Складаныя пытанні і канкрэтныя адказы

Нумары Улада. Слова. Справа

0107b

На прыём грамадзян да старшыні Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Івана Ліпніцкага звярнуліся пяць чалавек. У ліку агучаных праблем былі традыцыйныя, звязаныя з добраўпарадкаваннем вуліц і дарог, гаварылі і пра чыстку вентыляцыйных каналаў, пра ненадзейнасць работ, якія выконваюць індывідуальныя прадпрымальнікі, і інш.

Так, Ніна Болька са Стоўбцаў (вул. Сацыялістычная, 86) расказала, як яна з 2013 года змагаецца з каналізацыйнымі сцёкамі, якія паступаюць у яе падвал. Дырэктар АКС Дзмітрый Мурын растлумачыў, што каналізацыя ў гэтым доме лакальная. Яе патрэбна падключыць да цэнтральнай. Іван Ліпніцкі, выслухаўшы зацікаўленыя бакі, даў даручэнне супрацоўнікам ЖКГ да верасня бягучага годы вырашыць пытанне падключэння да цэнтральнай каналізацыі, а цяпер з 8 да 10 гадзін раніцы і з 17 да 20 гадзін вечара павінна прыязджаць машына і адпампоўваць каналізацыю. Людзям патрэбна дапамагчы ў гэтай складанай сітуацыі.

Ніна Болька звярнула ўвагу старшыні аблсавета яшчэ на адну праблему іх дома: неабходна ва ўсім доме прачысціць вентыляцыйныя каналы (дымаходы). Пасля прыёму грамадзян камісія ў складзе старшыні абласнога Савета дэпутатаў Івана Ліпніцкага, старшыні райсавета Аркадзя Казякоўскага, старшыні райвыканкама Юрыя Горлава, намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Цывакі, дырэктара АКС Дзмітрыя Мурына наведала дом, які патрабуе рамонту.

На прыём прыйшоў і Юліян Макарэвіч, жыхар в. Задвор’е, які падняў пытанне стану паляўнічых угоддзяў на тэрыторыі раёна і работы таварыства паляўнічых і рыбаловаў раёна.

А вось Зінаіда Якімава з г. Стоўбцы прыйшла з просьбай закончыць асфальтаванне завулка Сацыялістычнага.

Міхаіл Гузоўскі падзяліўся набалелым: Мінская фірма ўстанавіла няякасныя металічныя дзверы. Знайсці фірму не ўдалося – не адказваюць на тэлефонныя званкі гаспадара дзвярэй. І раптам перад самым прыёмам грамадзян – званок з фірмы, што яны назаўтра прыедуць і ўсё паправяць.

Ніна Дубовік прыйшла на прыём да старшыні абласнога Савета дэпутатаў з прапановай вылучыць кандыдатам у дэпутаты сельскага Савета дэпутатаў прадстаўніка ад камуністычнай партыі. Іван Эдуардавіч згадзіўся з такой прапановай і пажадаў поспехаў Ніне Уладзіміраўне як сакратару раённага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі.

Усе пытанні, узнятыя падчас прыёму грамадзян, узяты на кантроль.

Падводзячы вынікі працы, Іван Эдуардавіч рэзюмаваў: «Відаць, што мясцовая ўлада пастаянна працуе са зваротамі грамадзян, трымае іх на кантролі і стараецца па меры магчымасці вырашаць».

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *