Сіла слова

Нумары Соцыум

На мінулым тыдні мне выпаў гонар прыняць удзел у пленарным пасяджэнні ХІХ Усесусветнага кангрэса рускай прэсы. Гэты форум з 1999 года праходзіў у шмат якіх краінах. Яго прымалі ЗША, Ізраіль, Францыя, Германія, Расія і іншыя краіны. У Мінску кангрэс праводзіцца ўжо другі раз. Амаль усе журналісты – ўдзельнікі форуму гаварылі аб тым, што ў Мінску ім працуецца асабліва камфортна. І прыемна было ўдвая, што на пленарным пасяджэнні Усесусветнага кангрэса рускай прэсы выступіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Усё большую ролю ў фарміраванні грамадскай думкі пачынае адыгрываць прэса. Менавіта журналісты ствараюць карціну свету. «Таму каласальнае значэнне набываюць прафесіяналізм і грамадзянская адказнасць людзей у сферы масмедыя. Узрастае адказнасць за публічнае слова – і ў палітыка, і ў журналіста», – лічыць кіраўнік дзяржавы.

«Ужо не ўсюды ў пашане такія простыя і зразумелыя арыенціры, як імкненне да справядлівасці, здольнасць аб’ядноўвацца перад агульнай бядой. Інакш не расла б у свеце напружанасць. Ідзе геапалітычная перабудова свету», – акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка і адрасаваў дэлегатам пытанне аб здольнасці СМІ паўздзейнічаць на гэтыя працэсы.

Журналісты, упэўнены Прэзідэнт, аказваюць уплыў на грамадскія настроі не менш, чым палітыкі. Значыць і адказнасць за слова павінна быць непараўнальнай. «Рэйтынгі і тыражы, сенсацыі, часта дутыя, рэкламныя бюджэты – ці можна, каб адпавядаць гэтым меркам эфектыўнасці работы СМІ, ахвяраваць традыцыйнымі падыходамі да публікавання патрэбнай людзям дакладнай інфармацыі?» Прэзідэнт падзяліўся з дэлегатамі кангрэса такім вывадам: «Ад вас, прафесійных журналістаў, ад прэсы, залежаць духоўныя і грамадзянскія арыенціры. Таму важны правільны выбар: рэйтынг ці праўда, аб’ектыўнасць ці асабістыя інтарэсы. Інфармацыя становіцца зброяй у сучасных гібрыдных супрацьстаяннях. Хацелася б, каб слова не раз’ядноўвала, а аб’ядноўвала».

Навязваць журналістам меркаванне, заганяць у рамкі недапушчальна, лічыць Аляксандр Лукашэнка. «Сэнс сапраўднай свабоды слова, якую мы ў Беларусі цэнім, не толькі ў магчымасці выбару, але і ў адказнасці за яго. Давайце будзем адным цэлым у пошуку і сцвярджэнні праўды», – падкрэсліў беларускі лідар.

Асобна Прэзідэнт звярнуўся да тэмы рускай мовы, якая разам з беларускай з’яўляецца ў нашай краіне дзяржаўнай. «Дзякуючы гэтаму мы маем больш маштабных і прамых кантактаў у галіне навукі, культуры і мастацтва. Пашыраем інтэлектуальныя і інфармацыйныя гарызонты плённага супрацоўніцтва з брацкімі народамі, прасоўваючы ідэі добрасуседства і міралюбнасці», – адзначыў Аляксандр Рыгоравіч.

Як рэзюмаваў Прэзідэнт, рускамоўная журналістыка мае велізарную аўдыторыю і сферу ўплыву, адыгрывае важную ролю носьбіта агульнажыццёвых каштоўнасцяў.

Памочнік Прэзідэнта Расіі Ігар Шчогалеў зачытаў віншавальны адрас удзельнікам кангрэса ад Уладзіміра Пуціна.

Затым адбыліся гарачыя дыскусіі і абмен думкамі ў дзвюх панэльных секцыях, дзе вялася гаворка аб СМІ, іх будучым, аб значэнні на сусветным медыйным полі, аб адказнасці за слова, якое, як вядома, можа і вылячыць, і забіць.

У наступныя дні ўдзельнікі кангрэса наведалі Полацк, Віцебск, акунуліся ў атмасферу фестываля «Славянскі базар у Віцебску», пазнаёміліся з сацыяльна-эканамічным патэнцыялам Мінскай вобласці, пабывалі ў ААТ «БелАЗ» і парку-музеі інтэрактыўнай гісторыі «Сула» Стаўбцоўскага раёна.

У рабоце ХІХ Усесусветнага кангрэса рускай прэсы «Партнёрства ў імя будучыні: прыярытэты сучаснай цывілізацыі» прынялі ўдзел прадстаўнікі 51 краіны свету.

Нэлі Астрэйка



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *