Правапарадак

Кантроль, бяспека Нумары

ДЛЯ РЭАГАВАННЯДАЮЦЦА МІНУТЫ

У аператыўна-дзяжурную службу райаддзела міліцыі паступіла 3063 паведамленні за шэсць месяцаў бягучага года, з іх 438 – аб учыненых злачынствах. На працягу сутак у сярэднім каля двух дзясяткаў чалавек набірае нумар 102.      

За кожным паведамленнем у міліцыю, незалежна ад таго, звязана яно з адкрытым крымінальным выпадкам ці неспакоем ад п’янай кампаніі за сцяной, – стаіць жаданне хутчэй дачакацца дапамогі міліцыі. Лік у таго, каму неабходна гэтая дапамога, ідзе на мінуты…

– Сапраўды, эфектыўнасць рэагавання, як і магчымасць раскрыць злачынства па гарачых слядах, напрамую залежыць ад таго, як хутка супрацоўнікі міліцыі прыбудуць на месца здарэння. Час прыбыцця залежыць ад розных фактараў, – зазначае старшы аператыўны дзяжурны аператыўна-дзяжурнай службы райаддзела міліцыі Генадзь МІКШУТА. – Дакладна яны прапісаны ў загадзе № 77 Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 2013 года «Аб арганізацыі кіравання сіламі і сродкамі, задзейнічанымі ў ахове правапарадку, эфектыўнасці рэагавання на заявы і паведамленні аб злачынствах, адміністрацыйных правапарушэннях і інфармаванні аб здарэннях, якія паступаюць у аддзелы ўнутраных спраў» (у даны загад 27 сакавіка 2015 года ўнесены змяненні). Ім мы і кіруемся пры выбыцці на месца таго ці іншага здарэння. Яно можа адбыцца ў горадзе, а можа – у аддаленай вёсцы раёна.

– Адлегласць – гэта і ёсць асноўны крытэрый аператыўнасці рэагавання? Якія прадугледжаны часавыя рамкі?

– Калі, да прыкладу, у Стоўбцах можна аказацца на месцы злачынства праз лічаныя мінуты, то ў аддаленай вёсцы – праз гадзіну, а то і больш. І гэта – у рамках нарматыўнага дакумента, той аб’ектыўнай рэальнасці, якую нельга не ўлічваць. Іншая справа, што на механізм рэагавання ўплывае не толькі адлегласць. Калі было ўчынена злачынства, ці вядома асоба, якая яго ўчыніла, – гэта два асноўныя ўзаемазалежныя паказчыкі, якія разглядаюцца ў комплексе.  

– Давайце звернемся да канкрэтных сітуацый. Для пачатку – у межах райцэнтра.

– Калі, да прыкладу, у Стоўбцах здарылася злачынства не больш за гадзіну таму або ўжо вядома асоба, якая яго ўчыніла, на месца здарэння накіроўваецца бліжэйшы нарад міліцыі, які павінен прыбыць не больш чым праз 10 мінут. Тэрмін для прыбыцця следча-аператыўнай групы – да 25 мінут. У выпадку, калі асоба злачынцы невядома і з моманту ўчынення злачынства мінула гадзіна і больш, бліжэйшы нарад міліцыі не накіроўваецца. Прыбывае толькі следча-аператыўная група, і на яе выбыццё даецца да 50 мінут.

Скажу, што на збор і выбыццё з райаддзела міліцыі следча-аператыўнай групы даецца да пяці мінут. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі ўсіх сілавых службаў: следчы, оперупаўнаважаны, эксперт.

На адміністрацыйныя правапарушэнні ў горадзе выбывае нарад міліцыі ў максімальна кароткія тэрміны, але не больш чым за 15 мінут.

– А калі чакаць міліцыю вяскоўцу, у якога здарылася бяда?

– На злачынства, якое ўчынена ў сельскай мясцовасці на тэрыторыі раёна, накіроўваецца следча-аператыўная група ў тым выпадку, калі вядома асоба, якая яго ўчыніла ці з моманту злачынства прайшло не больш за гадзіну. Яе прыбыццё на месца залежыць ад адлегласці ад райцэнтра: да 30 км – на працягу гадзіны, больш за 30 км – на працягу гадзіны 30 хвілін. Калі асоба, якая ўчыніла злачынства, невядома або з моманту яго ўчынення мінула больш за гадзіну, следча-аператыўная група прыбывае на месца ў межах дзвюх гадзін.

У сельскай мясцовасці, як і ў горадзе, выбывае на адміністрацыйныя правапарушэнні нарад міліцыі, і таксама ў максімальна кароткія тэрміны, але, з улікам адлегласці, часавыя рамкі скарэкціраваны да паўтарагадзіннага максімуму.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПАКВАПІЎСЯ НА СВЕЖАНІНУ

Транспарціроўка і разбор дзікай жывёлы забаронены Правіламі вядзення паляўнічых гаспадарак і палявання, зацверджанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 08.12.2005 № 580 (у рэдакцыі Указа ад 05.12.2013 № 551).

Падобныя дзеянні трапляюць і пад прыкметы саставу злачынства. За такія правапарушэнні прадугледжана рознае пакаранне, у тым ліку ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да чатырох гадоў.

Сёмага красавіка бягучага года жыхар Стаўбцоўскага раёна знайшоў на тэрыторыі лясгаса самку казулі з трыма эмбрыёнамі, якая загінула. На сваім аўтамабілі ён незаконна перавёз дадому дзікую жывёліну, дзе яе разабраў. У ходзе правядзення агляду аўтамабіля, месца жыхарства і дваровай тэрыторыі грамадзяніна знойдзены і канфіскаваны фрагменты скуры, часткі разабранай тушы, пакеты з касцямі.

У адносінах да мужчыны ўзбуджана крымінальная справа за незаконную транспарціроўку (перамяшчэнне) дзікай жывёліны. Такія супрацьпраўныя дзеянні нанеслі навакольнаму асяроддзю маёмасную шкоду на суму 11 040 рублёў.

Такі ж выпадак меў месца і ў Бярэзінскім раёне.

Калі вы знайшлі параненую, траўміраваную, хворую ці загінуўшую дзікую жывёліну, якая занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, то павінны паведаміць аб гэтым прадстаўніку паляўнічых угоддзяў ці ў раённы аддзел унутраных спраў, раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Таццяна БЕЛАНОГ, афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *