Як сапернічаць з чэмпіёнамі

Нумары Спорт

БАТЭ. Гэтая абрэвіятура для аматараў футбола не патрабуе асаблівага тлумачэння. Ужо з дзясятак гадоў на слыху назва каманды з Барысава, нязменнага чэмпіёна рэспублікі. І прыезд барысаўчан у Стоўбцы выклікаў сапраўдны ажыятаж. Ужо за паўгадзіны да пачатку сустрэчы на Кубак Беларусі па футболе паміж камандамі «Нёман-Агра» і БАТЭ на трыбуне стадыёна «Юнацтва» з цяжкасцю можна было знайсці свабоднае месца. Так, марка сапернікаў знакамітая, але ж у кожнай спартыўнай сустрэчы можна спадзяваццца на ўсмешку фартуны. Тым больш, што, як заўважылі інфармаваныя балельшчыкі, на поле выйшлі не ўсе футбалісты БАТЭ асноўнага саставу. Аднак жа Валадзько, Яблонскі ўваходзяць у склад зборнай Беларусі. Гвілія, Пік, Джыгіра, Мухамедаў, Рушэвіч – гэтыя прозвішчы таксама знаёмыя тым, хто сочыць за трансляцыямі па тэлебачанні гульняў з удзелам барысаўскага БАТЭ. І ў каманды, якая змагаецца за перамогі не толькі ў нацыянальных турнірах, але і ў міжнародных сустрэчах, ёсць кваліфікаваны рэзерв.

З пачаткам гульні нашы футбалісты не стушаваліся. Не прыціснуліся да сваіх варот. І на першых мінутах мелі выгадны момант ля варот сапернікаў. Але ўжо на 19-й хвіліне выхад іграка БАТЭ сам-насам з варатаром Аляксандр Косцеж ліквідуе з парушэннем правілаў у штрафной пляцоўцы. Суддзя прызначае адзінаццаціметровы ўдар, але наш галкіпер яго ўпэўнена адбівае. Гэта надало ўпэўненасці нёманцам і аптымізму гледачам. На жаль, не надоўга. Ракавымі сталі 26-я і 27-я мінуты гульні. Нападаючы гасцей Рушэвіч забівае першы гол, а затым – і другі.

Надзея аднавілася, калі на апошняй хвіліне першага тайма дакладны ўдар удаецца нашаму Арцёму Цішко. 2:1 на карысць гасцей – з такім лікам каманды ідуць на перапынак.

І ў другім тайме ішла гульня амаль на роўных. Аднак зноў дзве нешчаслівыя мінуты – 62-я і 64-я. БАТЭ павялічвае лік да 4:1. Нашы ўжо аслабілі націск, а госці ўстанаўліваюць вынік 5:1.

Як бы ні было, але гледачы віталі на заканчэнні гульні ігракоў абедзвюх камандаў апладысментамі. Нашы заслугоўваюць пахвалы за тое, што дзейнічалі смела, стараліся, не шкадавалі сіл. Між тым, на стадыі 1/16 фіналу Кубка Беларусі, дзе сустракаліся каманды вышэйшай лігі з апанентамі з першай лігі, поўную перавагу мелі старэйшыя па рангу. І толькі ФК «Орша» адолеў пасля нічыйнага зыходу ў асноўны час у дадатковай серыі пенальці мазырскую «Славію». Усё ж менш знакамітым камандам гэта добрая навука, майстэрства, а гледачам – задавальненне назіраць за класным футболам.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *