Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 11 шлюбаў, зроблены дзве адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі трое маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Ганна Шуцько, Валерыя Паўлоўская і Дзмітрый Рыштоўскі.

Зямны шлях закончыўся для 13-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі выезд раніцай 22 чэрвеня ў Мікалаеўшчыну, дзе загарэўся гараж вяскоўца. Агнём знішчаны аўтамабіль «Лада-2109», пашкоджаны дах гаража на плошчы 6 м2. Для высвятлення прычыны пажару прызначана пажарна-тэхнічная экспертыза.    

Міліцыяй зарэгістравана 136 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана пяць крымінальных спраў, у чатырох з іх устаноўлены падазроныя. У Засуллі двое зламыснікаў выкралі з гаспадарчай пабудовы дачніка электраінструмент, рухавікі да станкоў, медны кабель і т. п. Злодзей зліў з трох аўтамабіляў МАЗ і аўтамабіля КамАЗ, якія належаць грамадзянам, каля 650 літраў паліва. Складзена пяць адміністрацыйных пратаколаў за дробнае хуліганства, 18 – за распіванне спіртнога і з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане.

Суд пазбавіў волі на шэсць гадоў у калоніі ва ўмовах строгага рэжыму 46-гадовага жыхара Вішняўца, які, будучы нецвярозым, у будынку прыватнага прадпрыемства з прымяненнем насілля накіраваў у твар пацярпелага два пнеўматычныя газабалонныя пісталеты і ўчыніў шэсць выстралаў.

ДАІ выявіла 269 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – 16 вадзіцеляў-бяспраўнікаў і чатыры нецвярозыя вадзіцелі (адзін з іх рухаўся па вуліцы ў Горках на скутары «Мінск» з 1,4 праміле ў крыві; ён затрыманы нецвярозым трэці раз на працягу года, таму разглядаецца пытанне аб узбуджэнні ў адносінах да яго крымінальных спраў з магчымай канфіскацыяй скутара), 24 недысцыплінаваныя пешаходы. Здарылася пяць ДТЗ. У іх ніхто не пацярпеў. На дарогах раёна працягваецца прафілактычная акцыя «Бяспечны пераход».      

«Хуткая» атрымала 172 выклікі, у тым ліку пяць – да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *