Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне шэсць шлюбаў. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі дзевяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Ганна Рыбак, Настасся Якубоўская, Андрэй Карпенка, Дар’я Скаракапыт, Агата Дзінекіна, Мірон Варанецкі, Паліна Шакель, Соф’я Крукава і Алеся Сабіч.

Зямны шлях закончыўся для 12-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці тыдзень прайшоў спакойна, без вогненных здарэнняў.

Міліцыяй узбуджана крымінальная справа ў адносінах да двух грамадзян, якія ў Засуллі ўчынілі крадзяжы веласіпеда, сантэхнічнага абсталявання з гаспадарчых пабудоў, чым нанеслі шкоду ўладальніку дачнага дома.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены адміністрацыйны пратакол у адносінах да жыхара Мінска, які паблізу вёскі Скрошчына займаўся незаконным паляваннем без дакументаў (дзяржаўнага пасведчання, паляўнічай пуцёўкі, дазволу органаў унутраных спраў на захоўванне і нашэнне зброі), з выкарыстаннем паляўнічага наразнога карабіна з патронамі і прыцэлам начнога і дзённага бачання. Матэрыял накіраваны ў суд. Браканьеру пагражае штраф да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй зброі і пазбаўленнем права палявання.

Суд асудзіў да года выпраўленчых работ з утрыманнем 15 працэнтаў заробку 40-гадовага жыхара Скамарошкаў, вінаватага ў крадзяжы маёмасці на суму больш за 340 рублёў. 39-гадовы новасвяржанін, які кіраваў транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення паўторна на працягу года, прыгавораны да двух гадоў выпраўленчых работ з утрыманнем 20 працэнтаў заробку, а таксама пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на пяць гадоў і прымяненнем спецмеры – канфіскацыі аўтамабіля «Аўдзі». За службовы падлог асуджаны да трох гадоў абмежавання волі 56-гадовы прадавец магазіна райспажыўтаварыства. 41-гадовы жыхар Аталезі, які набыў літр самагону, аштрафаваны на 46 рублёў (самагон канфіскаваны).

ДАІ выявіла 208 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – сем п’яных вадзіцеляў і 14 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 21 недысцыплінаваны пешаход. Зафіксавана шэсць ДТЗ, у адным з іх пацярпелі пяцёра чалавек.

«Хуткая» выязджала 185 разоў, у тым ліку 12 зваротаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем. Адзін зварот у экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *