Каб сядзібы былі прыгажэйшымі

Добраўпарадкаванне Нумары

1705f

ЛЕТА – НОВАЕ, ПРАБЛЕМЫ – СТАРЫЯ

Лета толькі пачынаецца і дае шанц кожнаму з нас зрабіць сёлета свае сядзібы і горад непадобнымі на леташнія, а, з улікам назапашанага вопыту, значна больш цікавымі і добраўпарадкаванымі.

Паназіраць, як мяняюцца ў гэтым накірунку адносіны стаўбчан і арганізацый горада, узялася санітарная камісія ў складзе начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Галіны Радзіон, урача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталлі Рык і галоўнага спецыяліста райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ірыны Высоцкай. Падчас маніторынгу камісія звяртала ўвагу не толькі на традыцыйнае навядзенне парадку, а на ініцыятыву, комплексны падыход і гаспадарлівасць, аналізавала вынікі, вызначала праблемныя моманты і т. п. Дзе-нідзе сітуацыя сапраўды парадавала, абнадзеіла, а дзесьці – выклікала эмоцыі тыпу «нельга маўчаць».  

Пасля апошняга маніторынгу да лепшага змянілася «прывакзальная» частка вуліцы Сацыялістычнай, што ў першую чаргу варта аднесці да заслуг рамонтна-механічных майстэрань. На вуліцы Цэнтральнай якраз працавалі з косамі работнікі Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў. Абкошвалі зялёныя зоны, пешаходныя дарожкі. Работа аб’ёмная. «На вуліцы Цэнтральнай, як і на вуліцы Машынабудаўнікоў, павінны былі касіць работнікі філіяла маторнага завода, – падкрэсліваюць члены санітарнай камісіі, спасылаючыся на рашэнне райвыканкама аб замацаваных за прадпрыемствамі вуліцах. – У камунальнікаў у горадзе і без таго хапае «нічыйных» тэрыторый, пустыроў і т. п. Усё за раз не схопіш, а такую работу, як касьба, нельга адкладваць, яе трэба рабіць своечасова і пастаянна». На выручку ў абкошванні вуліцы Цэнтральнай былі прыцягнуты работнікі АКС з Дзераўнянскага ўчастка.

На рахунку камунальнікаў – абкос так званай аб’язной дарогі вакол шматпавярховых дамоў жыллёва-будаўнічых кааператываў. Сваё ад дарогі яны абкасілі, а далей па ўсім пустыры, які замацаваны за прадпрыемствам «Профі-Аграцэнтр», узнімаецца зусім неландшафтных памераў травастой. На жаль, няскошаны і іншыя пустыры і «трохвугольнікі» ў межах горада. Калі едзеш па шматпавярховым мікрараёне, які вылучаецца сваім сучасным іміджам, кідаюцца ў вочы пад’язныя шляхі да дамоў ЖБК. Яны зараслі травой. Патрабуе «сенакосу» і тэрыторыя вакол дома ЖБК «Дабранка». У адрозненне ад гэтага кааператыва добры прыклад для іншых паказаў ЖБК «Крыніца», дзе не чакалі нічыіх падказак.

Хацелася б звярнуць увагу на такую рысу, як адказнасць. Вось і сярод прыватных домаўладальнікаў нярэдка сустракаюцца адметныя стаўбцоўскія гаспадары. Іх хватка відаць ва ўсім – у фасадзе дома, лецішчы-аранжарэі, дыхтоўным плоце. Праўда, за плотам, на прылеглай тэрыторыі, у некаторых гэтая гаспадарлівасць рэзка некуды прападае і назіраецца зусім адваротная карціна. На вуліцы побач з плотам суседнічаюць пустазелле, смецце… Відавочна, што нашаму гораду не хапае кветак.

Праблемнае пытанне – абкос пустыра на тэрыторыі былой воінскай часці. Ён замацаваны за пяццю ўладальнікамі, што арганізавалі тут свой бізнес, і кожны сваё нібыта выкасіў. Але застаўся няскошаным «востраў». У горадзе вялікую праблему ствараюць пустыя дамы. Адзін з іх – па завулку Палявым, 34. Падчас суботніка туды быў кінуты працоўны дэсант добраахвотнікаў, якія ўсё прыбралі пасля зімы, скасілі. Прайшоў месяц, другі, і сітуацыя ізноў патрабуе «дэсанта». Пакуль гэты працэс бясконцы, таму што не прайшло тры гады, каб суд мог прызнаць дом безгаспадарным.  

З боку вуліцы Танкістаў неабкошанай была тэрыторыя за магазінам «Планета чысціні» (у нашага горада, дарэчы, пры свядомым падыходзе ўсіх суб’ектаў гаспадарання таксама мог бы быць неафіцыйны тытул «горада чысціні»). Аб’езд праходзіў у пятніцу, а напярэдадні быў другі чацвер месяца. Яго, як вядома, яшчэ называюць чыстым. Аднак сітуацыя была далёкай ад чыстага стану. Травою зараслі і сквер па вуліцы Цэнтральнай і вуліца Задвор’енская (яе павінны касіць Аграмашзапчастка, Фрэор Рэфрыгерайшн). Стаўбцоўская ПМК абкасіла замацаваную за ёй частку вуліцы Ленінскай. Неабкошанай засталася пешаходная дарожка ўздоўж пустыра.

Амаль паўсюдна (акрамя новых і капітальна адрамантаваных вуліц) бардзюры прараслі травою, і гэта надае вуліцам недагледжаны, а парою і безгаспадарны выгляд. У адным месцы на вуліцы Цэнтральнай бардзюр аказаўся вывернутым наверх. Трывожны сігнал – каля дома № 4 па вуліцы Міру праваліўся каналізацыйны люк. «У мінулым годзе была такая ж праблема, яе ўхілілі», – удакладняе ўрач-гігіеніст Наталля Рык. Небяспечнае месца ніяк не абазначана. На вуліцы Паўночнай (мікрараён Усходні) была засмечана кантэйнерная пляцоўка. «Вывозіць адходы неабходна кожны дзень», – нагадвае патрабаванне да камунальнікаў Наталля Уладзіміраўна.  

Увагі патрабуе добраўпарадкаванне тэрыторый, прылеглых да будаўнічых аб’ектаў, аўтастаянак побач з магазінамі. Асобная тэма – дзіцячыя пляцоўкі ў шматпавярховых дварах. У большасці выпадкаў яны малаабсталяваныя, не адпавядаюць запытам часу. Іншая справа – гульнявая пляцоўка ў парку «Дружба народаў». Яна добра абсталяваная, сучасная і, як вынік, прыцягвае да сябе дзетвару. Праўда, відавочнай становіцца іншая праблема: ці дастаткова для дзяцей нашага горада адной такой пляцоўкі?

НА ЗДЫМКАХ: уверсе – прыцягвае дзетвару дзіцячая пляцоўка ў парку «Дружба народаў»; добрая традыцыя – клумба пад вокнамі шматпавярхоўкі; касцам АКС ёсць работа на вуліцы Цэнтральнай; унізе – праваліўся каналізацыйны люк па вуліцы Міру; пустыя дамы – праблема для горада; гаспадар ёсць, але толькі да плоту?

Таццяна ПЯТКЕВІЧ        

 

ПАНЯЦЦЕ «НЯМА АДХОДАЎ» ЗАКОНАМ НЕ ПРАДУГЛЕДЖАНА

Апошнім часам праведзена вялікая работа па ўстаноўцы кантэйнераў для збору цвёрдых бытавых адходаў не толькі ў горадзе, а і ў сельскіх населеных пунктах раёна. Аднак далёка не ўсе домаўладальнікі звярнуліся ў аб’яднанне камунальных службаў для заключэння дагавору на іх вываз.

У адпаведнасці з артыкулам 29 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь паслуга па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі адносіцца да асноўных жыллёва-камунальных паслуг, якія прадастаўляюцца на аснове заключаных дагавораў.

– Адмова домаўладальніка ад заключэння дагавора не з’яўляецца падставай для неаказання гэтай паслугі і не вызваляе ўласнікаў жылых дамоў ад унясення платы за аказаныя паслугі, – падкрэслівае юрысконсульт АКС Алена Хурс.

Плата за абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі разлічваецца па субсідаваных тарыфах для насельніцтва, зыходзячы з нарматыву ўтварэння цвёрдых камунальных адходаў, які зацверджаны раённым выканаўчым камітэтам, і колькасці людзей, зарэгістраваных па месцы жыхарства ці месцы знаходжання.

– Калі ў жылых дамах у сельскай мясцовасці адсутнічаюць зарэгістраваныя (якія пражываюць) грамадзяне і яны выкарыстоўваюцца ў летні перыяд у мэтах вырошчвання пладова-ягадных, гароднінных, дэкаратыўных і іншых сельскагаспадарчых культур, стварэння ўмоў для адпачынку і правядзення вольнага часу, задавальнення іншых патрэб, то плата за абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі ўносіцца на аснове нарматыву ўтварэння цвёрдых камунальных адходаў на аднаго плацельшчыка жыллёва-камунальных паслуг па субсідаваных тарыфах для насельніцтва, – звяртае ўвагу начальнік абаненцкага аддзела АКС Зоя Грамыка.

Да ведама грамадзян, як нагадвае начальнік службы адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай работы АКС Валерый Бохан, графік вывазу цвёрдых камунальных адходаў змяшчаецца на сайце райвыканкама ў раздзеле ЖКГ і штоквартальна публікуецца на старонках раённай газеты.

Усе юрыдычныя і фізічныя асобы выступаюць спажыўцамі паслугі па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі, таму што паняцце «ў мяне адходаў няма» дзеючым заканадаўствам не замацавана. Больш таго, наша жыццё цяжка ўявіць без пластыку, поліэтылену, шкла і іншых матэрыялаў. У райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падкрэсліваюць: іх няправільная ўтылізацыя не толькі стварае дадатковыя праблемы з навядзеннем парадку, а і забруджвае навакольнае асяроддзе.

Жыхарам Стоўбцаў і сельскіх населеных пунктаў, якія яшчэ не заключылі са Стаўбцоўскім АКС дагавор на вываз цвёрдых камунальных адходаў, неабходна тэрмінова звярнуцца ў абаненцкі аддзел (кантактныя тэлефоны: 5-77-10, 5-77-11, 5-77-12, 5-87-54 (участак Дзераўная). Вываз смецця ад насельніцтва каштуе 1,29 рубля з аднаго чалавека ў месяц (калі жыллё добраўпарадкаванае) і 0,92 рубля з аднаго чалавека ў месяц (калі жыллё нядобраўпарадкаванае).

Пры наяўнасці буйнагабарытнага смецця неабходна звярнуцца ў АКС, каб зрабіць заяўку на яго вываз і ўтылізацыю. Можна такія адходы даставіць на палігон у Новым Свержані і на сваім транспарце, але трэба папярэдне аплаціць у АКС паслугу па іх утылізацыі (тэл. дыспетчара – 5-82-62).

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *