Для здароўя

Медыцына Нумары

З РЭЙДАМ – НА ПЛЯЖ

У выхадныя дні спецыялісты ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» сумесна з прадстаўнікамі райаддзела міліцыі, раённага Таварыства выратавання на водах, Стаўбцоўскага лясгаса і райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выязджаюць з рэйдамі ў зоны масавага адпачынку на водных аб’ектах.

На пастаянным кантролі на працягу ўсяго купальнага сезона знаходзіцца якасць вады з адкрытых вадаёмаў. Усе даследаваныя пробы вады адпавядаюць гігіенічным нарматывам. Пастаноў аб забароне купання не выносілася.

Неабходна памятаць аб тым, што купанне ў вадаёмах, на якіх не абсталяваны пляжы і, адпаведна, не вядзецца кантроль за якасцю вады, з’яўляецца небяспечным для здароўя. З надыходам гарачага надвор’я павышаецца рызыка захворванняў на вострыя кішэчныя інфекцыі, якія звязаны з перадачай узбуджальніка праз харчовыя прадукты, купаннем у адкрытых вадаёмах або з выкарыстаннем вады з іх. Таму пры купанні нельга заглытваць ваду.

На пляж можна браць прадукты ў індывідуальнай чыстай упакоўцы, за выключэннем тых, якія хутка псуюцца, гародніну і садавіну – лепш ужо вымытымі. Выкарыстоўвайце ваду ў бутэльках і не забудзьце ўзяць з сабою аднаразовыя гігіенічныя салфеткі для рук.

Пры ўзнікненні сімптомаў вострай кішэчнай інфекцыі (павышэнне тэмпературы, ваніты, расстройства стула, боль у страўніку) трэба неадкладна звярнуцца за медыцынскай дапамогай.

Купайцеся толькі ва ўстаноўленых месцах, захоўвайце правілы паводзін на вадзе. Ні ў якім разе не заходзьце ў ваду ў стане ап’янення, пры дрэнным самаадчуванні. На пляжы карыстайцеся санітарнымі ўстаноўкамі, смецце пасля сябе выносьце ў кантэйнер. Прыемнага адпачынку!

Наталля РЫК,урач-гігіеніст

 

ПЕРАД ДАРОГАЙ

Перш чым адправіцца ў падарожжа, вам неабходна звярнуцца да ўрача. Медыцынскі агляд дапаможа выявіць хранічныя захворванні, якія могуць абвастрыцца ў некаторых кліматычных умовах. Неабходна ўзяць з сабою невялікую аптэчку. Збіраючыся ў гарачыя краіны, трэба ведаць, што ў некаторых з іх існуе рэальная пагроза заражэння інфекцыйнымі і паразітарнымі захворваннямі.

Пры прыездзе ў краіны, нядобранадзейныя па жоўтай ліхаманцы (краіны Афрыкі, на поўдзень ад Сахары, і Лацінскай Амерыкі), патрэбна зрабіць прафілактычную прышчэпку і атрымаць міжнароднае пасведчанне аб вакцынацыі супраць жоўтай ліхаманкі (прышчэпачны пункт гарадской паліклінікі № 9, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 119, тэл. (8-017) 267-07-22).

Выязджаючы ў краіны, нядобранадзейныя па малярыі, неабходна атрымаць рэкамендацыі ў свайго ўрача аб прафілактычных лекавых сродках і спосабах іх прымянення. Трэба памятаць, што падчас падарожжаў вы знаходзіцеся ў нязвыклых для вас умовах харчавання, адпачынку, клімату, што стварае павышаную рызыку заражэння інфекцыйнымі захворваннямі. Захоўваючы некаторыя нескладаныя правілы ў час паездкі, можна мінімізаваць рызыку заразіцца.

Найперш, патрэбна захоўваць правілы асабістай гігіены, як можна часцей мыць рукі. Не ўжывайце для піцця ваду з адкрытых (выпадковых) крыніц ці якая прадаецца на разліў на вуліцы. Не дабаўляйце ў напіткі лёд – яго паходжанне невядомае. Ужывайце ў ежу прадукты, у якасці якіх вы не сумняваецеся. Пазбягайце выпадковых закусачных і сталовых. Не спрабуйце ежу на рынках. Рыбу і іншыя прадукты мора не ўжывайце ў сырым выглядзе. Садавіну перад ужываннем абавязкова старанна мыйце бяспечнаю (кіпячонаю ці расфасаванай у бутэлькі) вадою. Яе пажадана ачысціць ад скуркі. Не ўжывайце сырыя малочныя прадукты.

Не хадзіце босымі, каб не заразіцца лічынкамі трапічных глістоў ці грыбкамі. На пляжы неабходна ляжаць на падсцілцы ці лежаку. Пазбягайце маскітаў, прымяняйце розныя рэпеленты (сродкі, якія адпалохваюць).

Калі вы перанеслі інфекцыйнае захворванне падчас знаходжання за мяжой, абавязкова вазьміце выпіску з вашай гісторыі хваробы ці падрабязнае апісанне захворвання з праведзеным лячэннем. Калі вы адчулі сябе дрэнна, ці ў вас паднялася тэмпература цела на працягу трох гадоў пасля вяртання з краіны, нядобранадзейнай па малярыі, неабходна звярнуцца ў медыцынскую ўстанову і паведаміць урачу, што вы былі ў тропіках.

Прыемнага вам падарожжа і яркіх уражанняў!

Ірына ПЯТРОВІЧ,загадчыца аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *