Вандалы на возеры

Добраўпарадкаванне Нумары

Паўсюдна на Стаўбцоўшчыне зоны масавага адпачынку на вадзе, дзякуючы намаганням прадпрыемстваў і арганізацый раёна, сустракаюць усіх, хто там адпачывае, добраўпарадкаванымі. Аднак гатоўнасць некаторых з іх да сезона ўжо «падкарэкціравалі»… вандалы.

Пасля знаёмства з іх ганебнымі дзеяннямі ў першую чаргу думаецца аб тым, як адшукаць вінаватага, каб паглядзець яму ў вочы і выказаць грамадскую ганьбу, спагнаць з яго ўсе нанесеныя страты і, пажадана, – у павышаным памеры. Каб правучыць нахабных «смельчакоў» па поўнай праграме.

Мяркуйце самі: сезон адпачынку толькі пачынаецца, а на пляжы на гарадскім возеры вандалы паспелі перакуліць туалет. Проста расправіліся з надземнай яго часткай, якая стаяла ў выглядзе доміка, прыгожа пафарбаваная, і з’яўлялася для адпачываючых такой жа неабходнасцю, як і раздзявалка, месца для курэння, урна для збору смецця і т. п. Усё, чым абсталяваны пляж, гэта, без сумнення, неабходнасць.

Не абыходзіцца без «сюрпрызаў» і на папулярнай не толькі сярод мясцовых жыхароў, а і мінчан, зоне адпачынку на рацэ Нёман паблізу дзіцячага аздараўленчага лагера «Церамок». Ад масавага наплыву людзей кантэйнерная пляцоўка там заўсёды поўная. Апошні раз пакеты са смеццем не палічылі патрэбным нават паднесці да кантэйнернай пляцоўкі, а пакінулі прама пад соснамі, там, дзе адпачывалі. Сорам!..

Вандалы адшукаліся, на жаль, і ў парку «Дружба народаў», дзе з мінулага года працуе папулярная ў стаўбчан дзіцячая гульнявая пляцоўка. У парку іх дзеянні ўвогуле падобныя на дыверсію, таму што на арэлях, на якіх раскручаны гайкі, можна траўміравацца.  

Варта заўважыць, што названыя аб’екты трапляюць у так званы спіс вандалізму не першы раз. Чаму б не абсталяваць іх фотапасткай?..

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

У сувязі са зменай тэлефонных нумароў у Стаўбцоўскім АКС па пытаннях заключэння дагавораў на вываз цвёрдых камунальных адходаў неабходна тэлефанаваць у абаненцкі аддзел па нумарах 7-91-24 і 7-91-22, 7-82-62 (дыспетчарская).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *