Падружыцца з «Праменем»

На сувязі - рэдакцыя Нумары

0107f

На мінулым тыдні на Стаўбцоўшчыне прайшоў абласны і раённы Дзень падпісчыка. Лідарам сярод падпісных выданняў на трэці квартал бягучага года стаў, як заўсёды, «Прамень» – падпіску на яго аформілі ў гэты дзень у гарадскім аддзяленні паштовай сувязі каля трох дзясяткаў чалавек.

Працягнуць падпіску на раённую газету прыйшлі нашы даўнія чытачы, і ім хочацца сказаць за моцную дружбу нешматслоўна, але ад душы вялікі дзякуй! Яскравым прыкладам нашага сяброўства можа служыць стаўбчанін Раман Кавецкі, які, бадай, не прапусціў, ніводнага дня падпісчыка. Можна сказаць, што ён заўсёды сярод тых, хто пунктуальна адкрывае яго, і робіць гэта грунтоўна – не «разменьваецца» на квартал, а падпісваецца адразу на паўгоддзе. Так было і на гэты раз.

Прыемна, што побач са сталымі падпісчыкамі афармлялі падпіску на «Прамень» і маладыя стаўбчане, у прыватнасці жыхары самай новай вуліцы райцэнтра – вуліцы Міру. На іх мы ўскладаем асаблівыя надзеі, таму заклікаем: давайце разам будзем працаваць над тым, каб «раёнка» была дарадцай, спадзевам у вырашэнні праблем, чаканым «праменем» дабра і шчасця ў кожнай кватэры вашага шматпавярховага мікрараёна! Што гэта можа быць менавіта так, праверана не адным дзесяцігоддзем і не адным пакаленнем нашых падпісчыкаў.

У «раёнкі» заўсёды была і застаецца асаблівая місія, але не менш важная яна і ў нашых верных саюзнікаў – паштовых работнікаў. У Дзень падпісчыка ў гарадскім аддзяленні сувязі бліжэй за ўсіх была да кліентаў аператар сувязі Ганна Сайкоўская. Камп’ютарнае месца маладога аператара было абсталявана непасрэдна ў зале. Зручна, таму і кліентаў да яе было нямала. Абслугоўвала хутка, з усмешкай, хоць для Ганны гэта ўвогуле першы такі вопыт. На пошце яна толькі пачынае сваю працоўную біяграфію. Некалькі тыдняў таму прыступіла да самастойнай працы, а да гэтага на працягу трох месяцаў была ў ролі вучаніцы. «Дапамагала з асваеннем абавязкаў мая калега і цёзка – Ганна Стаяновіч», – расказвае Ганна Сайкоўская. І дадае, што пасля заканчэння каледжа працягвае вучыцца – на другім курсе завочнага аддзялення Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, атрымлівае сучасную спецыяльнасць – «Маркетынг і лагістыка».

У Дзень падпісчыка Ганна ўручае падпісчыкам прызы, прадастаўленыя рэдакцыяй раённай газеты, раённым вузлом паштовай сувязі. Падпісчыкі адказваюць узаемнасцю – шчырым дзякуй, пажаданнямі добрага дня і плённай работы. У размовах з нашымі чытачамі, якія падказваюць тэмы для будучых публікацый, мы разумеем, што яны чытаюць раённую газету ўважліва, ад першай да апошняй старонкі, не выпускаюць з поля зроку ніводнага нумара. І мы, са свайго боку, будзем імкнуцца падтрымліваць іх давер і чытацкі інтарэс актуальнымі і цікавымі матэрыяламі, адметнымі дызайнам і вёрсткай газеты.

Па добрай традыцыі напрыканцы Дня падпісчыка ў гарадскім аддзяленні паштовай сувязі прайшоў розыгрыш пяці бясплатных экзэмпляраў газеты «Прамень». Сярод шчасліўчыкаў на гэты раз аказаліся сем’і стаўбчан – Покаў (вуліца Сацыялістычная), Кавецкіх (вуліца 17 Верасня), Шыраноў (вуліца Энгельса), Прыхожкаў (вуліца Міру), а таксама сям’я Клімовічаў са Сцяцкоў. Віншуем пераможцаў! Усім нашым чытачам жадаем заставацца з «Праменем». Калі вы яшчэ не аформілі падпіску на раённую газету на трэці квартал бягучага года, раім паспяшацца на пошту. Падпісацца можна і непасрэдна ў паштальёна.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *