Выдатнікаў падатковай службы стала больш

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

У мінулыя выхадныя падатковая служба рэспублікі адзначыла сваё прафесійнае свята – 27-годдзе з дня стварэння. Напярэдадні свята начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Стаўбцоўскім раёне Іосіф Сяліцкі атрымаў за дасягнутыя вынікі ў працы ганаровую ўзнагароду – нагрудны знак «Выдатнік падатковай службы».

У калектыве стаўбцоўскіх падаткавікоў працуе ўжо трое ўладальнікаў гэтага знака. Выдатнік падатковай службы – і Галіна Анікейчык, якая фактычна стаяла ля вытокаў стварэння службы, была ўдастоена нагруднага знака ў ліку першых у рэспубліцы. У мінулым годзе эстафету «выдатнікаў» працягнула Эла Вярэніч. А ў цэлым станаўленне падатковай службы ў раёне нельга ўявіць без яе ветэранаў: Валянціны Емяльянавай, Людмілы Вайтовіч, Лідзіі Жук, Іосіфа Кулікоўскага, Святланы Ельяшэвіч, Станіславы Садоўскай.

За перыяд існавання падатковыя органы набылі статус структуры, якая дынамічна развіваецца, а з’яўленне прафесійнага свята работнікаў падатковых органаў стала пацвярджэннем асэнсавання грамадствам важнасці функцый, якія выконвае падатковая служба.

Вядома, што ад выплаты падаткаў залежыць развіццё раёна, функцыянаванне сацыяльнай сферы, пенсійнае забеспячэнне. Падаткі – гэта разумная цана, якую мы плацім за тое, каб жыць цывілізавана. Падатковая творчасць не спыняецца, а працягвае ўдасканальвацца, таму што ідэальных падаткаў не існуе. І ў нашай рэспубліцы дыскусіі на падатковыя тэмы займаюць прыкметнае месца ў палітычным і эканамічным жыцці.    

– За шэсць месяцаў бягучага года план даходаў раённага і кансалідаванага бюджэтаў выкананы на 100 працэнтаў, – адзначае намеснік начальніка інспекцыі Эла Вярэніч. – У мясцовы бюджэт паступіла 13 мільёнаў 241 тысяча рублёў. У выніку кантрольных мерапрыемстваў даналічана ў бюджэт 613 700 рублёў.

– Эла Міхайлаўна, многія дзяржаўныя органы перажываюць на даным этапе аптымізацыю. Як адбілася гэта на падатковай службе, плацельшчыках?

– Калектыў працуе стабільна і нацэлены на выкананне пастаўленых задач, нягледзячы на тое, што падатковая, як і іншыя органы, перажывае аптымізацыю. Праца з плацельшчыкамі будуецца з улікам сучасных патрабаванняў аб укараненні бескантактных метадаў. Павялічваецца роля электроннага дакументаабароту. Агульная тэндэнцыя – на змяншэнне колькасці выязных праверак, узмацненне работы з базамі даных. На праверку нашы інспектары выходзяць толькі ў выпадку атрымання канкрэтнай інфармацыі аб парушэннях і, пры гэтым, ігнараванні з боку плацельшчыка паведамлення з інспекцыі. Неабходна сказаць дзякуй за цеснае супрацоўніцтва і падтрымку раённаму аддзелу ўнутраных спраў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *