Нарыхтоўка кармоў

Нумары Сельская гаспадарка

2106

СТАЎКУ ЗРАБІЛІ НА ЯКАСЦЬ

Першы ўкос траў у ААТ «Вялікі Двор» практычна завяршыўся. Сёлета касавіцу правялі больш як на 750 гектарах. У гаспадарцы нарыхтавана на ўмоўную галаву жывёлы каля пяці цэнтнераў кармавых адзінак травяных кармоў. У параўнанні з мінулым годам спрацавалі з плюсам. Заклалі ў сянажныя траншэі і закруцілі ў палімерную плёнку звыш 5,5 тысячы тон сенажу.

– Да касавіцы прыступілі напрыканцы мая, – расказвае намеснік дырэктара па раслінаводстве Генадзій Бязушка. – Так рана ўбіраць травы ніколі не пачыналі, сёлета ж тэрміны іх выспявання некалькі змясціліся. Ураджай траў вырас неблагі.

На дзень наведвання гаспадаркі (у мінулы чацвер), на сенажацях ля вёскі Асіпаўшчына шчыраваў механізаваны атрад. Корманарыхтоўшчыкі з раніцы запоўнілі і затрамбавалі на комплексе ў Вялікім Двары апошнюю сянажную траншэю з чатырох наяўных і прыступілі да закладкі ямы ў Падлессі. Работа тут была арганізавана дакладна. З новымі шыроказахопнымі касілкамі КПР-9 завіхаліся Сяргей Сенька і Анатолій Стэфаноўскі. Як падкрэслівае Генадзій Генадзьевіч, з набыццём гэтых сельгаспрылад зняліся ўсе набалелыя праблемы – касьба траў вядзецца планамерна, у патрэбных аб’ёмах. На падварушванні травы завіхаўся Фінат Саітгарэеў. На сучасным кормаўборачным камбайне рупіўся Уладзімір Пячонаў (на здымку ўверсе). Тэхнікі для адвозкі масы ў гаспадарцы дастаткова. Кузаў кожнай аўтамашыны або трактара напаўняўся літаральна за дзесяць хвілін. Пасля ўзважвання зялёны груз дастаўляўся непасрэдна на месца закладкі. На перавозцы масы заняты Уладзімір Дзянісаў, Васілій Лучык, Васілій Панкратаў, Дзмітрый Гаўрык, Раман Стэфаноўскі, Аляксандр Старадубаў, Сяргей Заранка, Аляксандр Швагерус, Аляксандр Еўтух. Трамбавалася маса кругласутачна. Днём гэтую работу выконвалі Генадзій Райскі і Мікалай Тарабэш (на здымку ўнізе), а ноччу – Іван Цімашэнка.

Як расказвае Генадзій Бязушка, у параўнанні з мінулым годам плошчу пад сенажацямі павялічылі на 150 гектараў. Правялі перазалужэнне сенажацяў і пашаў. Зааралі ўчасткі травы, якія выкарыстоўваліся больш як па пяць гадоў. Угнаілі глебу і пасеялі люцэрну, бабова-злакавыя сумесі. Трава адрастала інтэнсіўна і набрала неблагую масу.

– Сёлета стаўку зрабілі на якасць кармоў, – падкрэслівае кіраўнік раслінаводчай галіны, – карэнным чынам змянілі тэхналогію іх нарыхтоўкі. А іменна, скасілі траву крыху раней фазы, неабходнай для ўборкі. У такіх кармах утрымліваецца менш клятчаткі, а больш пераварваемага пратэіну, які так патрэбен жывёле. І калі нават танаж травы будзе меншы, затое выйграем за кошт яе пажыўнасці. Пастараемся больш пакласці травяных кармоў менавіта ў сянажныя траншэі. Для нашага пагалоўя гэта аптымальны варыянт. Запрасуем пэўную колькасць і ў стрэйч-плёнку. Мы разлічвалі на вышэйшую ўраджайнасць, бо належным чынам падкармілі сенажаці. Аднак не зусім паспрыяла надвор’е, і травы асабліва ў рост не пайшлі. Набралі густую масу за кошт кушчэння. Так адбываецца, калі ў глебе дастаткова вільгаці, а тэмпература паветра нізкая. Аднак лічу, што кармавое поле аддзячыла нам няблага і з першага ўкосу нарыхтавалі амаль палову запланаванай колькасці сенажу для жывёлы.

Пакуль што корманарыхтоўшчыкам не ўдалося закласці сена, хоць і скасілі адведзеныя дзеля гэтага плошчы. У працэс нечакана ўнесла карэктывы надвор’е, таму прыйшлося пакласці правяленую масу ў траншэі. Разлічваюць насушыць сена з другога ўкосу. Аб гэтым паклапаціліся загадзя і своечасова падкармілі скошаныя ўчасткі.

– Пакуль усё складваецца няблага, – падвёў рысу сказанаму кіраўнік раслінаводчай галіны. – Ёсць спадзяванні на кукурузу і робім неабходныя захады, каб атрымаць неблагую ўраджайнасць гэтай культуры. Галоўнае – яе вырасціць. Дарэчы, для закладкі сіласнай масы сёлета будуць пабудаваны новыя сіласныя траншэі, пад якія ўжо падрыхтавана пляцоўка.

Кармоў у таварыстве ў любым выпадку пастараюцца закласці больш. І абавязкова з пераходным фондам, як і ў мінулыя гады. Нарыхтаваны трывалы запас кармоў дазволіць жывёлаводам і ў далейшым атрымліваць высокія паказчыкі. Стабільна плюсаваць па надоях малака і мець важкія прывагі буйной рагатай жывёлы.

 

РАДУЮЦЬ «МАЛАДЫЯ» СЕНАЖАЦІ

З першага ўкосу ў ААТ «Рубяжэвічы» плануюць нарыхтаваць каля васьмі з паловай тысяч тон сенажу. А таксама насушыць (а сіноптыкі прагназуюць у бліжэйшыя дні спрыяльнае надвор’е) і пэўную колькасць сена. Варта згадаць, што летась калектыў таварыства выйшаў пераможцам не толькі раённага, а і абласнога спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў. Сёлета справы таксама ладзяцца. На ўмоўную галаву жывёлы ўжо прыпадае па сем з паловай цэнтнераў кармавых адзінак, а нарыхтоўка працягваецца. Падкошваюцца насеннікі канюшыны і пашы. Такім чынам, дадаткова зялёная маса збярэцца прыкладна з двухсот гектараў. Пасеялі 20 гектараў сорга, якое паступова адрастае. Кіраўніцтва гаспадаркі асабліва радуюць травы, якія выкарыстоўваюцца другі і трэці гады. Пасля дажджу травастой на іх высокі, густы.

Работа ідзе спарней дзякуючы зладжанай рабоце кормаўборачнага атрада. На падборы зялёнай масы заняты Сяргей Лабун, Юрый Янкоўскі і Уладзімір Маргаўнічы, якія працуюць на кормаўборачных камбайнах. Сёлета купілі новую дзевяціметровую касу, якую даручылі Анатолію Рамэйку. Разам з ім косяць траву Аляксей Гусарэвіч, Алег Шышка і Анатолій Мішук. Новымі граблямі варушыць зялёную масу Сяргей Кажамяка, у пары з ім працуе Эдуард Неўмяржыцкі.

На адвозцы зялёнай масы задзейнічаны чатыры велікагрузныя МАЗы. І столькі ж прычэпаў ПІМ, з дапамогай якіх можна за адзін раз перавозіць да двацаццаці тон правяленай травы. На завяршаючым этапе, трамбаванні зялёнай масы ў траншэі, шчыруюць Антон Какошын, Уладзімір Круглік і Антон Чэрнік. Работнікі стараюцца забяспечыць грамадскі статак на зімоўку якаснымі кармамі, каб павялічылася вытворчасць малака, адначасова і большай у гаспадарцы стала грашовая выручка.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *