Бліжэйшыя выхадныя дні – незвычайныя. Стоўбцы адзначаюць дзень горада. Гэта стала нагодай спытаць у стаўбчан: што значаць Стоўбцы ў іх жыцці, у іх асабістым лёсе?
Мікалай ПАРХІМОВІЧ, стаўбчанін:
– Уся мая працоўная дзейнасць пасля службы ў арміі была звязана са Стоўбцамі і нашым раёнам. Яшчэ з часу маёй працы на пасадзе старшыні райвыканкама ў мяне выпрацаваўся навык нераўнадушна адносіцца да ўсяго, што адбываецца ў нашым горадзе. Мяне радуе тое, што апошнім часам горад расквеціўся новымі пабудовамі, прыемна, што добраўпарадкуецца парк, што ён збірае дзяцей на гульнявыя пляцоўкі. Жадаю майму гораду, каб ён і надалей развіваўся, разрастаўся, абагачаўся нараджэннямі, вяселлямі, наваселлямі і іншымі шчаслівымі падзеямі для кожнай стаўбцоўскай сям’і.
Аляксандра ГЛУШКО, аператар камп’ютарнага набору рэдакцыі:
– Мы – карэнныя стаўбчане: тут нарадзіліся мае прадзеды, прабабуля, бабуля, мама, я. З дзяцінства ў мяне засталося пачуццё дарагога роднага месца, асабліва гэта адчувалася падчас прыездаў да бабулі. У Стоўбцах жыве шмат нашых родных і блізкіх, многія пахаваны на мясцовых могілках. У мяне заўсёды было пачуццё гордасці, што стаўбцоўская зямля з’яўляецца радзімаю Якуба Коласа. Захапляюся мясцовай прыродай. 20 гадоў пражыўшы ў Мінску, я стамілася ад жыцця ў мегаполісе. Ніколі не думала, што вярнуся назад дамоў. Аднак мы з сям’ёю пераехалі ў Стоўбцы на пастаяннае месца жыхарства, і я рада.
Ілля РУСЕЦКІ, курсант кадэцкага вучылішча:
– Я прыехаў на канікулы. З вялікім задавальненнем гуляю па вуліцах горада. Для мяне горад утульны, чысты. Ён мне дарагі тым, што тут у мяне шмат сяброў, мы часта сустракаемся. На летніх канікулах у мяне будзе час наведваць трэнажорную залу, папрактыкавацца, падмацаваць сваю фізічную падрыхтоўку. Для мяне Стоўбцы застаюцца самым лепшым горадам у свеце. І няхай гавораць, што ён малы, з недасканалай інфраструктурай, нішто не перашкодзіць мне яго любіць і даражыць сваёй радзімай.
Дзіяна БАГДАНОВІЧ, вучаніца СШ № 3, 11 гадоў:
– Я нарадзілася ў Стоўбцах. І куды б я ні паехала, калі вырасту, я буду наведваць мой родны горад, буду ўспамінаць шмат прыемных момантаў з майго дзяцінства. Мы з сяброўкамі вельмі любім хадзіць у парк, на пляцоўку. У нас цяпер шмат для гэтага часу на летніх канікулах. Мне вельмі хочацца, каб наш горад быў чыстым, каб людзі не забруджвалі прыроду, каб было шмат кветак на клумбах. Яшчэ я хачу, каб у нашым горадзе былі толькі добрыя людзі, каб яны ўсміхаліся адзін аднаму, каб не было панурых твараў, каб усе жылі мірна і дружна. І каб было многа сонечных дзён.
Георгій ЧЫНЕВІЧ, пенсіянер:
– У Стоўбцах мае радавыя карані – тут нарадзіліся мае бацькі, прабацькі і я сам. Таму гэта не геаграфічная кропка на карце, а цэлы свет некалькіх пакаленняў, якія прайшлі праз усе падзеі некалькіх стагоддзяў. Што значыць для мяне мой горад, магу выказаць у такім параўнанні. Некалі на цаліне перад сном у маіх вачах стаялі краявіды майго горада, а раніцай прачнуся – голы стэп. Да слёз было балюча. Усё сталае маё жыццё прайшло ў Стоўбцах. Горад мне падабаецца, жыць у ім спакойна і радасна. Каб не было горш, няхай будзе толькі лепш.
Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота аўтара і Васіля ЗЯНЬКО