Моцныя, спрытныя, умелыя

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Сельская гаспадарка

107e

У Дзень моладзі на гарадскім стадыёне «Юнацтва» прайшла сёмая летняя раённая спартакіяда работнікаў аграпрамысловага комплексу. У спаборніцтвах прымалі ўдзел чатырнаццаць камандаў.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся старшыня райвыканкама Юрый Горлаў. Юрый Мікалаевіч падкрэсліў, што вясковыя працаўнікі не толькі плённа працуюць на палях і фермах, а паспяваюць паўдзельнічаюць і ў спартыўных мерапрыемствах. Кіраўнік раёна пажадаў усім добрага старту і ўдачы.

Барацьба паступова разгортвалася на ўсіх спартыўных пляцоўках. Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў забівалі мячы ў вароты. Усе разумелі, што набраныя імі ачкі пойдуць у агульны залік, таму кожны стараўся не падвесці сваю каманду. Больш трапных удараў па варотах нанёс дырэктар ААТ «Налібакі Агра» Віталій Кушнер. У гіравым спорце, дзе праяўляецца не толькі сіла, а таксама воля і характар, больш за іншых падняў спартыўны снарад Мікалай Васільеў з ААТ «Рочавічы», «серабро» ў Сяргея Пяткевіча (ААТ «Рубяжэвічы»), а»бронза» – у Аляксандра Курловіча (ААТ «Вішнявецкі-агра»).

Цікавай выдалася сямейная эстафета «Тата, мама, я – спартыўная сям’я». Дзяцей перапаўнялі эмоцыі. Хваляваліся і бацькі. Кожнаму хацелася прабегчы дыстанцыю хутчэй і без штрафных ачкоў. Тут самыя хуткія секунды паказала сям’я Ланкевічаў з ААТ «Радзіма Якуба Коласа», дарэчы, мінулагодняя пераможца. На другой і трэцяй прыступках – сем’і Курдуноў (ААТ «Жацерава») і Жолікаў (ААТ «Радзіма Дзяржынскага»).

У дартсе прымалі ўдзел старшыні прафкамаў. Перамог Леанід Слесарчык з ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», у арсенале якога толькі дзявяткі і дзясятка. На другім месцы Ганна Трафіменка (ААТ «Вішнявецкі-агра»), на трэцім – Марына Касматовіч (ААТ «Агранёманскі»).

У міні-футболе перамаглі футбалісты ААТ «Рочавічы», якія сустракаліся ў фінале з камандай ААТ «Агранёманскі» (другое месца). А ў паўфінале вырвалі перамогу спартсмены ААТ «Радзіма Дзяржынскага» (трэцяе месца). У валейболе на працягу ўсіх спартакіяд няма роўных камандзе ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Два прызавыя месцы ў гэтым захапляльным відзе спорту за жацераўцамі і налібаччанамі. Фігурнае ваджэнне веласіпеда – справа нялёгкая, таму прайсці беспамылкова ўсе этапы не ўдалося нікому. А выйгралі тут веласіпедысты ААТ «Агранёманскі» , прызавыя месцы ў ААТ «Вішнявецкі-агра» і «Радзіма Якуба Коласа».

Завяршалася спартакіяда апошнім відам спаборніцтваў – перацягваннем каната. Ён лічыцца самым відовішчным. Эмоцыі, як і заўсёды, зашкальвалі. А «выцягнулі» перамогу волаты ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Другое і трэцяе месцы ў агранёманскіх і вішнявецкіх асілкаў.

Пераможцай спартакіяды зноў стала каманда ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Пастаянным трэнерам яе з’яўляецца Міхаіл Мамайка, якому першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень уручыў узнагароду і выказаў падзяку за падрыхтоўку каманды раёна (нашы занялі другое месца) да ўдзелу ў абласной спартакіядзе прафсаюза работнікаў АПК, якая праходзіла сёлета на базе аздараўленчага лагера імя Я. М. Чайкі ВУ «Стоўбцыгаз». На другой прыступцы п’едэстала спартсмены ААТ «Агранёманскі». На трэцяй, як і ў мінулым годзе, – ААТ «Жацерава». Яны ўзнагароджаны кубкамі, дыпломамі і каштоўнымі прызамі. Пераможцы ў камандных і асабістых выступленнях атрымалі кубкі, дыпломы, медалі і падарункі. Салодкія падарункі атрымалі ўсе дзеці, якія прымалі ўдзел у сямейнай эстафеце, а іх бацькі – прызы. Па традыцыі падарунак быў уручаны і ўдзельніку спартакіяды, у якога ў гэты дзень быў дзень нараджэння, – галоўнаму аграному ААТ «Каганец» Сяргею Самасейку.

Арганізатарамі спартакіяды выступілі ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, спонсар – Аграпрамысловы саюз.

На здымках: Кубак за трэцяе агульнакаманднае месца – кіраўніку ААТ «Жацерава»; Каманда-пераможца ААТ «Радзіма Якуба Коласа»; Спартсмены ААТ «Агранёманскі» занялі другое месца; Барацьба на валейбольнай пляцоўцы; На этапе фігурнага ваджэння веласіпеда; Самы захапляльны від спартакіяды – перацягванне каната; Мікалай Васільеў – самы дужы гіравік.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *