Пара адкрыццяў

На сувязі - рэдакцыя Нумары

Для мяне і маёй малодшай сястрычкі Русланы лета сапраўды пачалося цудоўна. Нам пашчасціла ўжо другі год запар разам адпачываць у аздараўленчым лагеры «Рамонак» з дзённым прабываннем, арганізаваным на базе роднай Горкаўскай сярэдняй школы. І я не магу не падзяліцца ўражаннямі, якія глыбока закранулі маё сэрца. Я лічу, што лагер, у першую чаргу, месца, дзе можна не толькі пагуляць з сябрамі, але і выявіць у сабе новыя здольнасці, пазнаць навакольны свет. Вучоба мне даецца лёгка, добра спяваю, танцую, вучуся ў музычнай школе па класе фартэпіяна, люблю маляваць, гуляць у розныя спартыўныя гульні, шмат чытаю і таму шмат ведаю. Аднак лагер заставіў мяне перагледзець свае адносіны да прыроды, роднага краю, да самой сябе.

Першы дзень у лагеры – «Дзень знаёмства» – праходзіў пад дэвізам «Усё самае лепшае – дзецям!» і быў прысвечаны Міжнароднаму дню абароны дзяцей. 5 чэрвеня – Сусветны дзень навакольнага асяроддзя, таму называўся «Акно ў прыроду».

Знаёмства (хоць мы з адной школы), размеркаванне па атрадах, выбар назваў, дэвіза і камандзіраў, афармленне атрадных газет яшчэ больш згуртавалі хлопчыкаў і дзяўчынак.

Лагер «Рамонак» з экалагічным ухілам, таму экалагічныя пытанні знаходзілі адлюстраванне ў многіх мерапрыемствах. Мы ўдзельнічалі ў акцыях «Чысціня выратуе свет», «Упрыгожым свой двор сваімі рукамі», «Чысты двор». Не забыліся і пра тэрыторыю ля помніка загінуўшым воінам-землякам, які знаходзіцца на прышкольнай тэрыторыі.                                                  

Кожны дзень нас, выхаванцаў, чакалі новыя сюрпрызы: гульні, віктарыны, падарожжы. Мы сваімі рукамі выраблялі букеты для матуль, сувеніры, малявалі на розную тэматыку і затым любаваліся сваёй працай на выставе. Нельга не прыгадаць святы «Вясёлка дзіцячых талентаў», «Міс Чэрвень-2017», «Рыцарскі турнір». А самай запамінальнай была гульня-падарожжа «Піраты ХХІ стагоддзя», калі мы прыбраліся ў адпаведныя касцюмы, нанеслі грым і адправіліся ў «плаванне на пірацкім фрэгаце» і не без прыгод.

На конкурснай праграме «Міс Чэрвень-2017» я і мая сястрычка аказаліся на адной прыступцы і атрымалі перамогу ў адной намінацыі «Міс спартсменка». Ёсць над чым папрацаваць цэлы год.

А экскурсіі па родным краі, які, здавалася, я ведаю, так як жыву ў вёсцы Жацерава і штодзень хаджу ў школу ў аграгарадку Горкі, пакінулі ў маім сэрцы нязгасны след. Вандруючы па яго ваколіцах, мы наведалі простыя сялянскія падворкі з мэтай пагутарыць з людзьмі, даведацца пра іх мінулае і сучаснае, дапамагчы ім, павесяліць беларускімі народнымі песнямі. На «старой» вуліцы (вуліца імя Якуба Коласа) мы пагаварылі з многімі гаспадарамі пенсійнага ўзросту: з былым работнікам школы Вольгай Паўлаўнай Александровіч, Вячаславам Мікалаевічам Дасвячынскім, які зацікавіўся страусамі і развёў іх на сваім садовым пляцы; Ірынай Феліцыянаўнай Дзіваш, якая ўжо 16 гадоў не мае нагі, аднак не страціла аптымізму і цікавасці да жыцця, будучы цудоўным кулінарам.

Зразумела, наша жыццё было цікавым не без удзелу выхавацеляў – настаўнікаў нашай школы. Дзякуй, паважаныя, моцнага вам здароўя і ўдачы. А энергію мы чэрпалі са смачных абедаў, прыгатаваных умелымі рукамі маладога повара – Ірыны Анатольеўны Петрашэвіч. У яе нават бліны «ўсміхаліся» нам, як пяшчотнае сонейка.

Жыццё ў лагеры праляцела імгненна, таму што было цікава. А назвы нашых атрадаў – «Пчолкі» і «Вясёлка» – як мага лепш адлюстроўвалі яго сэнс. Мы правялі час з карысцю і весела. Для мяне лета сапраўды стала парой адкрыццяў.

Валерыя Кабылінская, вучаніца ДУА «Горкаўская сярэдняя школа»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *