Не ўкрадзі

Кантроль, бяспека Нумары

«ТАЙНА» БРЫГАДЗІРА

Раённым аддзелам Следчага камітэта ў бягучым годзе завершаны дзве крымінальныя справы, якія ўзбуджаны паводле артыкула 427 КК Рэспублікі Беларусь у адносінах да брыгадзіраў дзвюх малочна-таварных фермаў прыватнага прадпрыемства «Профі-Аграцэнтр».

У ходзе следства ўстаноўлена, што брыгадзіры, якія з’яўляюцца матэрыяльна-адказнымі асобамі і надзелены правамі выканання арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, з мэтай пазбегнуць матэрыяльнай і дысцыплінарнай адказнасці за павялічаны падзеж маладняку буйной рагатай жывёлы ў перыяд з 01.02 .2016 па 31.12.2016 уносілі заведама няправільныя звесткі ў штомесячныя справаздачы аб руху жывёлы на фермах, ва ўліковыя дакументы, якія ў далейшым перадавалі ў бухгалтэрыю прадпрыемства.

Падзеж жывёлы гэтыя брыгадзіры ўтойвалі шляхам перапісвання інвентарных нумароў мёртвых цялят з ведамасці за адзін справаздачны перыяд у ведамасць за другі справаздачны перыяд, а таксама пры складанні дакументаў аб рэалізацыі жывёлы сваім работнікам.

Згодна з паказаннямі брыгадзіраў устаноўлена, што падзеж жывёлы адбываўся па прычыне неналежных умоў утрымання пагалоўя. Гэтая акалічнасць засталася без увагі з боку галоўнага ветурача, заатэхнікаў, якім было дакладна вядома аб умовах утрымання маладняку і колькасці яго падзяжу.

Акрамя таго, як расказалі работнікі фермаў, нягледзячы на парушэнне санітарных правіл, трупы цялят былі закапаны імі па распараджэнні брыгадзіраў паблізу будынка фермы, прычым без зняцця скуры, анатаміравання, што можа прывесці да антысанітарыі і распаўсюджання інфекцыі.

Усе гэтыя факты сведчаць пра адсутнасць з боку кіраўніцтва прадпрыемства неабходнага кантролю за падначаленымі службовымі асобамі, а таксама пра адсутнасць зацікаўленасці ў скарачэнні выдаткаў пры ажыццяўленні фінансава-гаспадарчай дзейнасці.

Мікалай СКРЫГАН, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта

 

ВЕЛАСІПЕД… У СВАБОДНЫМ ДОСТУПЕ

Дзевяць з 14-ці крадзяжоў веласіпедаў, зафіксаваных у раёне ў бягучым годзе, адбылося шляхам свабоднага доступу да іх. Палова крадзяжоў – у начны час. Устанавіць злачынцу ўдалося толькі ў адным выпадку.

У горадзе веласіпеды ўкрадзены з пад’ездаў шматпавярховых дамоў, агульнага балкона і дваровай тэрыторыі, тэхнічнага памяшкання арганізацыі. У сельскай мясцовасці пяць веласіпедаў былі выкрадзены разам з іншай маёмасцю.

У пераважнай большасці выпадкаў пацярпелыя пакінулі іх без нагляду, без замкоў і іншых прыстасаванняў блакіроўкі, чым не забяспечылі іх належную захаванасць. Акрамя таго, нярэдка паведамленні ў міліцыю аб крадзяжы веласіпеда паступаюць праз некалькі сутак, што значна ўскладняе пошук злачынцы.

У сувязі з праблемай крадзяжоў веласіпедаў нагадваем грамадзянам аб пільнасці і выкананні неабходных мер перасцярогі. Так, нельга пакідаць веласіпед на вуліцы нават на непрацяглы час, абавязкова трэба фіксаваць яго да якой-небудзь агароджы, прычым не толькі раму, але і адно з колаў. Па магчымасці можна ажыццявіць маркіроўку веласпеда ў спецыялізаванай арганізацыі. Неабходна захоўваць дакументы аб пакупцы веласіпеда, перапісаць нумары дэталяў, сфатаграфаваць веласіпед.

Калі здарыўся крадзеж веласіпеда, неадкладна паведамляйце ў дзяжурную часць міліцыі па тэл. 102.

Сяргей ПАЛЬЧЫК, намеснік начальніка аддзела аховы правапарадкуі прафілактыкі РАУС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *