Футбол

Нумары Спорт

ІЗНОЎ НЯЎДАЛА ПАГАСЦІЛІ

Па маршрутах футбольных камандаў можна вывучаць геаграфію Беларусі. Так, за апошнія два месяцы футбалісты «Нёман-Агра», згодна з раскладам календара гульняў чэмпіянату рэспублікі ў першай лізе, пабывалі ў Мінску, Гомелі, Оршы, Мікашэвічах. Толькі вяртанне ў Стоўбцы стала не надта вясёлым. З далёкіх паездак у капілку каманды не было дабаўлена ніводнага ачка. Такі ж бязрадасны вынік выезду стаўбчан і ў Слонім. Мясцовы калектыў узяў верх над гасцямі з лікам 3:0.

Нашы нёманцы даволі працяглы час трымаліся. Аднак за мінуту да перапынку гаспадары поля адкрылі лік. Праз пяць мінут пасля перапынку другога тайма яго падвоілі. А на 70-й мінуце быў падведзены канчатковы рахунак – 3:0 на карысць ФК «Слонім-2017».

Можа сваё поле, дзе сёння «Нёман-Агра» прымае пінскую «Хвалю», будзе спрыяць удачы. І балельшчыкі падтрымаюць наступальны парыў футбалістаў. Пакуль жа «Нёман-Агра» разам з ФК «Ліда» дзеляць перадапошняе і апошняе месцы ў турнірнай табліцы – у абедзвюх камандаў па 9 набраных ачкоў.

 

ЧЭМПІЁНЫ БЕЛАРУСІ ВЫСТУПЯЦЬ У СТОЎБЦАХ

Каманда БАТЭ з Барысава, якая ўжо некалькі гадоў запар пацвярджае званне чэмпіёнаў Беларусі па футболе, знакамітая ўдзелам у розыгрышы еўрапейскіх клубных турніраў, выступіць і ў Стоўбцах. Гэта стала вядома пасля правядзення жараб’ёўкі спаборніцтваў на Кубак Беларусі ў стадыі 1/16 фіналу.

Папярэдне футбалісты «Нёман-Агра» адолелі сапернікаў сталічнай аматарскай каманды «Сябар» з лікам 1:0. А на наступным этапе іх сапернікам стане мацнейшы клуб рэспублікі. Якім бы ні быў вынік сустрэчы, а для балельшчыкаў гэта выдатная нагода ўвачавідкі назіраць за гульнёй майстроў футбола, для ігракоў жа «Нёман-Агра» – школа майстэрства. Сустрэча адбудзецца на стадыёне «Юнацтва» 8 ці 9 ліпеня. Аб дакладным дні і часе матча мы паведамім у «Прамені».

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *