На вясковым раздарожжы

Гандаль Нумары

107d

Магазін з брэндам «Родны кут» у вёсцы Вішнявец ніяк не мінуць: ён знаходзіцца пры дарозе. Мы спыняемся, і недарэмна: столькі ветэранаў спажывецкай кааперацыі засталі разам! Найперш, вадзіцеля хлебнага фургона Іосіфа Макася. Іосіф Антонавіч ужо больш за 40 гадоў развозіць прадукты ў магазіны, апошнія 25 гадоў – дастаўляе ў крамы хлеб: духмяны, апетытны – толькі што з печы ўласнага хлебазавода райспажыўтаварыства.

Загадчыца магазіна Ганна Расюк адсюль родам, абслугоўвае сваіх аднавяскоўцаў больш за 20 гадоў пасля заканчэння Мінскага тэхнікума гандлю. Так як і яе калега Ірына Палаўко, таксама мясцовая, і таксама з вялікім стажам работы за прылаўкам. Трэба ж, каб у гэты момант зайшла зрабіць пакупкі і Валянціна Кужэльная. У гэтым магазіне Валянціна Іванаўна адпрацавала больш за 40 гадоў, як яна кажа, – усё сваё жыццё. І цяпер вяскоўцы па звычцы кажуць: «Пойдзем у магазін да Кужэльнай». Валянціна Іванаўна свой каштоўны вопыт перадавала і сённяшнім прадаўцам, калі яны заступалі на працу. Ганна Міхайлаўна і Ірына Пятроўна ўдзячныя ёй за настаўніцтва і стараюцца не пагоршыць справы, захаваць станоўчую рэпутацыю гэтага магазіна, прымножыць добрыя традыцыі.

–             Ім гэта ўдаецца, – пацвярджае Валянціна Іванаўна. – Я так люблю бываць у гэтым магазіне, сэрца і ногі мяне сюды вядуць. Цэннічкі акуратныя, добра чытаюцца, парадак, чысціня, добрая выкладка тавару, асартымент – вочы разбягаюцца. Прадаўцы прыветлівыя, кожнаму пакупніку ўвагу ўдзеляць, без тавару не адпусцяць. У нас жа не толькі мясцовыя абслугоўваюцца – вішнявецкія і з навакольных вёсак, але і праезджыя. Праз нашу вёску пралягае шлях у Нясвіжскі замак. Едуць да турыстычнага аб’екта розныя экскурсанты, шмат расіян. Спыняюцца машыны ля нашага магазіна. І нам не сорамна, магазін – узор сучаснага гандлю.

Прыбавілася цяпер турбот у прадаўцоў. Пачаліся летнія канікулы, з’ехаліся да бабуль і дзядуль унукі, пачаўся час водпускаў, і дарослыя гараджане паспяшаліся ў вёску. Ганна Міхайлаўна расказвае, што прадаўцы імкнуцца сачыць за попытам, спяшаюцца падвозіць тавары. З многімі айчыннымі прадпрыемствамі працуюць на ўмовах прамых паставак – вытворцы самі дастаўляюць малочную і мясную прадукцыю. Ёсць шырокі дыяпазон выбару тавару. Пакупнікі з рознымі даходамі і густамі могуць адшукаць для сябе на прылаўках патрэбны тавар.

Кіраўніцтва райспажыўтаварыства імкнецца зрабіць максімальна зручным час работы магазіна для вяскоўцаў, асабліва падчас напружаных сельскагаспадарчых кампаній. Прадаўцы з павагай і ўвагай адносяцца да сельскіх працаўнікоў, а тыя ў сваю чаргу аддзячваюць ім жа.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: Ганна Расюк заўсёды прыветна сустракае свайго настаўніка Валянціну Кужэльную; з духмяным грузам – вадзіцель хлебнага фургона Іосіф Макась.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *