Электрапрыборы-памочнікі

Кантроль, бяспека Нумары

Бытавыя электрапрыборы і пераносныя свяцільнікі з напружаннем 220 В прызначаны для карыстання ў памяшканнях з падлогай, якая не праводзіць электрычны ток (сухой драўлянай), воддаль ад металічных труб і канструкцый, якія маюць сувязь з зямлёй.

Па гэтай прычыне небяспечна ў ванных пакоях, на балконах і іншых памяшканнях з заземленай і бетоннай падлогай карыстацца электрапліткамі, прасамі, таршэрамі, пераноснымі электраінструментамі і т. п., а таксама адначасова дакранацца да электрапрыбораў і батарэй ацяплення, металічных канструкцый, якія злучаны з зямлёй, – у выпадку пашкоджання ізаляцыі электрапрыбора праз цела пройдзе ток, небяспечны для жыцця. Лепш не рызыкаваць і не карыстацца на адкрытым паветры пральнымі машынамі, радыёпрыёмнікамі, магнітафонамі і іншымі электрапрыборамі.

Электрычныя правады ўсіх відаў, а таксама дрот нельга выкарыстоўваць замест вяроўкі для сушкі бялізны – на яго можа выпадкова (напрыклад, ад няспраўнай паветранай лініі) трапіць напружанне. Адно з распаўсюджаных парушэнняў – пафарбоўка электраправодкі і абклейванне яе шпалерамі. Эксплуатацыя электрычных прыбораў, у якіх пашкоджана, аголена ізаляцыя электрычнага шнура або электраправодкі, – недапушчальная. Нельга карыстацца выключальнікамі, штэпсельнымі разеткамі, вілкамі, кнопкамі званкоў з разбітымі крышкамі.

Уключаныя электрапрыборы варта ўстанаўліваць на незгаральныя цеплаізаляцыйныя падстаўкі. Рэкамендуем не ўключаць у сетку адначасова некалькі электрапрыбораў вялікай магутнасці, сачыць за спраўнасцю ізаляцыі электраправодкі. Небяспечна ставіць электрапрыборы побач са шторамі і лёгказагаральнымі прадметамі, прымяняць самаробныя засцерагальнікі («жучкі»).

Энерганагляд папярэджвае, што ўладальнік павінен утрымліваць свае электраўстаноўкі ў спраўным стане, мець узгадненне з энергазабяспечваючай арганізацыяй, допуск Дзяржэнерганагляду. Інспекцыя Дзяржэнерганагляду мае права ажыццяўляць агляд і тэхнічнае абследаванне прыбораў уліку, электраабсталявання, унутраных электраправодак у індывідуальных жылых дамах пры прад’яўленні службовага пасведчання.

Калі ўсё ж здарыўся пажар, трэба паведаміць па тэл. 101, дастаць з электраразеткі вілку шнура сілкавання прыбора. Калі гарэнне не спыняецца, паспрабуйце заліць адключаны электрапрыбор вадой, пры гэтым лепш знаходзіццца збоку ад яго. Накіньце на прыбор тканіну, коўдру або прасціну, змочаную вадой.    

Каб пазбегнуць атручэння прадуктамі гарэння, неадкладна выведзіце ўсіх з памяшкання. Калі спробы тушэння беспаспяховыя або ўтварылася небяспечная канцэнтрацыя дыму, высокая тэмпература, лепш нікому не заставацца ў памяшканні, пры гэтым трэба шчыльна зачыніць дзверы. Трэба апавясціць аб пажары суседзяў, дапамагчы ім эвакуіравацца і сустрэць падраздзяленні пажарнай службы.

Павел ГАЛАВАЧЭНКА, інспектар Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд»

Віктар ЛІСОЎСКІ, інжынер інспекцыі па наглядзе і прафілактыцы райаддзела па надзвычайных сітуацыях



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *