікі, спадарожнікавыя навігатары, самалёты-беспілотнікі. Сучасныя тэхналогіі робяць магчымай работу тэхнікі на палях у любы час сутак і пры абмежаванай бачнасці. Эканомяцца пры гэтым не толькі матэрыяльныя, а і людскія рэсурсы. Падкрэслівалася, што ў сельскай гаспадарцы неабходна, і дзеля гэтага створаны ўмовы, актыўна ўкараняць і развіваць рэсурсазберагальныя тэхналогіі. Дарэчы, беларускія вучоныя пачалі работу па распрацоўцы айчынных элементаў сістэмы дакладнага земляробства, у прыватнасці камплекта абсталявання сістэм дыстанцыйнага маніторынгу машынна-трактарных агрэгатаў. Даная тэхналогія забяспечвае высокі эканамічны эфект і адкрывае рэальныя магчымасці для вытворчасці якаснай прадукцыі і захавання навакольнага асяроддзя. Вопыт іншых краін паказвае: невялікія ўкладанні пры ўкараненні дакладнага земляробства хутка акупляюцца і прыносяць немалы прыбытак.

Удзельнікі семінара наведалі выставачную пляцоўку, дзе былі прадстаўлены магчымасці тэхналогіі дакладнага земляробства ў Беларусі, а таксама прэзентаваны рад геаінфармацыйных рэсурсаў, без якіх сёння немагчыма работа сучаснага аграрыя.

Дарэчы, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна і фермеры пабывалі на выстаўцы і азнаёміліся з яе экспанатамі, узялі сабе на заметку новыя распрацоўкі айчынных вытворцаў (на аграпрамысловым форуме прадстаўлены шырокі спектр лепшых дасягненняў у вобласці айчыннага сельгасмашынабудавання, тэхналогій і абсталявання для поўнага цыкла сельгасвытворчасці і перапрацоўкі, жывёлагадоўлі).

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *