На віціне – па Нёмане, ці Больш ініцыятывы ў стварэнні іміджу

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

2406d

СТОЎБЦЫ – ГЭТА…

(паводле вулічных і інтэрнэт-апытанняў)

Пры згадванні Стоўбцаў у людзей узнікаюць асацыяцыі з радзімай Якуба Коласа, курортным горадам, турбазай «Высокі бераг», чыгуначным вакзалам, легендамі пра ўзнікненне горада, саборам святой Ганны, Чартарыйскімі-Слушкамі-Радзівіламі, стаўбцоўскімі людзьмі-майстрамі.

На пытанне «Што б вы паказалі сваім замежным гасцям?» стаўбчане адказалі: філіялы музея Якуба Коласа, турбазу, музей «Дзяржынава», запрасілі б у велавандроўку па раёне, у Рубяжэвічы, на гістарычную забудову на плошчы Леніна, на Нёман, Кромань.

На пытанне «Чаго не хапае ў Стоўбцах для развіцця турызму?» адказы былі такія: рэкламы, фінансаў, абазначанага цэнтра горада, краязнаўчага музея, турыстычных маршрутаў.

На пытанне «Што трэба зрабіць, каб турысты ехалі да нас?» прагучала: шанаваць даўніну, ствараць адметныя фэсты і фестывалі.

Напярэдадні Дня горада, які сёлета ў Стоўбцах адзначаецца ўпершыню, раённая арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!» арганізавала ток-шоу на тэму: «Турыстычныя Стоўбцы. Чым мы адметныя?» Ініцыятыва атрымала грамадскі рэзананс і шырокую падтрымку.

Паўдзельнічаць у абмеркаванні прыйшлі пасля працоўнага дня нераўнадушныя да свайго горада стаўбчане, прадстаўнікі розных прафесій і ўзростаў, якіх хвалюе будучае стаўбцоўскага краю. Таксама адгукнуліся на запрашэнне прадстаўнікі турыстычнага бізнесу, сфера інтарэсаў якіх мае непасрэднае дачыненне да нашага краю.  

Сярод гасцей сустрэчы (а яна праходзіла ў гімназіі № 1 г. Стоўбцы, у былым – польскай гімназіі, адным з цікавых у гістарычна-турыстычным плане будынкаў) – аўтар кніг і экскурсій па гісторыі Беларусі Ігар Мельнікаў з Заслаўя, менеджар і арганізатар фестывалю «У госці да лепельскага цмока» Вольга Маханенка, загадчыца аддзела маркетынгу Нацыянальнага агенцтва па турызме Ірына Гардзіенка.

– На Стаўбцоўшчыне ёсць шмат чаго паказаць, жыве нямала творчых людзей, якія, як і органы мясцовай улады, зацікаўлены ў тым, каб турызм у нас развіваўся, – адзначыла ва ўступным слове намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль. Выступоўца звярнула ўвагу на тое, што якраз ідзе стварэнне фільма пра Стаўбцоўскі раён, таму цікавыя прапановы і пажаданні, якія паступяць, могуць знайсці ў ім адлюстраванне.  

Прапаноў, а то і сапраўдных адкрыццяў, крэатыў-праектаў, прагучала нямала. Мадэратар ток-шоу Міхась Мацкевіч кожнаму даў магчымасць выказацца і нават меў клопат не дапусціць «базару», бо дыскутаваць са «скептыкам» кінуліся адразу ўсе «аптымісты». Сярод гасцей былі эксперты, якія дакладна ведаюць турыстычную галіну Беларусі, таму абагульнялі праблемы малых гарадоў і райцэнтраў, падобных на Стоўбцы, вылучалі актуальныя сучасныя тэндэнцыі. Акрамя таго, арганізатары ток-шоу падрыхтавалі відэаапытанне, што папярэдне правялі на вуліцах горада, і вынікі апытання «Укантакце». Паспрабуем прааналізаваць тое, што з усяго гэтага атрымалася.

Ад агульнага да стаўбцоўскага

Стоўбцы становяцца ўсё больш цікавымі не толькі турыстам, а і нам самім. Пра гэта гаворыць тое, што сёлета пад «напорам» грамадскага інтарэсу да гістарычнага мінулага раённы Савет дэпутатаў зацвердзіў дату заснавання Стоўбцаў – 20 чэрвеня 1593 года. У нас з’явіўся дзень нараджэння і, адпаведна, – Дзень горада. Пачалася праца па стварэнні краязнаўчага музея.

Стоўбцы, як і Беларусь, якая раней пазіцыяніравалася як «тэра інкогніта» ў цэнтры Еўропы, усё больш становяцца пазнавальнымі. У ліку самых распаўсюджаных асацыяцый з нашай радзімай – замкавыя комлексы ў Міры і Нясвіжы, якія даюць уяўленне пра нас не толькі як пра былую савецкую краіну, а як пра краіну з сярэднявечнай гісторыяй. І Мір, і Нясвіж з іх унікальнымі турысцка-экскурсійнымі аб’ектамі, уключанымі ў спіс ЮНЕСКА, суседнічаюць са Стаўбцоўшчынай. Ці не здарыцца так, што Стоўбцы, адметныя сваёй міжваеннай архітэктурай, так і застануцца ў іх цені?..

Пытанне слушнае. Па-першае, паступова ідзе трансфармацыя старой забудовы горада. Да прыкладу, яе «апранаюць» у сайдынг, ад чаго губляецца аўтэнтычны выгляд. Каб гарадкі і мястэчкі, як Стоўбцы, мелі шанц на прыцягненне турызму, неабходна рэгенерацыя гістарычнай забудововы (навукова абгрунтаваная, па міжнародных методыках), як гэта робіцца ў нашых суседзяў у Літве, Польшчы. Па-другое, да Нацыянальнага агенцтва па турызме была выказана прапанова – дапоўніць экскурсійныя маршруты ў Нясвіж, Мір заездам у Стоўбцы дзеля знаёмства з нашай міжваеннай архітэктурай. Знаўцы яе, як, напрыклад, Людміла Назаранка, здольны зацікавіць гэтай тэмай і замежных, і айчынных турыстаў.      

Пясняр ці турыстычны брэнд

Турыстычны патэнцыял Стоўбцаў надзвычай вялікі. І гэта не толькі адметная міжваенная архітэктура, якая сапраўды можа стаць брэндам горада.

Безумоўна, гэта і спадчына Якуба Коласа (даны варыянт брэнда лідзіруе паводле ўсіх апытанняў). На Стаўбцоўшчыне дзейнічаюць філіялы Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, якія прапануюць экскурсіі ў тым ліку і для замежнікаў. Але сучаснаму турысту, на думку ўдзельнікаў дыскусіі, хацелася б нечага нетрадыцыйнага і ім мог бы стаць так званы літаратурны агратурызм, калі, напрыклад, можна пажыць у часе Коласа. Чаму, да прыкладу, не пабудаваць копію акінчыцкай сядзібы (музейная сядзіба, згодна з заканадаўствам, не можа выступаць у якасці гасцініцы) і не арганізаваць для жадаючых побыт у ёй па «сцэнарыі» з «Новай зямлі»? У паэме ёсць усё: звычкі, уклад жыцця, кулінарныя традыцыі нашых продкаў, – і менавіта імправізацыяй такога ладу жыцця, упэўнены некаторыя стаўбчане, музей Коласа зможа прыцягнуць і захапіць сучасных турыстаў.  

Аднак прагучала яшчэ адно меркаванне, што культурную спадчыну рэгіёна, прадстаўніком якой, безумоўна, з’яўляецца Якуб Колас (і іншыя вядомыя імёны), увогуле нельга камерцыялізаваць шляхам стварэння з яе нейкага турыстычнага брэнда, арыентаванага на іншых. Спадчына патрэбна – у першую чаргу – нам самім.      

На ніве гісторыі цікавая і пакуль новая для нашай свядомасці «памежная» тэма. Да 1939 года Стаўбцоўшчына была брамай паміж Усходам і Захадам, у сувязі з чым Коласава, як выказаўся Ігар Мельнікаў, уяўляе сапраўдны турыстычны «кландайк». Гісторыя тут – проста пад нагамі (да прыкладу, рэшткі посуду 30-х гадоў, якім карысталіся пасажыры цягнікоў Парыж – Уладзівасток). У марах гісторыка – рэалізаваць мегапраект, якім стане турыстычны цягнік з Мінска ў Стоўбцы праз Коласава.

Турыстычны патэнцыял Стоўбцаў прапанавана разглядаць у звязцы з мястэчкамі – Новым Свержанем, Вішняўцом (Гавязной), Дзераўной, Рубяжэвічамі, Налібакамі. Кожнае з іх па-свойму ўнікальнае, з прывабнай спадчынай, якая ілюструе пераход паміж горадам і вёскай, міжканфесійнасць і нават, калі хочаце, гісторыю вайны 1812 года. Старыя забудовы мястэчкаў таксама патрабуюць рэгенерацыі (Стоўбцы, дарэчы, некалі былі мястэчкам і вялі гістарычную канкурэнцыю з Новым Свержанем за званне райцэнтра).

Пералік патэнцыяльных турыстычных брэндаў Стаўбцоўшчыны можна доўжыць. Спецыялісты раяць не гуляць іх «веерам», а выбраць адзін і распрацоўваць яго.

Ідэя выплыла з Нёмана

Стаўбцоўшчына – край нашчадкаў Якуба Коласа, а гэта значыць, людзей таленавітых, творчых. У нас можа развівацца мастацкі турызм (прыкладам служыць пленэр «Дзе льецца Нёман срэбраводны»), турызм актыўнага адпачынку (турбаза «Высокі бераг») і зялёны турызм (веласіпедная экалагічная сцяжына па тэрыторыі Кульскога і Хатаўскога лясніцтваў, паляўнічы домік на тэрыторыі Хатаўскога лясніцтва і т. п.). Свае паслугі прапануюць Стаўбцоўскае бюро падарожжаў і экскурсій, 23 аграсядзібы. Праўда, прыехаць у аграсядзібы можна паводле папярэдняй замовы, што не зусім зручна для турыста. Актыўна заяўляе аб сабе «Панскі маёнтак «Сула», аднак яго паслугі не заўсёды ўсім па кішэні.

У Стоўбцах, як і ў іншых райцэнтрах рэспублікі, турысты адчуваюць недахоп адпаведнай інфраструктуры. Адсутнічаюць, у першую чаргу, інфармацыйны цэнтр, указальнікі да аб’ектаў гісторыі. Не вырашана пытанне з прыбіральнямі. Няма месцаў, дзе можна папіць кавы, і т. п. Без укладанняў у гэтыя элементарныя рэчы турызм развівацца не будзе.

Цікавым падалося знаёмства з вопытам стварэння ўласнага турыстычнага прадукту ў Лепельскім раёне – таго самага міфалагічнага цмока, вакол якога арганізуюцца шматлікія фестывалі і збіраюцца тысячы гасцей. У Стоўбцах не «водзяцца» цмокі, але ёсць водная плынь Нёмана, і ў аснову такога прадукту магла б быць пакладзена віціна (яна змешчана на гербе нашага горада). Менавіта рэканструкцыя старажытнага карабля, на якім можна было б катацца па Нёмане і зладзіць асобны турыстычны маршрут, падаецца ідэяй, вартай увагі. Пакуль віцінкі існуюць у мініяцюрна-папяровым варыянце, створаным вучнямі гімназіі разам з настаўнікам гісторыі Таццянай Татарынец.  

Ідэі ёсць, а іх рэалізацыя ў многім залежыць ад нашай з вамі ініцыятывы, актыўнасці, гатоўнасці да сумеснай працы. А напрыканцы размовы, калі крыху пажартаваць, то ў адзін рад з вобразам віціны можна паставіць таксама слуп (магчыма, ад яго пайшла назва Стоўбцаў). Адзін амерыканец праславіўся тым, што абкладвае слупы мазаікай, а мы, стаўбчане, можам іх у сваім горадзе размаляваць і як мінімум прыцягнуць аматараў незвычайных сэлфі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *