Гран-пры – заслужанаму аркестру «Віціны»

Культура Нумары

Заслужаны духавы аркестр «Віціны» г. Стоўбцы пад кіраўніцтвам Аляксандра Нічыпаровіча прадаўжае славіць Стаўбцоўшчыну сваімі яркімі перамогамі на конкурсах.

Каб трапіць на ІІІ Міжнародны конкурс духавой музыкі «Беларускія фанфары», духавым аркестрам патрэбна было прайсці адборачны тур, які праводзіла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Конкурс праводзіцца раз у тры гады і з’яўляецца прэстыжным музычным спаборніцтвам. Заслужаны аркестр «Віціны» вытрымаў адборачны тур з правам удзелу ў конкурсе. На фестываль у Баранавічы прыбылі духавыя аркестры з шасці краін – Расіі, Латвіі, Украіны, Малдовы, Польшчы і Беларусі.

Фестываль пачаўся ўрачыстым шэсцем духавых аркестраў па вуліцах горада. На галоўнай плошчы адбыўся плац-канцэрт духавых аркестраў. Удзельнікам фестывалю было вельмі прыемна бачыць шматлікіх аматараў духавой музыкі – здавалася, што на плошчу выйшаў увесь горад. Пастаянным спадарожнікам аркестра «Віціны» з’яўляецца ўзорны ансамбль мажарэтак «Феерыя» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, які ўпрыгожвае аркестр. На гэты раз акрамя конкурснай праграмы былі падрыхтаваны яркія канцэртныя нумары. Выкладчык школы мастацтваў Сяргей Лубчонак выканаў інструментальны твор на нацыянальных народных інструментах – акарыне, дудзе, жалейцы. Яшчэ адным яркім нумарам было выступленне разам з аркестрам вакальнай групы ў складзе Дзмітрыя Слесарчыка, Віталя Чарняўскага, Сяргея Хамко і цымбалісткі Алены Лубчонак.

На наступны дзень праходзіла праслухоўванне аркестраў. У складзе журы былі аўтарытэтныя спецыялісты ў свеце мастацтва – народны артыст Беларусі Міхаіл Берсан, прафесар духавой музыкі Аляксандр Карацееў, кампазітар, прафесар музыкі Ігар Мангушаў і іншыя вядомыя дзеячы мастацтваў. Аркестр «Віціны» прадставіў праграму ў інструментальным жанры. Гран-пры конкурсу журы прысудзіла прафесіянальнаму губернатарскаму духавому аркестру з Ніжняга Ноўгарада. У намінацыі непрафесійныя дзіцячыя аркестры лаўрэацкі дыплом ІІ ступені атрымаў аркестр «Віціны».

Сяргей Лубчонак быў удастоены ўзнагароды за высокае выканальніцкае майстэрства і папулярызацыю нацыянальных народных інструментаў. Узорны ансамбль мажарэтак «Феерыя» пад кіраўніцтвам Кацярыны Жук атрымаў лаўрэцкі дыплом. Вялікі ўклад у паспяховым выступленні аркестра канцэртмайстра Уладзіміра Сошкі.

Следам за гэтым фестывалем заслужаны аркестр «Віціны» з’ездзіў на VІ Рэспубліканскі конкурс духавой музыкі імя Дабравольскага «Спадчына» пры арганізацыйнай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Саюза музычных дзеячаў. Прафесіяналізм лепшых духавых аркестраў з Беларусі (у конкурсе прынялі ўдзел восем калектываў) ацэньвала тое ж прафесіянальнае журы, што і на Міжнародным конкурсе ў Баранавічах. Аднагалосна члены журы прынялі рашэнне аб прысуджэнні заслужанаму духавому аркестру «Віціны» г. Стоўбцы гран-пры. У сольных выступленнях лаўрэацкага дыплома ІІ ступені ўдастоены Павел Ажгірэвіч, лаўрэацкіх дыпломаў ІІІ ступені – Назар Папкоўскі, Ян Пракаповіч, Мацвей Пракаповіч. Арцём Маскаленчык узнагароджаны граматай за паспяховае выступленне на конкурсе. Усе яны – вучні Аляксандра Нічыпаровіча.

У падрыхтоўцы да конкурсаў была праведзена вялікая работа ў складаных умовах: з-за недахопу плошчаў аркестру пастаянна даводзілася шукаць месца для рэпетыцый.

Хоць і пачаліся летнія канікулы, кіраўніцтва, педагогі, вучні духавога аддзялення жывуць актыўным творчым жыццём. Ідзе падрыхтоўка да Міжнароднага конкурсу-фестывалю духавой музыкі ў польскім горадзе Лобез. 3 ліпеня заслужаны духавы аркестр «Віціны» выступіць на раённым свяце з нагоды Дня Незалежнасці.

Загадчык духавога аддзялення Аляксандр Нічыпаровіч думае ўжо і пра новы навучальны год і звяртае ўвагу бацькоў на тое, што 29-30 жніўня яны могуць прывесці сваіх дзяцей у Стаўбцоўскую дзіцячую школу мастацтваў на праслухоўванне для залічэння на вучобу на аддзяленне духавых інструментаў. Гэта адно з самых папулярных аддзяленняў, у 2016/2017 навучальным годзе на ім займаліся 120 вучняў.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *