Грамадства

Нумары Соцыум

0107h

І РОЎНЫЯ, І ЗДОЛЬНЫЯ

У Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» рэалізуюцца планы, намечаныя на 2017 год.

– З красавіка рабочая група з ліку членаў нашай арганізацыі ўвайшла ў праект «Паляпшэнне доступу да сацыяльных паслуг для людзей з інваліднасцю», які арганізавала грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам», – расказала старшыня пярвічнай арганізацыі Ніна Ганісеўская. – Праект накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця маладых людзей з інваліднасцю, развіццё іх самастойнасці і максімальнае ўключэнне ў жыццё соцыуму. Для гэтага прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў – забаўляльных, пазнавальных і іншых.

Акрамя ўдзелу ў гэтым праекце ў дзейнасці пярвічнай арганізацыі ёсць і іншыя напрацоўкі. З надыходам летняга сезона, як адзначыла Ніна Ганісеўская, маладыя людзі з інваліднасцю ўжо шмат дзе пабывалі, шмат чаго пабачылі. У маі ў Стоўбцах гастраліраваў цырк «Алімпія», і дзве групы на дабрачыннай аснове наведалі яго. Група хлопцаў і дзяўчат у суправаджэнні сваіх матуляў таксама з’ездзіла на прадстаўленне ў дэльфінарый «Нэма». Пасля яго яны сфатаграфаваліся на памяць разам з дэльфінамі, завіталі і ў заапарк (дэльфінарый знаходзіцца на яго тэрыторыі). Падобныя паездкі здзяйсняюцца не ўпершыню.

У Маладзёжным тэатры эстрады прайшоў інклюзіўны канцэрт «Мільён сэрцаў», арганізаваны грамадскім аб’яднаннем «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» і тэатрам моды Kidspodium да Міжнароднага дня абароны дзяцей. На канцэрце разам з артыстамі-прафесіяналамі выступілі маладыя таленты з ліку людзей з інваліднасцю. Стаўбцоўскую пярвічную арганізацыю прадставілі брат і сястра Максім і Паліна Кутасы (на здымку). З гэтай нагоды Ніна Ганісеўская заўважае:

– Нам вельмі прыемна, што ў Маладзёжным тэатры эстрады гучала і наша Стаўбцоўшчына.

Дададзім: і не толькі ў гэтай прэстыжнай установе культуры (дзякуючы Максіму і Паліне Кутасам) згадваўся наш раён. 4-га чэрвеня дуэт Кутасаў ужо трэці раз прыняў удзел у музычным дабрачынным фестывалі для дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю «Мы – разам!». Падчас яго прайшлі майстар-класы і рэпетыцыі ад кампазітараў і педагогаў, затым на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў ладзіўся заключны канцэрт. У ім Максім з Палінай выступілі ў намінацыі «Вакал». Праз мастацтва яны, як і ўсе ўдзельнікі фестывалю (а іх было больш за 60 чалавек), атрымліваюць эфектыўную рэабілітацыю, дасягаюць сацыяльнай рэадаптацыі.    

Адзін з напрамкаў дзейнасці пярвічнай арганізацыі – падтрымка маладых людзей і сем’яў з дзецьмі ў розных жыццёвых сітуацыях. Прыемна, што сярод гэтых сітуацый з’яўляюцца і радасныя. Больш чым за 15 гадоў існавання пярвічнай арганізацыі выраслі дзеці і сталі маладымі людзьмі, і вось двое з іх за апошні час стварылі свае сем’і. Іх павіншавалі падарункамі. Без падарунка не засталася і шматдзетная сям’я Шаўчэнкаў, у якой гадуецца дзіця з інваліднасцю, а не так даўно нарадзілася чацвёртае дзіця – доўгачаканы сын Данііл.              

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ЗАЯЎКА – НА АГРАНОМА

У тэрытарыяльным цэнтры прайшлі чарговыя заняткі ў школе бяспекі для грамадзян пажылога ўзросту.

Традыцыйнымі сталі выступленні ў школе бяспекі супрацоўнікаў райаддзела міліцыі і райаддзела па надзвычайных сітуацыях, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якія гутараць аб маёмаснай і пажарнай бяспецы, шкодзе курэння і іншых дрэнных звычак. Інфармацыю яны даносяць у цікавай форме, уручаюць буклеты і каляндарыкі прафілактычнага зместу.

На гэты раз у школу бяспекі была запрошана загадчыца натарыяльнай канторы Тамара Галаўко, якая спынілася на найбольш злабадзённых пытаннях юрыдычнай граматнасці. Сярод іх – складанне завяшчання і ўчыненне іншых юрыдычна значных дзеянняў. Размова з натарыусам атрымалася цікавай, з канкрэтнымі прыкладамі, якія дапамогуць пажылым людзям пазбегнуць непаразуменняў і недарэчных памылак. А пра тое, чым ім напоўніць свой дзень, каб як мага даўжэй заставацца актыўнымі і не падвержанымі дэменцыі, гаварыла ўрач-герыятр цэнтральнай раённай бальніцы Жанна Яралава. Адным са спосабаў антыдэменцыі можна назваць і гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, якія працуюць у тэрытарыяльным цэнтры на базе аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.

Цяпер, у летні сезон, актыўнасць многіх пажылых людзей скіравана ў першую чаргу на агарод, сад або кветнік. Яны для іх – не проста клопат, які забяспечыць ураджаем, а прывычны лад жыцця, магутная псіхатэрапія.

– Не выпадкова, што ад іх, агароднікаў і кветкаводаў-аматараў, паступіла заяўка – запрасіць у школу бяспекі кваліфікаванага агранома. Заяўка была выканана, – адзначае загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Сяргей Есіс. – На ўсе пытанні пажылых людзей адказала намеснік начальніка раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Марыя Булаш.

Пр

 

ПРЫКЛАД ДЭПУТАТА

Неспадзяваны падарунак атрымала раённая арганізацыя Таварыства інвалідаў па зроку. На яе рахунак дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім пералічыла ўласныя сродкі. Іх мы накіруем для самай неабароненай часткі членаў нашай арганізацыі. Не дай Бог нікому сутыкнуцца са слепатою! Сваім учынкам Алена Мікалаеўна ўжо не першы раз паказала прыклад дабрачыннасці для ўсіх жыхароў горада Міру. Дзякуй ёй і ўсім, хто нам дапамагае, нізкі паклон і пажаданні здароўя, дабрабыту.

Раённая арганізацыя мае вострую патрэбу ў фінансавых сродках, іншай дапамозе. Пералічыць іх можна на рахунак Мінскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» (БелТІЗ) № 3015006523714 у аддзяленні № 537 у г. Мінску ААТ «Белінвестбанк» ЦБП, код банка 739, УНП 100166609. Абавязкова трэба пазначыць, што сродкі прызначаны для Стаўбцоўскай раённай арганізацыі БелТІЗ.

Заклікаю ўсіх, хто мае інваліднасць па зроку, уступаць у рады раённай арганізацыі. Члены арганізацыі з пачатку года бясплатна аздаравіліся ў ведамасным санаторыі «Пад’ельнікі».

Аляксандр КЛІМАШ,старшыня раённай арганізацыі інвалідаў па зроку



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *