Векавечная радавая ніць

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

1207

Гэтыя ліпеньскія дні справядліва называюць купалаўскімі. 135 гадоў таму назад нарадзіўся народны пясняр Беларусі Янка Купала. Купала і Колас – дзве вяршыні беларускай літаратуры, аднагодкі, аднадумцы, змагары.

Як стаўбцоўскія Акінчыцы, так і Вязынка на Маладзечаншчыне, славутыя на ўвесь свет родныя куткі, дзе калыскі будучых творцаў. І не зарастаюць народныя сцежкі да мясцін, адкуль пачыналіся іх першыя крокі. Многія чытачы нашай газеты, пэўна, наведвалі маляўнічую Вязынку.

Непаўторны прыродны каларыт даносяць краявіды Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка. Валуны з высечанымі на іх радкамі з твораў Янкі Купалы, пошум дубровы, серабрыстая крыніца. І вось мы ў хаце, дзе нарадзіўся пясняр.

У экспазіцыі філіяла «Вязынка» ўзноўлены інтэр’ер, што даносіць сялянскі побыт амаль 150-гадовай даўніны. Усё ўбачанае хвалюе. Фатаграфіі, рукапісы твораў Янкі Купалы. Многія экспанаты – з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея і Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. А як не засяродзіць позірк на саматканых дыванках, пасцілках на канапы і ложкі, сярод якіх ёсць і зробленыя рукамі яго маці. І прыгадваюцца радкі паэта: «Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці…»

Так, нам, жыхарам Стаўбцоўшчыны, дзе радзіма Якуба Коласа, таксама гонар быць землякамі маці Купалы. Прыгадаем, што Бянігна Іванаўна нарадзілася на хутары Няшота, побач з вёскай Ручын, каля Рубяжэвічаў.

Сярод знакавых мясцін на жыццёвым і творчым шляху Купалы трэба назваць і Смольню, дзе ўпершыню адбылася яго сустрэча з Коласам. Сёлета ў жніўні гэтай падзеі таксама юбілейная дата – 105-я гадавіна.

Што датычыць музейных стасункаў, то прыгадаем нядаўняе літаратурна-мастацкае свята з нагоды 50-годдзя адкрыцця філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Сярод гасцей у Смольні былі і прадстаўнікі Купалаўскага музея, навуковы супрацоўнік якога Галіна Воранава падаравала нашым музейшчыкам каштоўныя кнігі з аўтографам Якуба Коласа.

Слова Коласа і слова Купалы будуць жыць у пакаленнях, даносіць да народаў розных краін хараство і адметнасць нашай Радзімы. І нават больш. «З зямлёй і небам звязвае мяне ніць – неразарваная веквечна павуціна», – гэтыя радкі Янкі Купалы аб слове паэта, якое нараджаецца ад родных крыніц, сягае ў бязмежжа і вечнасць.

Ф. БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *