Дзень за днём

Нумары Раённыя навіны

УРАЧЫСТАСЦЬ У ХРАМЕ

У мінулую нядзелю ў Шашках адзначалася прастольнае свята храма Сабора беларускіх святых.

Клір і прыхаджане сустракалі епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла, які ўзначаліў Бажэственную літургію. Такое высокае прадстаўніцтва надало ўрачыстасці асаблівую святочную афарбоўку і значнасць.

Пасля заканчэння богаслужэння епіскап Павел звярнуўся да прысутных з архіпастырскім словам і благаславеннем.

На памяць аб гэтым сваяточным дні ў вясковым прыходзе настаяцель храма протаіерэй Віталій Шаркоў падарыў уладыку Паўлу карціну з відам Шашкоўскага храма, якую напісала мясцовая мастачка Святлана Калкоўская.

Пр

 

СА ЗВАННЕМ ПАШПАРТЫСТКІ

Аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі райаддзела міліцыі папоўнілі апошнім часам новыя маладыя кадры. Сярод іх – старшы пашпартыст Анастасія Дзюдалава, інспектар Цімур Асташэня. На пасаду начальніка аддзялення прыйшоў часова выконваючы абавязкі Аляксандр Цярэня, які да гэтага нёс службу ў аддзяленні крымінальнага вышуку райаддзела міліцыі. Усім ім, асобам грамадзянскім і з міліцэйскімі званнямі, першым дарадцам і памочнікам выступае старшы пашпартыст Марыя Шыманская, стаж работы якой на гэтай пасадзе перасягае чатыры дзясяткі гадоў.

– Марыя Валянцінаўна выхавала не адно пакаленне работнікаў аддзялення, з’яўляецца яго летапісцам, жывой гісторыяй, – адзначае намеснік начальніка райаддзела па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Уладзімір Кудрэвіч. І дадае, што нядаўна калегі віншавалі Марыю Шыманскую з жыццёвым юбілеем. Былі і кветкі, і ішыя знакі павагі за шматгадовую плённую працу.

Работа пашпартыста з улікам міграцыйных і іншых працэсаў у свеце, візавай і іншай палітыкі з кожным годам становіцца больш напружанай, скіраванай да міжнародных патрабаванняў, таму што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. Так, у рэспубліцы да 2019 года плануецца ўвядзенне біяметрычных пашпартоў, што, безумоўна, запатрабуе адпаведнага ўзроўню прафесіяналізму і ад аддзялення па грамадзянстве і міграцыі.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *