Пра футбол і не толькі

Нумары Спорт

КАЛІ ЁСЦЬ БАМБАРДЗІР

«І як гэта нашы вяртаюцца з паездак у іншыя гарады без здабытку ачкоў, з паражэннямі з «сухім» лікам?» – здзіўляліся балельшчыкі, калі футбольная каманда «Нёман-Агра» на сваім полі зноў дыктавала волю сапернікам. Тэмп, напор, тэхнічная гульня Аляксея Рудзянка на пярэднім рубяжы «сямёркі» стаўбчан, актыўная падтрымка паўабаронцаў. Даволі зладжаныя дзеянні ў абароне, дзе выдзяляецца Арцём Сукала. І надзейны варатар Аляксандр Косцеж. Так, дома і сцены дапамагаюць, сведчыць вядомае выслоўе. Дабавім: і мясцовыя, актыўныя і зацікаўленыя гледачы, якія, нягледзячы на моцны дождж, зноў не маглі пакінуць без увагі сваіх футбалістаў.

Праўда, дружныя галасы падтрымкі раздаваліся і з супрацьлеглай трыбуны стадыёна «Юнацтва», ад групы падтрымкі сапернікаў стаўбчан – каманды «Хваля» з Пінска. Але яны прыціхлі, калі на дваццатай хвіліне матча Аляксей Рудзянок адкрыў лік.

І далей характар гульні не змяніўся. Пінчане ўсімі сіламі стараліся перахапіць ініцыятыву. Прыгадвалася, як у мінулым сезоне «Хваля» (Пінск) фінішавала ў турніры другой лігі рэспубліканскага першынства, апярэдзіўшы каманды з Асіповічаў, Клецка і Стоўбцаў ажно на 15 ачкоў. І атрымаўшы павышэнне, пінчане настойліва імкнуцца да верхніх прыступак турнірнай табліцы. Аднак у мінулую суботу быў не іх дзень.

Тая ж, прыкладна дваццатая хвіліна другога тайма, – выхад Аляксея Рудзянка сам-насам з варатаром сапернікаў, і лік становіцца 2:0. Праўда, пасля суддзі ўдакладнілі: адзін з галоў заносіцца на рахунак абаронцы «Хвалі». Праўда, мяч быў «зрэзаны» ў свае вароты. І няхай на бамбардзірскі рахунак Рудзянка гол не быў занесены, галоўнае – поспех каманды.

На апошніх хвілінах пінчане змаглі «размачыць» лік. Каманда «Нёман-Агра» перамагла з лікам 2:1 і цяпер з 12 набранымі ачкамі паднялася на адзінаццатае месца. Наступная гульня ў стаўбчан зноў на выездзе, у Смалявічах, супраць лідара турніру ФК «Смалявічы-СТІ», на рахунку якога 26 ачкоў.

 

КАБ РАДЗЕЙ БЫЛІ ЗБОІ

Найперш хваляванні стаўбцоўскіх балельшчыкаў за «Нёман-Агра». Але і на выступленні другой футбольнай каманды нашага горада «Нёман-ДЮСШ» прыходзіць на стадыён «Юнацтва» шмат гледачоў. Цікавяць і вынікі матчаў стаўбчан у іншых гарадах. І як жа засмуціла паведамленне, што ў чарговай сустрэчы на першынство вобласці «малодшыя нёманцы» пацярпелі паражэнне з лікам 0:8. Такі «пракол» здарыўся ў Салігорску падчас сустрэчы з камандай «Хімік-Беларуськалій».

Праўда, у наступным матчы, у Старых Дарогах, нашы здабылі ачко, гульня закончылася з лікам 0:0. Цяпер у турніры, дзе выступаюць дзесяць камандаў, «Нёман-ДЮСШ» знаходзіцца на чацвёртым месцы.

 

ЗАЛАТЫЯ ФІНІШЫ БЕГУНОЎ

Трэнер Стаўбцоўскай ДЮСШ Анатоль Турчановіч падзяліўся такой прыемнай навіной. На першынстве вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юніёраў 1998-99 г. н. выхаванцы нашай спартыўнай школы заваявалі шэсць залатых медалёў. Іх трое, і кожны падымаўся на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару па два разы. Гэта Аліна Навіцкая, якая хутчэй за ўсіх адолела бегавыя дыстанцыі на 400 і 800 метраў, Аляксей Міронаў (перамогі на дыстанцыях 800 і 1500 метраў) і Максім Верабей, які вызначыўся ў спрынце на 100 і 200 метраў. Усе яны абнавілі свае асабістыя рэкорды.

Аляксей Міронаў, Максім Верабей і Аліна Навіцкая ўжо займаюцца ў сталічных навучальных установах, але іменна ў Стоўбцах атрымалі пуцёўку ў спорт. Цяпер яны рыхтуюцца да выступленняў на чэмпіянаце рэспублікі ў Брэсце.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *