Клопаты сялянскія

Нумары Сельская гаспадарка

1207c

ШЧЫРУЕ Ў ПОЛІ З РАНІЦЫ ДА ВЕЧАРА

Арцём Дарашэвіч працуе механізатарам у ААТ «Агранёманскі». Як і ўсе хлопцы, якія выраслі ў вёсцы, – працалюбівы. Сумленна выконвае ўскладзеныя на яго абавязкі. Адна з асноўных палявых работ, якую Арцём Мікалаевіч робіць у гаспадарцы, – падрыхтоўка глебы. На энерганасычаным трактары «Беларус-1221» займаецца пераважна культывацый і чызеляваннем. Даныя агратэхнічныя прыёмы вельмі важныя, бо ад таго, наколькі якасна будзе падрыхтавана глеба, напрамую залежыць і будучы ўраджай. Арцём Дарашэвіч, як і яго калегі, стараецца, таму агранёманскія палеткі з году ў год аддзячваюць высокімі ўраджаямі ўсіх сельскагаспадарчых культур. Неаднойчы шчыры працаўнік выходзіў пераможцам раённага спаборніцтва на культывацыі глебы. Працуе Арцём Дарашэвіч у таварыстве дзявяты год. За гэты час набыў пэўны вопыт. Два гады назад дбайнаму работніку даручылі новы трактар. Па заканчэнні веснавой сяўбы Арцём Мікалаевіч пераключаецца на іншую работу – займаецца нарыхтоўкай травяных кармоў для грамадскай жывёлы. Гэта, бадай, адна з самых важных палявых кампаній. У яго распараджэнні нямецкі рулонны прэс-падборшчык «Кронэ». З самай раніцы і да позняга вечара механізатар у полі. Работа нялёгкая, але чалавек прывык да гэтага занятку, таму мяняць прафесію і месца працы не збіраецца.

Арцём Мікалаевіч расказвае, што яго бацькі пераехалі ў Стары Свержань са Слоніма. Ён вучыўся ў мясцовай школе, дзе атрымаў базавую адукацыю. На трактарыста вучыўся ў вучэбным цэнтры ў Новым Свержані. Пасля службы ў арміі працаваў на розных будаўнічых аб’ектах. Неўзабаве вярнуўся дадому і ўладкаваўся на работу ў сельгаставарыства. Ажаніўся. Сям’і выдзелілі дом. Жонка Ірына – жывёлавод. Жанчына зараз у дэкрэтным водпуску, гадуе дачушку.

 

АСВОЙВАЮЦЬ СРОДКІ

У ААТ «Радзіма Дзяржынскага» паступова асвойваецца матэрыяльная дапамога, якая была аказана маладому кіраўніку з абласнога бюджэту на набыццё неабходнай тэхнікі для выканання сельскагаспадарчых работ. Кіраўніцтва, як і планавалася, закупіла кормараздатчык «Хозяин» ІСКР-12, у якім была вялікая патрэба. А таксама раскідвальнік мінеральных угнаенняў. Спецыяльныя прылады на трактар для выканання пагрузачна-разгрузачных работ – камплект прыстасаванняў з захопам рулонаў і павялічаны коўш для сыпучых матэрыялаў. Застаецца асвоіць грошы на набыццё вагаў для ўзважвання жывёлы і бочку для ўнясення вадкіх угнаенняў. У сувязі з гэтым аб’яўлены тэндар.

 

З ДЗЯРЖАЎНАЙ ПАДТРЫМКАЙ

З мэтай паляпшэння ўмоў утрымання буйной рагатай жывёлы сёлета на МТФ «Мархачоўшчына № 2» ААТ «Вішнявецкі-агра» запланавана ўзвесці новы «клюшачнік». Згодна з праектам, які зараз праходзіць экспертызу, жывёлагадоўчае памяшканне будзе пабудавана для беспрывязнога ўтрымання дойнага статка. Вызначана пляцоўка – «клюшачнік» узвядуць на месцы былога цялятніка. Са Слуцкага УПТК ужо завезены фундаментныя блокі, а сценавыя блокі будуць дастаўляцца з сельскага будаўнічага камбіната, размешчанага ў гэтым жа горадзе. Новае памяшканне пабудуюць з дзяржаўнай падтрымкай. У перспектыве – будаўніцтва на гэтай ферме і сянажна-сіласных траншэй. А сёлета адну траншэю ўзвядуць на МТК «Вішнявец», у якую восенню затрамбуюць кукурузны сілас.

 

У ЛІКУ ЛЕПШЫХ

На мінулым тыдні ў Мядзельскім раёне праходзіла нарада, на якую былі запрошаны галоўныя ветурачы ветэрынарных станцый з усіх раёнаў Мінскай вобласці.

Падводзіліся вынікі работы гэтых дзяржаўных устаноў за першае паўгоддзе і чэрвень. Ставіліся канкрэтныя задачы, якія патрабуюць пастаяннага выканання. Асноўнае пытанне – правядзенне строгага кантролю за пастаўкамі прадукцыі жывёльнага паходжання ў Расійскую Федэрацыю, які ажыццяўляецца згодна з укаранёнай аўтаматызаванай сістэмай «Меркурый». У гэтым плане Стаўбцоўская райветстанцыя была адзначана як адна з лепшых. Згодна з праграмай галоўныя ветэрынарныя ўрачы раёнаў наведалі Мядзельскі малочны камбінат.

 

НАЗАПАШВАЕЦЦА АРГАНІКА

Пад азімую сяўбу гаспадаркам раёна неабходна ўнесці 200 тысяч тон арганічных угнаенняў. Работнікі сельгаспрадпрыемстваў паступова назапашваюць і вывозяць «вітаміны ўрадлівасці» на палеткі. Ужо нарыхтавана трэцяя частка да даведзенага задання – звыш 60 тысяч тон. Больш за іншых, акурат палову ад усёй колькасці, мае ААТ «Агранёманскі». З жывёлагадоўчых фермаў гэтага сельгаставарыства вывезена ўся назапашаная арганіка, а гэта звыш 35 тысяч тон. Прыступілі да ўнясення данага віду ўгнаення працаўнікі ААТ «Дзераўное» і «Рочавічы». Арганічныя ўгнаенні абагачаюць глебу мінеральнымі і пажыўнымі рэчывамі, станоўча ўплываюць на яе структуру, значна павялічваючы пласт гумусу.

 

ВАПНУЮЦЬ ГЛЕБУ

Вапнаванне глебы – важны агратэхнічны прыём. Сёлета раскісліць глебу і палепшыць яе пажыўнасць запланавана на 2397 гектарах. Работа гэтая праведзена на палове плошчаў і поўнасцю выканана ў шасці гаспадарках – ААТ «Рубяжэвічы», «Радзіма Якуба Коласа», «Дзераўное», «Шашкі», «Рочавічы», СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». На працягу многіх гадоў займаюцца вапнаваннем глебы вопытныя работнікі райаграсэрвіса – два Аляксандры – Вялічка і Бурак, якія пастаянна працуюць у пары і заўжды выконваюць даведзеныя заданні своечасова і якасна. Першы шчыруе на трактары з раскідвальнікам, другі – на пагрузчыку.

 

СПЕЦАДЗЕННЕ З ЛАГАТЫПАМ

Для стварэння больш камфортных умоў для работы экіпажам камбайнераў на жніве, кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемстваў раёна рэкамендавана набыць на заказ па два камплекты баваўняных футболак і бейсболак кожнаму. Прычым аднолькавага колеру. У спякотнае надвор’е такое спецадзенне будзе для работнікаў якраз дарэчы. Кіраўніцтва ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» у ліку першых закупіла для шасці экіпажаў дваццаць чатыры камплекты з нанесеным на іх лагатыпам прадпрыемства.

 

ПАФАРБАВАЛІ ПАМЯШКАННІ

На комплексе па адкорме буйной рагатай жывёлы і малочнатаварнай ферме «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства завяршаецца касметычны рамонт жывёлагадоўчых памяшканняў. Сёлета ўпершыню збудаванні звонку тут не беляцца, а фарбуюцца акрылавай фарбай. Па дагаворы з вясны працуе брыгада будаўнікоў.

– Мел яны змылі, зашпаклявалі няроўнасці і швы, а затым пафарбавалі сцены, – расказвае брыгадзір комплексу Анатолій Тарабэш. – Атрымалася прыгожа, а самае важнае – цяпер не прыйдзецца кожны год займацца гэтай работай. Адначасова добраўпарадкуецца і тэрыторыя – бардзюры, слупы таксама пакрылі фарбай. А вось унутры памяшканняў праводзіцца пабелка. Дапамаглі нам і сянажныя ямы пабяліць.

 

ЗНОСЯЦЦА СТАРЫЯ АБ’ЕКТЫ

У ААТ «Шашкі» працягваюцца работы па зносе небяспечных і паўразбураных збудаванняў. У прыватнасці, дэманціруюцца дахі памяшканняў былой свінагадоўчай фермы ў Ругайцы. Потым разбяруць і кладку. Цэгла і іншыя будматэрыялы будуць выкарыстаны для будаўніцтва складоў. А таксама пойдуць на іншыя мэты, у прыватнасці, для падсыпкі тэрыторый фермаў. Наводзіцца парадак у Старыне, дзе ліквідуецца спісаная польская сушылка. Тут жа па вясне разабралі і ўтылізавалі стары збожжасушыльны комплекс. Ужо тыдзень на палетках ля Трылеса працуе экскаватар з аграбудфірмы «ПМК-74 – Налібакі». Рыхтуюцца кармавыя ўгоддзі – вызваляецца поле ад валуноў для сяўбы аднагадовых траў.

 

ПРЫНЯЦЬ ЗБОЖЖА

На сельгаспрадпрыемствах раёна праводзіцца дэзынсекцыя складоў. Гэта важнае і эфектыўнае мерапрыемства, якое накіравана на захаванне харчовых запасаў, іх чысціню і прыдатнасць для далейшай перапрацоўкі. Ажыццяўляецца яно рэгулярна з мэтай поўнасцю пазбавіцца ад насякомых і іншых шкоднікаў. Праведзена апрацоўка ва ўсіх складскіх памяшканнях ААТ «Дзераўное», «Радзіма Дзяржынскага» і «Каганец», завяршаецца ў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» і ААТ «Налібакі Агра». Сапраўды, без прымянення дэзынсекцыі за год можна страціць да паловы харчовых запасаў.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *