Паводле закона

Кантроль, бяспека Нумары

КАНТРОЛЬНЫЯ ФУНКЦЫІ НЕАБХОДНА ВЫКОНВАЦЬ

Пракуратурай раёна ў маі гэтага года праведзена праверка выканання раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16.10.2009 № 510 «Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», ажыццяўлення дзяржаўнага кантролю па ахове навакольнага асяроддзя, захавання заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, а таксама аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб.

Так, устаноўлена, што службовымі асобамі інспекцыі дапускаюцца парушэнні і недахопы ў вядзенні справаводства па зваротах, а таксама па разглядзе зваротаў. Парушаюцца і патрабаванні заканадаўства, што прад’яўляюцца да парадку вядзення кнігі заўваг і прапаноў. Не ў поўнай меры выконваюцца патрабаванні заканадаўства наконт прыняцця належных мер па ўхіленні выяўленых у ходзе праверак парушэнняў, ажыццяўлення кантролю за своечасовасцю паступлення адказаў і паўнатой прынятых па вынесеных прадпісаннях мер.

Устаноўлена, што ў дзейнасці райінспекцыі маюць месца факты неналежнага выканання патрабаванняў адміністрацыйна-працэсуальнага заканадаўства адносна ўстанаўлення і даследавання ўсіх абставін адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама іншых абставін, што маюць значэнне для правільнага вырашэння справы, абароны правоў і законных інтарэсаў асоб, якія ўдзельнічаюць у адміністрацыйным працэсе. Акрамя таго, маюць месца факты вядзення адміністрацыйнага працэсу адносна юрыдычнай асобы, абарона правоў і законных інтарэсаў якой ажыццяўляецца фізічнай асобай, якая не пацвердзіла ва ўстаноўленым парадку адпаведныя паўнамоцтвы. У рамках праверкі таксама выяўлены парушэнні супрацоўнікамі інспекцыі патрабаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб адзінай дзяржаўнай сістэме рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў.

Маюць месца і парушэнні патрабаванняў заканадаўства, накіраванага на барацьбу з карупцыяй. Так, службовымі асобамі інспекцыі прапушчаны трохмесячны тэрмін звароту да выканання па трох пастановах аб накладанні адміністрацыйнага спагнання, у выніку чаго бюджэтам недаатрыманы штрафныя санкцыі ў памеры 277 рублёў.

Самаўхіленне службовых асоб Стаўбцоўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ад выканання ўскладзеных на іх заканадаўствам функцый па кантролі за выкананнем выдадзеных прадпісанняў і патрабаванняў, вынесеных пастаноў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях параджае ў правапарушальнікаў пачуццё беспакаранасці і ўсёдазволенасці. Гэта не адпавядае дзяржаўным інтарэсам і не садзейнічае ўхіленню выяўленых парушэнняў заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя.

У той жа час, згодна з арт. 1 Закона Рэспублікі Беларусь ад 15.07.2015 № 305-3 «Аб барацьбе з карупцыяй», службовыя асобы інспекцыі з’яўляюцца дзяржаўнымі службовымі асобамі. І адпаведна закону, аказанне дзяржаўнай службовай асобай пры падрыхтоўцы і прыняцці рашэнняў неправамернай перавагі інтарэсам фізічных ці юрыдычных асоб або прадастаўленне ім неабгрунтаваных ільгот і прывілей ці аказанне садзейнічання ў іх прадастаўленні, з’яўляецца правапарушэннем, што стварае ўмовы для карупцыі.

Па выніках праверкі старшыні Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўнесена прадстаўленне аб ухіленні парушэнняў закадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, антыкарупцыйнага, адміністрацыйна-працэсуальнага заканадаўства, заканадаўства аб кантрольнай дзейнасці, аб адзінай дзяржаўнай сістэме рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў, прычын і ўмоў, што ім садзейнічаюць. Начальніку Стаўбцоўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя вынесена прадпісанне аб ухіленні парушэнняў патрабаванняў Указа Прэзідэнта «Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь».

Яўгеній АСОСАЎ, памочнік пракурораСтаўбцоўскага раёна

 

УЦЯГНУЎ І ПАДЛЕТКА

У кастрычніку мінулага года жыхар аграгарадка Аталезь, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, учыніў шэраг крадзяжоў прадуктаў харчавання і прадметаў дамашняга ўжытку ў сваёй суседкі на агульную суму больш за 330 рублёў. Як высветлілася, у злачынную дзейнасць ён уцягнуў і юнага аднавяскоўца – 12-гадовага падлетка.

Мужчыне прад’яўлена абвінавачанне ў крадзяжах, учыненых групай асоб, з пранікненнем у жыллё, паўторна, а таксама за ўцягванне ў злачынствы непаўналетняга. Сваю віну ён прызнаў поўнасцю.

У сакавіку бягучага года ўступіў у сілу прыгавор суда раёна, згодна з якім абвінавачанаму на аснове сукупнасці ўчыненых злачынстваў прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

У адносінах да падлетка крымінальны пераслед быў спынены ў сувязі з недасягненнем узросту прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Гэты падлетак неаднаразова трапляў у поле зроку супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку за ўчыненне іншых злачынстваў. Працяглы час з ім і яго сям’ёю дзяржаўныя органы праводзілі прафілактычную работу, аднак станоўчых вынікаў яна не прынесла. Таму ў сакавіку бягучага года па хадайніцтве камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама судом прынята рашэнне аб накіраванні непаўналетняга ў спецыяльную вучэбна-выхаваўчую ўстанову закрытага тыпу тэрмінам на 1,5 года.

Юлія ЧАБАН, памочнік пракурора раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *