Будзем з хлебам!

Нумары У райвыканкаме

0807b

У разгары лета ўжо патрэбна думаць, як убраць ураджай 2017 года без страт. На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледжана пытанне аб гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый раёна да ўборкі ўраджаю 2017 года і ходзе нарыхтоўкі кармоў.

Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень паведаміў, што ў бягучым годзе ў сельгаставарыствах патрэбна ўбраць 22 086 гектараў збожжавых і збожжабабовых культур без кукурузы на збожжа, 3462 гектары рапсу (200 гектараў яравога рапсу), 149 гектараў азімай свірэпіцы.

Як адзначыў Дзяніс Сяргеевіч, галоўная мэта – убраць збожжавыя і рапс з мінімальнымі стратамі і з лепшай якасцю, а таксама з найменшымі тэхнічнымі і пасляўборачнымі энергетычнымі затратамі, г. зн. у адносна кароткі і аптымальны тэрмін.

Для выканання патрэбных задач у кожнай гаспадарцы распрацаваны рабочыя планы правядзення ўборачных работ, вызначаны аб’ёмы, назначаны адказныя асобы.

Пад ураджай 2017 года пасеяна 13 152 га збожжавых культур і 3489 га азімага рапсу. Захавалася да ўборкі 13 152 га азімых збожжавых. Гібель адзначана ў ААТ «Радзіма Дзяржынскага» – 47 га азімага трыцікале, у ААТ «Рочавічы» – 39 га азімай пшаніцы, у ААТ «Радзіма Якуба Коласа» – 37 га азімай пшаніцы, у СГФ «Аталезь-агра» – 151 га азімай пшаніцы, 111 га азімага жыта і 40 га азімага трыцікале. Устаноўлены факт гібелі азімага рапсу ў ААТ «Налібакі Агра» на плошчы 64 га.

Па папярэдніх ацэнках спецыялістаў і прагнозах вучоных, ураджайнасць збожжавых плануецца на 3-7 ц/га большай за ўраджайнасць мінулага года.

Для правядзення ўборачных работ будзе задзейнічана 96 збожжаўборачных камбайнаў. На ўборцы рапсу – 46 адзінак тэхнікі з рапсавымі сталамі. На ўборцы рапсу нагрузка на адзін збожжаўборачны камбайн у сярэднім па раёне складае 71 гектар, што дазваляе правесці ўборку збожжавых культур за 7 рабочых дзён.

Нагрузка на адзін збожжаўборачны камбайн у сярэднім па раёне на збожжавых культурах складае 230 гектараў. Штодзённая нагрузка на адзін камбайн складзе 15 гектараў, што дазволіць правесці ўборку за 15-17 рабочых дзён. Гэта пры ўмове пастаяннай, без прастояў, работы камбайнаў. Таму на першы план выходзіць пытанне своечасовага і якаснага рамонту збожжаўборачнай тэхнікі.

Для перавозкі намалочанага збожжа будзе задзейнічана 79 адзінак тэхнікі. Праглядваецца недахоп тэхнікі ў такіх гаспадарках, як ААТ «Агранёманскі», «Вялікі Двор», «Дзераўное», «Рочавічы», «Шашкі», «Налібакі-Агра», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Згаданым гаспадаркам неабходна адпрацаваць пытанне дадатковага аўтатранспарту.

У раёне налічваецца 29 адзінак збожжаачышчальных сушыльных комплексаў.

У той жа час да пачатку ўборачных работ шасці таварыствам неабходна пагасіць запазычанасць за спажыты газ, бо падача газу адключана за неаплату.

У гаспадарках раёна ёсць 91 збожжасклад. На іх неабходна ў абавязковым парадку правесці прафілактычныя і хімічныя мерапрыемствы. Таксама патрэбна прапрацаваць усе пытанні па ўборцы саломы.

Для правядзення ўборачнай кампаніі 2017 года гаспадаркам раёна неабходна 12,2 мільёна рублёў. Усе затраты будуць пакрывацца за ўласныя сродкі гаспадарак і часткова крэдыты банка. Для забеспячэння гаруча-змазачнымі матэрыяламі будзе выдзелены таварны крэдыт на суму каля 988 тысяч рублёў.

Аб тым, як рыхтуюцца да ўборачнай кампаніі, на пасяджэнні райвыканкама гаварылі дырэктар ВУ «Стоўбцыгаз» Іван Шпілеўскі, дырэктар ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» Сяргей Мельнік, дырэктар ААТ «Рочавічы» Дзмітрый Вашкевіч, дырэктар ААТ «Агранёманскі» Уладзімір Жукаў.

Райвыканкам прыняў канкрэтныя рашэнні аб падрыхтоўцы да ўборкі ўраджаю 2017 года і распараджэнне аб прыцягненні работнікаў і тэхнікі прамысловых і іншых арганізацый раёна для аказання дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям на перыяд уборачнай кампаніі.

Н. ЛЕАНІДАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *