З факелам міру і дружбы

Нумары Соцыум

1507a

Ужо трыццаты год у розных краінах свету сустракаюць удзельнікаў міжнароднай факельнай эстафеты «Бег Міру». І знамянальна, што пастаянна эстафета праходзіць праз Стоўбцы. У 2004 годзе нашаму гораду было ўручана пасведчанне аб прызнанні рашэннем міжнароднага камітэта міру Шры Чынмоя Стоўбцаў Горадам Міру.

Аб гэтым нагадвалася падчас сёлетняй Міжнароднай эстафеты. Стартавала яна ў розных гарадах, у тым ліку ў Нью-Ёрку. І групы бегуноў накіроўваліся да Мінска. Сёлета іменна сталіцы Беларусі выпаў гонар прымаць фініш сусветнай акцыі.

А папярэдне наш горад над Нёманам прымаў адну з груп бегуноў. Спачатку на мяжы раёна спартсменаў чакала ўрачыстая сустрэча. Хлеб-соль, прывітальная песня ад удзельнікаў мастацкай самадзейнасці. І далей працягнуўся маршрут прабегу, які разам з гасцямі зрабілі вучні Старасвержанскай сярэдняй школы на чале з настаўнікам фізічнай культуры і спорту А. М. Галаўко.

І вось удзельнікі ўрачыстай эстафеты – на плошчы Бессмяротнасці. Шчырыя прывітанні ад намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама С. А. Жыбуль, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Л. М. Стонька і яе намесніка І. М. Язвінскай. Яны гаварылі аб вялікім гонары для нашага горада прымаць такое маштабнае міралюбнае спартыўнае дзейства. І аб тым, што не выпадкова сустрэча праходзіць на знамянальным месцы – плошчы Бессмяротнасці. Мы гаворым пра мір і ўшаноўваем памяць загінуўшых, якая вучыць і заклікае, пераконвае і перасцерагае, дае сілу і веру. Вось чаму наш народ так свята шануе памяць аб подзвігах тых, хто не шкадаваў ні сіл, ні нават жыцця ў Вялікай Айчыннай вайне, змагаўся дзеля Перамогі і Міру.

Госці ўсклалі да помніка воінам-вызваліцелям вянок.

Кіраўнік міжнароднай групы спартсменаў Андрэй Вясёлы з Чэхіі адзначыў, што ідэя аб’яднаць на дыстанцыі бегу ўсю планету, прапанаваная ў 1987 годзе індусам Шры Чынмоем, атрымала шырокае распаўсюджанне. Факел міру ў сваіх руках трымалі мільёны людзей, сярод якіх маці Тэрэза, Папа Рымскі, Міхаіл Гарбачоў, каралева Вялікабрытаніі Лізавета, многія сусветна вядомыя спартсмены. І магчымасць далучыцца да прабегу мае кожны. Мірнага неба, дабрабыту кожнай сям’і – такое пажаданне стаўбчанам.

Падчас сустрэчы можна было пагаварыць з удзельнікамі забегу. Так, Акбота Джумабаева, каб далучыцца да акцыі, прыляцела ў Беларусь са сталіцы Казахстана Астаны. Яна выказала захапленне і ад шчырасці нашых людзей, і ад хараства прыроды. Зялёныя лугі, ураджайныя палі, цяністыя лясы – гэта сапраўды ўражвае.

Знамянальным момантам стала ўручэнне аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама копіі карціны заснавальніка міжнароднага прабегу Міру Шры Чынмоя. Работа носіць назву «Совершенство».

А затым было прапанавана прысутным зрабіць разам забег, патрымаць у руках Факел – сімвалічную часцінку мірных надзей.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *