Імклівы час выбірае ініцыятыўных

Вялікай Перамозе прысвячаецца Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

107h

Напярэдадні 3-га ліпеня, калі ў Беларусі адзначаецца Дзень Рэспублікі, мы звярнуліся да моладзі раёна, каб высветліць, чым яна жыве, якія планы будуе, на што спадзяецца ў будучым. У маладых – сваё адчуванне магчымасцяў, і іх думкі – гэта адлюстраванне стану і перспектыў грамадства, тэндэнцый яго развіцця. Вуснамі маладых, калі перафразіраваць вядомую прыказку, гаворыць наша заўтра.  

Вольга БУРАК, загадчыца аддзялення прафілактыкі раённай паліклінікі:

– Сучасны рытм жыцця вельмі хуткі. Галоўная праблема – як усё паспець. Да абеду ў мяне прыём пацыентаў у паліклініцы, пасля абеду – прыём у Нававёскаўскай амбулаторыі. Менавіта там, сярод вяскоўцаў, я пачынала свой працоўны шлях. Пакуль сумяшчаю абавязкі тут і там. Імкнуся на сваёй рабоце прывіваць людзям цягу да здаровага ладу жыцця, усведамленне таго, што чалавеку самому неабходна клапаціцца пра ўласнае здароўе і, безумоўна, варта думаць пра гэта з маладых гадоў. На тэму здаровага ладу жыцця, у прыватнасці адмовы ад курэння, я напісала праект. У аснову яго пакладзена мэтанакіраваная асветніцкая праца, пра вынікі якой можна будзе гаварыць не раней чым праз год. На жаль, маладыя людзі нярэдка кідаюць курыць на месяц-другі (сёння гэта модны трэнд), а затым вяртаюцца да шкоднай звычкі. Ёсць жаданне дапамагаць, быць карыснай людзям. А святочны дзень для медыка – гэта магчымасць атрымаць дадатковы выхадны, адпачыць і набрацца сіл.    

Вадзім ЧЭМКА, памочнік ляснічага Хатаўскога лясніцтва:

– Прайшло тры месяцы, як я закончыў тэхналагічны ўніверсітэт і прыступіў да працы ў Хатаўскім лясніцтве. Сам я родам з Апечак і жыць вярнуўся на малую радзіму. Сярод знаёмых людзей, непаўторнай прыроды. Хачу прымнажаць прыгажосць роднага краю. Гэта добра, калі там, дзе нарадзіўся, і спатрэбіўся. Калектыў у лясніцтве добры. Тут мяне сустракалі, чакалі… Кожны дзень унікаю ў сваю прафесію. Як аказалася, гэта не толькі вывучэнне лясных масіваў, а і вялікі аб’ём «папяровай» работы. Калектыў у гэтым мне дапамагае. Прыслухоўваюся таксама да бацькавых парад (Уладзімір Чэмка, ганаровы лесавод Рэспублікі Беларусь, працуе ляснічым Апечкаўскага лясніцтва – рэд.). Хочацца назапасіць вопыту, зарабіць свой аўтарытэт і, зразумела, грошай – для стварэння ўласнай сям’і. У вольны ад работы час дапамагаю бацькам па гаспадарцы, брату – будаваць дом. Здаецца, усё складваецца добра.    

Вадзім БЕЛАВУС, тэхнолаг ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат»:

– Разумею, што мне, як маладому спецыялісту, сапраўды ёсць да чаго імкнуцца, над чым працаваць. Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат – прадпрыемства, якое развіваецца. Прымяняюцца навінкі ў тэхналогіі, ідзе абнаўленне матэрыяльнай базы. На камбінат я трапіў яшчэ будучы студэнтам Магілёўскага харчовага ўніверсітэта. Праходзіў вытворчую практыку. Прадпрыемства спадабалася. Вырашыў вярнуцца сюды пасля вучобы. Праўда, на год быў прызваны ў войска, а з 1-га чэрвеня 2017 года пачалася мая пасляармейская біяграфія. Думаю, цяпер можна будаваць і жыццёвыя планы. Хацелася б займець уласнае жыллё. Цяпер жыву ў інтэрнаце маторнага завода, прадпрыемства аплачвае маё пражыванне. Стараюся часцей выходзіць у горад, прыглядваюся да стаўбчан. Нёману перадаю прывітанне, таму што ён працякае і праз Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці, адкуль я родам. А плаваць ходзім у басейн фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Балазе, камбінат выдзяляе сваім работнікам бясплатныя абанементы.

Эдуард САСНОЎСКІ, памочнік ляснічага Рубяжэвіцкага лясніцтва:

– У мае 22 усё навокал здаецца цікавым і новым. Стаўбцоўшчына – мая радзіма, у вёсцы Літва жывуць бацькі, і таму невыпадкова прыехаў сюды працаваць пасля заканчэння ўніверсітэта. Задаволены і шчаслівы тым, што маю дыплом, работу. Работу па спецыяльнасці, любімую. Лесаводаў паважаюць за тое, што яны садзяць лясныя культуры, прыбіраюць лес ад захламленасці і зберагаюць яго для нашчадкаў. У лясгасе выпускнікам тэхналагічнага ўніверсітэта адразу прадастаўляюць пасаду. Гэты давер трэба апраўдаць. Вялікіх планаў пакуль не маю – неабходна агледзецца, настроіцца, як кажуць, на працоўны рытм. Усе, пачынаючы ад ляснічага, гатовы мне дапамагаць. Бацькі задаволены, што я жыву дома. Да работы з дзясятак кіламетраў, таму дабіраюся на машыне. А калі любіш катацца, то прыходзіцца і ў гаражы павазіцца. Думаць пра ўласную сям’ю яшчэ ранавата – трэба стварыць для гэтага матэрыяльную базу.        

Надзея ЛАБУНЬКО, ветурач ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат»:

– Лічу, што ўсё, што ні робіцца, – да лепшага. Не шкадую, што амаль год таму выбрала пры размеркаванні Стоўбцы, гарадок за 350 кіламетраў ад дому. Я закончыла Віцебскую ветэрынарную акадэмію, сама родам з невялікіх Міёраў. Розніца паміж Міёрамі і Стоўбцамі не толькі геаграфічная. Але я ўсё больш прывыкаю да людзей, да горада. Мне падабаецца работа, калектыў камбіната, ды і Стоўбцы становяцца больш блізкімі. Паспрыялі гэтаму нядаўнія дні горада і моладзі. Адзначала іх разам з гараджанамі. З сяброўкай і сястрой пабывалі на канцэрце, фестывалі фарбаў. Сястра мая стала стаўбчанкай, мае свой дом, дзе і я часта бываю ў гасцях. Каб быць разам з ёю, планую пасля адпрацоўкі таксама застацца ў Стоўбцах. А ўвогуле ёсць магчымасць паехаць за мяжу, але мне падабаецца ў Беларусі. Трымаюць родныя людзі, работа, сябры. Хіба гэтага мала, каб быць шчаслівай?..

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *