Абаяльныя вясковыя прыгажуні

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Сельская гаспадарка

107f

Як працяг святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня моладзі, у гарадскім Цэнтры культуры прайшоў раённы конкурс «Вясковая прыгажуня – 2017» – сапраўднае шоу, якое пакарыла гледачоў сваёй непаўторнай арыгінальнасцю. Праходзіў конкурс пад эгідай упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. У ім прынялі ўдзел восем дзяўчат і маладых жанчын, якія працуюць у аграпрамысловым комплексе.

У зале аншлаг. Кампетэнтнае журы, у складзе якога толькі мужчыны, гатова выконваць ускладзеную місію – выбраць самую прыгожую, не толькі знешне, а і багатую духоўна, абаяльную і грацыёзную супрацоўніцу аграпрамысловага комплексу. Конкурс за валоданне каронай каралевы прыгажосці пачаўся са спартыўнай зарадкі. З маладым запалам канкурсанткі выканалі захапляльны спартыўны танец. Кожная ўдзельніца паклала ва ўласную скарбонку першыя некалькі балаў.

– Мы сабраліся сёння для таго, каб адпачыць і атрымаць асалоду ад абаяльнасці і непаўторнасці ўдзельніц гэтага конкурсу, – сказаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дзяніс Колясень. – І пасля першага іх выхаду проста зачараваныя. Добра ведаю ўсіх па рабоце, а вось сёння проста не пазнаю – такія ўсе прыгожыя і мілыя. Што будзе далей, застаецца толькі здагадвацца.

І сапраўды, дзейства, якое разгарнулася далей, не пакінула нікога раўнадушным. Другі этап конкурсу – «Візітная картка», у якім удзельніцы расказвалі пра сябе, прайшоў цудоўна. Усіх перапаўнялі эмоцыі, кожнае выступленне суправаджалася бурнымі апладысментамі прысутных у зале. Выкарыстоўваючы мультымедыйную сістэму, канкурсанткі чыталі вершы, спявалі, танцавалі, выконвалі сцэнкі, не страчваючы пры гэтым пачуццё гумару. Яны гаварылі не толькі пра сваю работу, а і пра мары, захапленні, жыццёвыя планы. Фотаздымкі дапаўнялі змест і давалі магчымасць пабачыць кожную ўдзельніцу не толькі на рабоце, а і падчас адпачынку – сярод родных, сяброў, знаёмых. Фантазія канкурсантак была бязмежнай. Да таго ж, яны ўпэўнена трымаліся на публіцы. Варта адзначыць, што гэты этап стаў апагеем усяго конкурсу.

Этап «Бліц-апытанне» выявіў самых знаходлівых. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што ўсе адказы заслугоўвалі самай высокай адзнакі. Нікога не пакінуў раўнадушным чацвёрты этап – дэманстрацыя касцюмаў з прыродных матэрыялаў, у якім канкурсанткі прадставілі арыгінальныя сукенкі, што падкрэслівалі іх індывідуальнасць, зробленыя з сурвэтак, сетак для бульбы, газет, ігральных карт, шпалераў, цыраты. Для таго каб стварыць такія, без перабольшвання сказаць, шэдэўры, не трэба быць швачкай, проста неабходна жаданне і вольны час. Апошні этап – дэфіле ў вячэрніх сукенках. Дзяўчаты проста пакарылі гледачоў – такія яны былі асляпляльна прыгожыя і грацыёзныя – проста чараўніцы.

На гэтым праграма конкурсу завяршылася. І гледачы, і ўдзельніцы, і групы падтрымкі ў чаканні і хваляванні: «Хто ж атрымае тытул «Вясковая прыгажуня – 2017»? І вось надышоў самы прыемны момант. Для ўзнагароджання запрасілі на сцэну ўладальніцу тытулу «Міс Стоўбцы-Аграпрам-2015» Марыну Карсека. Пад бурныя апладысменты было названа прозвішча пераможцы – каралевай прыгажосці, члены журы былі тут аднадушныя, стала галоўны эканаміст ААТ «Рочавічы» Жанна Пракапенка, якой уручылі і галоўны прыз – веласіпед. Адметна, што перамогу яна святкавала акурат напярэдадні свайго прафесійнага свята – учора адзначаўся Дзень эканаміста. Тытул «Міс Арыгінальнасць» атрымала в. а. галоўнага бухгалтара, юрысконсульт СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» Карына Аруцюнян, «Міс Пяшчота» стала тэхнік-асемянатар ААТ «Дзераўное», шматдзетная маці Марыя Руч’ёва, «Міс Аптымізм» – аператар машыннага даення ААТ «Жацерава» Людміла Мілаванава, «Міс Шарм» – укладчык-упакоўшчык СЗАТ «Агракамбінат «Колас» Святлана Самахвал, «Міс Чароўнасць» – заатэхнік-селекцыянер ААТ «Агранёманскі» Таццяна Царык, «Міс Фантазія» – вагаўшчык ААТ «Вішнявецкі-агра» Наталля Брылеўская, «Міс Элегантнасць» – дыспетчар ААТ «Стаўбцоўская ПМК» Вераніка Казлова, якая атрымала і тытул «Міс глядацкіх сімпатый».

– Мы чакалі свята, але аб такім насамрэч шыкоўным прадстаўленні нават і не марылі, – падвёў вынік конкурсу Дзяніс Колясень. – Вы падарылі нам незабыўныя хвіліны радасці і пазітыўны настрой. Усе ў захапленні ад вашай прыгажосці, абаяльнасці, дасціпнасці і шчырасці. Мы ганарымся вамі.

Удзельніцы конкурсу атрымалі падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, падарункавыя сертыфікаты ад раённага Аграпрамысловага саюза, таксама матэрыяльнае заахвочванне, падарункі і прыгожыя букеты кветак ад кіраўнікоў і старшынь прафкамаў сельгаспрадпрыемстваў, якія яны прадстаўлялі.

Арганізатары мерапрыемства выказваюць удзячнасць работнікам ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр культуры» і асабіста яе дырэктару Але Сушч за аказаную вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы конкурсу.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *