Грамадства

Нумары Соцыум

1207b

СТАНОВЯЦЦА САРАТНІКАМІ

«Уладзімір Фёдаравіч – пры гальштуку, у касцюмчыку. Так і працягвае», – з сяброўскай шчырасцю пакепліваюць з Уладзіміра Пашковіча яго даўнія знаёмыя, «калегі» па грамадскай рабоце з раённага савета ветэранаў. «Працягвае» – гэта пра яго інтэлігентны імідж, звязаны ў першую чаргу з былой дырэктарскай пасадай у аўтапарку № 17. І гэта сапраўды важна, але да фактаў мінулага хочацца ўнесці істотнае актуальнае дапаўненне: Уладзімір Пашковіч, уладальнік знака «Ганаровы транспартнік», па-ранейшаму за рулём аўто. На ягоных «Жыгулях» мы не раз выязджалі ў розныя кропкі раёна, каб павіншаваць з юбілеем таго ці іншага ветэрана.

А нядаўна юбілей быў у самога Уладзіміра Пашковіча. «Узрост такі, што не верыцца, – разважае ён пра свае 80. – Пражыў быццам бы не дарэмна. Жонка ў мяне цудоўная. Сям’я нядрэнная атрымалася. Вырасцілі двух сыноў. Пабудаваў дом. Усё сваімі рукамі ў ім зрабіў. Садзіў дрэвы…»    

Сімвалічнае супадзенне, што ў сям’і Пашковічаў акурат сышліся два юбілеі – 80-годдзе гаспадара і 55-годзе іх сумеснага з Марыяй Мікалаеўнай сямейнага жыцця. У дом да іх з’ехаліся з падарункамі дзеці, унукі. «Мы былі ўдваіх, а цяпер нас – 12», – гаворыць Уладзімір Фёдаравіч пра сваё дружнае сямейства, не прамінуўшы заўважыць пра нараджэнне праўнучкі. Гэта асаблівая радасць, таму што ўсе чацвёра ўнукаў у бабулі і дзядулі – мужчынскага полу. Кожны ўнук, як і сыны, атрымаў вышэйшую адукацыю і знайшоў сваё прызванне. Сярод іх ёсць прадпрымальнікі, супрацоўнікі парка высокіх тэхналогій.

– З малодшым пакаленнем, – усміхаецца Уладзімір Фёдаравіч, – у мяне ніякіх праблем.

Дзякуючы ўнукам дзядуля на вачах маладзее. Ён асвойвае камп’ютар, ужо за інтэрнэт узяўся. Новыя тэхналогіі ўсё ж пакуль саступаюць газетам, тэлебачанню. Цікавасць у яго – да міжнародных падзей, сусветных праблем. Ну, а чым жыве і што адбываецца ў ветэранскай арганізацыі раёна, ён ведае не па чутках, бо прымае ў грамадскім жыцці самы непасрэдны ўдзел. Яго актыўнасць засведчыла і ўзнагарода ад райвыканкама – Грамата.

– Вы з’яўляецеся прыкладам у грамадстве, а ваша актыўная жыццёвая пазіцыя служыць аўтарытэту ветэранскай арганізацыі, патрыятычнаму выхаванню моладзі, – зазначыла падчас уручэння намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Жыбуль.

Уладзімір Пашковіч узначальвае пярвічную ветэранскую арганізацыю свайго роднага прадпрыемства – аўтапарка № 17, а апошнім часам абраны яшчэ намеснікам старшыні раённай ветэранскай арганізацыі. У яго асобе, як прызнаўся старшыня раённага савета ветэранаў Іосіф Язвінскі, ён знайшоў сапраўднага саратніка, аднадумца. «Побач са мной – мудры чалавек, які можа даць параду і ў якім ніколькі не сумняваешся – не падвядзе!» – падкрэсліў Іосіф Язвінскі. Не выпадкова, што заслугі юбіляра былі адзначаны граматамі і каштоўнымі падарункамі ад абласнога і раённага саветаў ветэранаў.

Сакратар райкама КПБ Ніна Дубовік адзначыла не менш важнае: Уладзімір Пашковіч доўгі час быў пастаянным удзельнікам хору ветэранаў.

Нельга не расказаць, як сардэчна ўшанавалі юбіляра ў аўтапарку, дзе за 24 гады свайго дырэктарства ён пакінуў прыкметны след. Пад яго кіраўніцтвам фактычна была пабудавана на новым месцы ўся матэрыяльна-тэхнічная база прадпрыемства! На ўрачыстасць спецыяльна прыехаў генеральны дырэктар ААТ «Мінаблаўтатранс» Аляксандр Цішкевіч разам са старшынёй прафсаюзнага камітэта транспартнікаў Мінскай вобласці, у актавай зале быў сабраны калектыў прадпрыемства. Атмасфера кранула ветэрана да слёз.

– У аўтапарк я заходжу як да сябе дамоў. Мяне тут не забываюць, падтрымліваюць, – дзеліцца Уладзімір Пашковіч. – Прыемна, што аўтапарк сёння ўзначальвае мой выхаванец, якога прымаў на работу, – Іван Бычкевіч.      

З Уладзімірам Пашковічам цікава гутарыць на любыя тэмы: да ўсяго ў яго жывы інтарэс, ёсць здольнасць апавядальніка, пераважае аптымістычны погляд. Але калі запытала пра яго любімы занятак, ён паціснуў плячыма:

– Прызнацца, хобі ў мяне і не было. Жылі ў Налібаках (прыехаў маладым спецыялістам па размеркаванні ў былы саўгас «Івянецкі», прапанавалі пасаду галоўнага інжынера) – адпачываць не было калі, хоць побач возера Кромань. Тое самае – у Стоўбцах, калі перавялі на працу ў аўтапарк. І ў выхадныя трэба было быць на рабоце. У людзей тады ўласнага транспарту не было, усе карысталіся аўтобуснымі перавозкамі. Было такое, што вадзіцель не мог закрыць дзверы і прыходзілася выйсці, каб «падпіхнуць» пасажыраў. Дарог асфальтаваных тады не было, адны напрамкі, укладзеныя царскім брукам, ці засыпаныя пяском, з каляінай па калена. З рэйса тэхніка магла вярнуцца без рэсораў… За пару дзесяцігоддзяў усе дарогі ў раёне, па якіх арганізаваны аўтобусны рух, былі зроблены. Спачатку – гравійным пакрыццём, потым – асфальтавым. Я езджу па раёне і любуюся нашымі дарогамі, працавітымі людзьмі, радуюся таму, як змяняецца жыццё. Стаўбцоўшчына для мяне, ураджэнца Глыбоччыны, стала другой радзімай.

– Многія сёння скардзяцца, што цяжка, – працягвае думку Уладзімір Пашковіч. – Але як супаставіць гэтыя цяжкасці з тымі, якія прыйшлося перажыць нам, дзецям вайны?!. Мы не ведалі, што такое дзіцячая цацка… Жылі ў нішчымніцы… У вайну нас маглі спаліць, вывезці… Усё перажылі! Дык давайце берагчы мір! Пра гэта я не стамляюся паўтараць…    

НА ЗДЫМКУ: з віншаваннямі да Уладзіміра Пашковіча (у цэнтры) – Святлана Жыбуль і Іосіф Язвінскі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

З НАКІРАВАННЕМ У СЛУЖБУ ЗАНЯТАСЦІ

Адным з патрабаванняў раённага выканаўчага камітэта, на пасяджэнні якога была заслухана інфармацыя аб стане работы па прафілактыцы рэцыдыўнай злачыннасці і сацыяльнай адаптацыі асоб, якія маюць судзімасць, з’яўляецца штомесячнае правядзенне прафілактычных акцый, накіраваных на працаўладкаванне асоб з судзімасцю.

Для зніжэння колькасці злачынстваў з боку тых, хто мае судзімасць, рашэннем райвыканкама прадугледжаны комплекс прафілактычных мерапрыемстваў. Дапамога ў працаўладкаванні і сацыяльнай адаптацыі – у ліку такіх мер, што пацвярджае станаўленне асобы на шлях выпраўлення.

У сувязі з гэтым у чэрвені ў райаддзеле міліцыі прайшла прафілактычная акцыя «Кірмаш вакансій» з удзелам старшыні назіральнай камісіі райвыканкама Сяргея Шэсцеля. Былі запрошаны 20 асоб, якія стаяць на ўліку. З імі начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Уладзімір Кухарчык правёў гутарку, у ходзе якой удакладніў прычыны незанятасці, растлумачыў прававыя наступствы за паўторнае ўчыненне злачынстваў і правапарушэнняў. Па выніках мерапрыемства ўсім асуджаным былі вынесены папярэджанні аб недапушчэнні ўчынення злачынстваў і правапарушэнняў, чатыром асобам, якія маюць патрэбу ў працаўладкаванні, выдадзены накіраванні ў службу занятасці.

Падчас акцыі прадстаўнік дзяржаўнай службы занятасці Ірына Гурбо канкрэтызавала віды дапамогі, што прадугледжаны пры працаўладкаванні асоб, якія вызваліліся з выпраўленчых устаноў, і асоб, якія адбываюць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Перад прысутнымі выступіў айцец Георгій з кафедральнага сабора святой праведнай Ганны, які закрануў сучасныя праблемы, запрасіў асуджаных у храм, на богаслужэнні.  

Згодна з рашэннем райвыканкама, у ліпені суб’ектамі прафілактыкі будзе арганізавана комплексная адпрацоўка Навасвержанскага сельсавета з разглядам яе вынікаў на пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы правапарадку. Старшыням саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку ў горадзе Стоўбцы, Навасвержанскага, Мікалаеўшчынскага і Шашкоўскага сельвыканкамаў даручана арганізаваць у бліжэйшы час разгляд пытання аб эфектыўнасці прынятых мер па папярэджанні рэцыдыўнай злачыннасці, старшыням саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку Вішнявецкага, Дзераўнянскага, Заямнаўскага, Старасвержанскага, Рубяжэвіцкага, Наваколасаўскага, Налібацкага і Літвенскага сельвыканкамаў – арганізаваць разгляд пытання па сацыяльнай і працоўнай рэабілітацыі грамадзян, якія вызваліліся з выпраўленчых устаноў. Кіраўнікам арганізацый раёна ўсіх формаў уласнасці неабходна неадкладна інфармаваць райаддзел міліцыі аб фактах парушэння працоўнай дысцыпліны і грамадскага парадку з боку грамадзян, якім было аказана садзейнічанне ў працоўным і бытавым уладкаванні з мэтай прыняцця да іх мер уздзеяння.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

БОЛЬШ ДАСТУПНАЯ РЭАБІЛІТАЦЫЯ

Для сацыяльнай падтрымкі малаабароненых слаёў насельніцтва прадугледжана дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога. У першым паўгоддзі бягучага года жыхарам раёна аказана яе на суму 127,6 тысячы рублёў.

У прыватнасці, як адзначае галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ганна Яўсейчык, ста грамадзянам выдзелена штомесячная сацыяльная дапамога на суму 23,5 тысячы рублёў, 19-ці грамадзянам – аднаразовая сацыяльная дапамога на суму 550 рублёў, 42-м грамадзянам – 9,3 тысячы рублёў на набыццё тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі. Атрымаў дапамогу ў памеры 70,5 тысячы рублёў на набыццё падгузнікаў 291 чалавек. Для дзяцей першых двух гадоў жыцця на прадукты харчавання было выдзелена 23,7 тысячы рублёў.

15 чэрвеня 2017 года быў падпісаны, а з 1-га ліпеня ўступіў у законную сілу, Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 211 «Аб удасканаленні парадку прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі», накіраваны на павышэнне даступнасці і ўзроўню сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, а таксама на стварэнне адзінай сістэмы забеспячэння асобных катэгорый грамадзян тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі.

Ганна Яўсейчык падкрэсліла, што ў адпаведнасці з Указам з 1-га ліпеня бягучага года інваліды ІІІ групы і дзеці ва ўросце да 18-ці гадоў, якія не маюць інваліднасці, забяспечваюцца слыхавымі апаратамі, пратэзамі для вачэй, шпрыцамі інсулінавымі і іголкамі для шпрыц-ручак, тэст-палоскамі праз арганізацыі аховы здароўя. Забеспячэнне такіх грамадзян пратэзамі, вырабамі для кансерватыўнага лячэння, набытых і прыроджаных дэфармацый у дзяцей, артэзамі на пазваночнік, артапедычным абуткам, пратэзамі малочнай залозы ажыццяўляецца праз РУП «Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр», а таксама яго філіялы.

Таксама гэтым указам спрошчана працэдура звароту з мэтай набыцця падгузнікаў для інвалідаў І групы і дзяцей-інвалідаў з чацвёртай ступенню страты здароўя. Падаць адпаведную заяву ў органы сацыяльнага забеспячэння змогуць блізкія сваякі інваліда, якія павінны прадаставіць дакумент, што пацвярджае сваяцкія адносіны. Для ўсіх астатніх пры падачы заявы неабходна даверанасць.

За кансультацыяй па пытаннях прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі можна звяртацца па тэл. 5-15-59 (упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне) і 5-15-94 (ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва»).

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *