У сельгаставарыствах раёна

Нумары Сельская гаспадарка

0107e

ШЧЫРУЮЦЬ У СТАЛОВАЙ

У былым ніўнянскім фельчарска-акушэрскім пункце цяпер размяшчаецца сталовая ААТ «Налібакі Агра». Пайшоў другі сезон, як харчовы блок функцыянуе. У памяшканнях зрабілі рамонт, закупілі неабходнае кухоннае абсталяванне. Загадвае сталовай Наталля Шаламоўская (на здымку справа). Наталля Канстанцінаўна не толькі дастаўляе неабходныя прадукты, а і адначасова спалучае абавязкі повара. Яна дзявяты год шчыруе ў гэтай прафесіі, раней працавала ў сталовай ААТ «Дзераўное». Поруч з ёй рупіцца поварам Ірына Шыманец. Ірына Вячаславаўна мае стаж дваццаць сем гадоў, пераважную большасць якога напрацавала ў бальніцы. Жанчыны стараюцца і смачна кормяць работнікаў таварыства. У перыяд масавых палявых работ у сталовай харчуюцца да 70 чалавек.

Работа ў жанчын сезонная, таму астатні час, каб не перарываўся стаж, яны падпрацоўваюць у таварыстве. Ірына Вячаславаўна шчыруе на ферме – доіць кароў, даглядае маленькіх цялят. Наталля Канстанцінаўна – у дыспетчарскай.

 

СПРЫЯЮЦЬ ЯКАСНЫЯ КАРМЫ І НАЛЕЖНЫ ДОГЛЯД

Жывёлаводы ААТ «Вялікі Двор» гэтымі летнімі днямі надойваюць у сярэднім ад кожнай каровы звыш 24 кілаграмаў малака – другі паказчык сярод гаспадарак раёна.

– Генетычны патэнцыял нашага статка, пры належным кармленні і ўтрыманні кароў, дазваляе атрымліваць гадавы дзевяцітысячны надой ад каровы, і работнікі імкнуцца пакарыць гэтую вяршыню, – гаворыць галоўны заатэхнік Міхаіл Мікуліч. – Сёлета забяспечылі каровам паўнацэнны рацыён, які ўтрымлівае ўсе неабходныя мінеральныя рэчывы. У выніку істотна прыбавілі ў вытворчасці малака. У прыватнасці, на МТФ «Вялікі Двор», дзе рагулям створаны камфортныя ўмовы, штодзённы надой зараз складае каля 27 кілаграмаў. Каровы тут не пасвяцца, а знаходзяцца на беспрывязным утрыманні. Жывёла мае свабодны доступ да кармоў, якія завозяцца ёй па пяць-шэсць разоў на дзень. Вытворчае падраздзяленне па выніках работы за паўгоддзе лідзіруе сярод малочнатаварных фермаў раёна.

Камбікармы ў таварыстве вырабляюць самі. Дзеля гэтага заказваюць спецыяльную машыну. Па словах Міхаіла Барысавіча выходзіць ён у два разы таннейшы, за той, што куплялі на камбікормавым заводзе. Ды і ўтрыманне пратэіну ва ўласных камбікармах вышэйшае, што станоўча адбіваецца на вытворчасці малака. Кожны дзень на Барысаўскі малакаперапрацоўчы завод «Здравушка» з малочнатаварных фермаў таварыства адгружаецца прыкладна 23 тоны высакаякаснай прадукцыі, а гэта каля чатырнаццаці тысяч рублёў выручкі. У гаспадарцы сярэдняя цана рэалізацыі малака амаль у два разы перакрывае затраты на вытворчасць адной яго тоны. Таму і рэнтабельнасць прадукцыі ў ліку самых высокіх – звыш 80 працэнтаў. Сабекошт адной тоны малака складае каля 300 рублёў.

Для паляпшэння ўмоў утрымання кароў на МТФ «Асіпаўшчына» праводзіцца рэканструкцыя. Замяняецца стойлавая агароджа, манціруецца новае водапаенне, рэстаўрыруецца малакаправод. Робіцца ўсё для таго, каб жывёле было камфортней. Якасныя кармы, належны догляд і ўтульныя «кватэры» паспрыяюць павелічэнню надояў.

Палепшылася якасць малака. Практычна ўся рэалізаваная на малаказавод прадукцыя залічваецца перапрацоўшчыкамі гатункам «экстра». Гэта дадатковая крыніца папаўнення фінансаў. На рахунку таварыства заўжды ёсць грошы, што дазваляе набываць новую тэхніку, запасныя часткі, без праблем купляць мінеральныя ўгнаенні, сродкі абароны раслін і г.д. Зразумела, і своечасова выплачваць заработную плату. Варта згадаць, што сярэдняя зарплата ў гаспадарцы самая высокая ў раёне.

Змянілі ў таварыстве тэхналогію нарыхтоўкі травяных кармоў. Яны сталі больш якаснымі, што напрамую звязана з павелічэннем вытворчасці малака і мяса.

Ялавічына ў гаспадарцы таксама рэнтабельная, нягледзячы на некаторыя існуючыя праблемы. Рэалізоўваюць укормленых быкоў на мясакамбінаты самымі высокімі катэгорыямі: «супер», «прыма» і «экстра».

На комплексе па адкорме буйной рагатай жывёлы «Вялікі Двор» утрымліваецца каля 3800 галоў жывёлы. Па выніках работы калектыў у ліку дваццаці пяці лепшых комплексаў рэспублікі і працягу многіх гадоў не страчвае заваяванай пазіцыі.

– Працуе наша вытворчае падраздзяленне стабільна, – гаворыць брыгадзір Анатолій Тарабэш. – З травянымі кармамі праблем наогул не існуе, і сёлета закладуць іх дастатковую колькасць. І ў якасці сумнявацца не прыходзіцца. Тэхналогія закладкі вытрымана, тэмпература ў межах нормы. Збожжа і зерня кукурузы з году ў год вырошчваецца дастаткова. Для быкоў на заключным адкорме бесперабойна завозіцца брага – да 20 тон у дзень. Паліваем ёю кармы, што спрыяе лепшаму паяданню, а значыць і павелічэнню сярэднясутачных прываг. Прыбывае жывёла штодзень па 900 грамаў.

Людзі ў таварыстве працуюць сумленныя, старанныя. Яны выконваюць усе распараджэнні кіраўніцтва гаспадаркі, таму і ладзяцца ў згуртаваным калектыве малочныя і мясныя справы.

 

ПАДАРУНАК РУПЛІВАМУ КАЛЕКТЫВУ

Кіраўніцтвам ААТ «Вішнявецкі-агра» быў аб’яўлены і праведзены конкурс на лепшае добраўпарадкаванне тэрыторый фермаў. Першае месца было прысуджана МТФ «Мархачоўшчына № 2», узначальвае якую брыгадзір Алена Войніч. Алена Мікалаеўна праявіла ініцыятыву, а яе падначаленыя з задавальненнем узяліся за справу. Яны па-майстэрску аблажылі клумбу, агарадзілі яе камянямі, якія пафарбавалі. Умельцы сплялі з лазы карзіну і паставілі пасярэдзіне клумбы. Жанчыны пасадзілі ў яе петуніі. Дарэчы, уся клумба была засеяна рознымі кветкамі. Камісія, якая ацэньвала конкурс, аднадушна аддала перамогу гэтаму рупліваму калектыву. Ад кіраўніцтва таварыства жывёлаводы атрымалі падарунак.

Другое месца за жывёлаводамі МТК «Вішнявец», трэцяе прысуджана работнікам МТФ «Вішнявец», чацвёртае – калектыву фермы «Мархачоўшчына №1».

 

ЯКАСЦЬ У МАІ

За пяць месяцаў бягучага года гаспадаркамі раёна адгружана на малаказаводы 33964,4 тоны малака ў заліковай вазе. Гатункам «экстра» перапрацоўшчыкамі залічана 22357,7 тоны, вышэйшым – 10908,4 тоны, першым – 698,3 тоны. Не рэалізавалі ніводнай тоны найвышэйшым гатункам жывёлаводы СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», зменшыўся паказчык у ААТ «Дзераўное», «Рочавічы», «Шашкі». І ў той жа час падцягнуліся ў мінулым месяцы работнікі малочных цэхаў ААТ «Рубяжэвічы», «Радзіма Якуба Коласа» і «Жацерава». У цэлым якасць малака па раёне застаецца практычна на ўзроўні. Тлустасць знізілася на 0,4 працэнта.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *