Змяні рызыкоўныя паводзіны

Медыцына Нумары

Штогод у трэцюю нядзелю мая праводзіцца дзень памяці памерлых ад СНІДу. У бягучым годзе дэвізам дня памяці стаў заклік «Спынім СНІД разам», як заклік далучыцца да масавага руху па ўсім свеце і пакласці канец эпідэміі ВІЧ-інфекцыі.

У нашым раёне ў рамках дня памяці праведзены вучоба ідэалагічнага актыву раёна, выступленні ў працоўных калектывах і іншыя інфармацыйна-асветніцкія мерапрыемствы. У горадзе валанцёры раздавалі календары, падрыхтаваныя раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. У храмах прайшлі памінальныя богаслужэнні.

За чатыры месяцы бягучага года сярод насельніцтва Стаўбцоўскага раёна зарэгістраваны тры новыя выпадкі ВІЧ-інфекцыі, паказчык захваральнасці склаў 7,55 выпадка на 100 тысяч насельніцтва і павялічыўся ў адносінах да такога ж перыяду мінулага года ў 1,5 раза.

У эпідэмічны працэс часцей уцягнуты старэйшыя ўзроставыя групы насельніцтва. Так, 66,7 працэнта з ліку зарэгістраваных за студзень–красавік 2017 года складаюць асобы старэй за 40 гадоў. Сярэдні ўзрост наноў выяўленых ВІЧ-пазітыўных складае 36 гадоў.

Усе выяўленыя інфіцыраваліся палавым шляхам. Гэта дае падставы зрабіць вывад, што на сучасны момант прафілактыка ВІЧ-інфекцыі павінна быць накіравана на змяненне рызыкоўных паводзін на бяспечныя, фарміраванне адказных адносін да свайго здароўя.

Папярэдзіць інфекцыю можна, захоўваючы такія правілы: не ўжываць ін’екцыйныя наркотыкі, пазбягаць выпадковых палавых кантактаў, захоўваць вернасць аднаму партнёру, татуіроўкі, пірсінг і іншыя інвазійныя працэдуры праводзіць толькі ў спецыялізаваных установах, карыстацца толькі індывідуальнымі прадметамі асабістай гігіены, своечасова звяртацца па медыцынскую дапамогу ў выпадку запаленчых працэсаў рэпрадуктыўнай сістэмы і інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам.

Прайсці абследаванне на ВІЧ, у тым ліку ананімнае і бясплатнае, можна ў любой дзяржаўнай установе аховы здароўя, дзе ёсць працэдурны кабінет. Можна звяртацца ў Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя па адрасе: г. Мінск, вул. К. Цэткін, 4 (кантактны тэлефон (8-017) 321-22-68), у працэдурны кабінет райпаліклінікі па адрасе: г. Стоўбцы, вул. Ленінская, 164. На платных умовах (у тым ліку ананімна) можна здаць аналіз у прыватных медыцынскіх цэнтрах.

Ірына ПЯТРОВІЧ, загадчыца аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *