Падлеткі дэманструюць баявое мастацтва

Нумары Соцыум Спорт

52a

У Стоўбцах у Дзень Незалежнасці прайшло шмат цікавых сустрэч і знамянальных падзей, і сярод іх – турнір па армейскім рукапашным боі.

Паколькі ён праходзіў з удзелам моладзі дзвюх краін – Расіі і Беларусі, паміж членамі ваенна-спартыўнага клуба «Факел» Саюза дэсантнікаў гарадской акругі Падольск і членамі Стаўбцоўскага спартыўна-патрыятычнага клуба баявых адзінаборстваў «Абаронца Айчыны», яго можна назваць міжнародным. Нягледзячы на мірны святочны дзень і ўвогуле сяброўскі дух сустрэчы, былі паказаны дастойныя прыгожыя баі.

– Было сфарміравана сем падгруп, і ў кожнай з іх хлопцы паказалі моцную тэхніку бою. Узровень маіх выхаванцаў і клубаўцаў з Расіі – роўны, хоць сярод іх – не проста байцы, а кандыдаты ў майстры спорту, – гаворыць кіраўнік клуба, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Рыгор МАМАЙКА.

Нагадаем, што члены клуба «Абаронца Айчыны» займаюцца армейскім рукапашным боем зусім нядаўна. На пачатку 2017 года пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта яны з’ездзілі на ХІІІ Адкрыты міжрэгіянальны турнір Маскоўскай вобласці па армейскім рукапашным боі, які праходзіў у г. Падольск, што і паслужыла пераломным момантам, выхадам на якасна іншы ўзровень. У клубе цяпер развіваюцца два віды адзінаборстваў – рукапашны бой і армейскі рукапашны бой.

Першы намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Колясень урачыста адкрыў турнір, а перад пачаткам праграмы спаборніцтваў выхаванцы клуба «Абаронца Айчыны», якія прайшлі службу ў спецпадраздзяленнях МУС Рэспублікі Беларусь, арганізавалі паказальныя выступленні па рукапашным боі.    

Першымі выйшлі на рынг самыя малодшыя – хлопчыкі 9-11 гадоў у вагавой катэгорыі да 40 кг, і сярод іх не было роўных дзевяцігадоваму выхаванцу клуба «Абаронца Айчыны» Максіму Гінтову. Кіраўнік клуба бачыць прыродныя дадзеныя, характар, таму ўскладае на Максіма вялікія надзеі. Аднак наперадзе – шмат працы. За Максімам цягнуцца яго «аднагрупнікі» Артур Таранаў і Ілья Буката. Перспектыўныя 11-12 гадовыя байцы ў вагавой катэгорыі да 45 кг – Раман Дамброўскі, Аляксей Жышко, Арцём Шынкоўскі, 12-13-цігадовыя Іван Мілоў, Ілья Клімко ў вагавой катэгорыі да 45 кг. Завяршалі турнірную сетку «цяжкавагавікі», падлеткі 16-17 гадоў вагой звыш 85 кг. Дастойнае саперніцтва расіянам-«разраднікам» саставілі Данііл Цішкоў, Іван Калодзінскі, Аляксей Шкода, Валянцін Бугроў, Павел Грыгаровіч, Данііл Шырвель. Двое выхаванцаў, Вадзім Вайтовіч і Яўген Давыдоўскі, рыхтаваліся да паступлення ў Ваенную Акадэмію і Сувораўскае вучылішча, таму з дазволу кіраўніка клуба прысутнічалі ў ролі гледачоў.

А ў цэлым па колькасці атрыманых медалёў каманды-удзельніцы ўраўнаважылі турнірныя шалі.

Клуб-першаадкрывальнік

Калі аціх звон пераможных медалёў, мы папрасілі кіраўніка клуба «Абаронца Айчыны», арганізатара турніру Рыгора Мамайку, падзяліцца вынікамі.

– У першую чаргу неабходна выказаць падзяку райвыканкаму ў асобе старшыні Юрыя Горлава, яго намеснікаў – Сяргея Шэсцеля, Дзяніса Колясеня, Аляксандра Цывакі, Ірыны Пашкевіч, – за фінансавую падтрымку турніру, – адзначыў Рыгор Мамайка. – Яго чатырохдзённая праграма ўключала не толькі баі. Госці пабывалі на «Лініі Сталіна», паглядзелі гістарычную рэканструкцыю аперацыі «Баграціён» па вызваленні Беларусі, а таксама ў Нясвіжы, Міры. Важна і тое, што ў дзяцей і трэнераў з РФ была магчымасць жыць у гасцініцы ФАКа бясплатна. Дзякуй за падтрымку калектыву райаддзела міліцыі на чале з Іванам Мамайкам, які выступае за папулярызацыю спартыўна-прыкладных відаў адзінаборстваў. Невыпадкова, што райаддзел папоўнілі за апошні час сем выхаванцаў клуба. Камандзір вайсковай часці з Коласава Аляксандр Голеў і яго супрацоўнікі выручылі з вырабам памятных сувеніраў і т.п. Усім названым кіраўнікам у знак удзячнасці ад савета клуба і яго выхаванцаў падрыхтаваны граматы. Словы ўдзячнасці – і майстру спорту па каратэ-дэ, выхаванцы клуба Святлане Шыш. Яна выступіла галоўным суддзёй турніру. Правяла яго мая дачка Стэфанія, на цяперашні момант – прэс-сакратар «Мінск-арэны».  

– Як вам самому турнір?

– Турнір у Падольску быў вельмі высокага ўзроўню. У нас было не горш. Прадстаўнікі Падольска далі высокую ацэнку яго арганізацыі. Пасля турніру яны захацелі наведаць спартыўную залу СШ № 3, дзе праходзяць нашы асноўныя трэніроўкі. Зала сама па сабе невялікая, кампактная, але яна ўразіла сваёй практычнасцю, інфармацыйна-ідэалагічным напаўненнем, сувяззю клуба з воінамі-інтэрнацыяналістамі.

Не менш важны вынік турніру – дзеці пазнаёміліся паміж сабой, у іх завязалася дружба. Разам яны былі на канцэрце, вячэрнім салюце. Нездарма старшыня Падольскага раённага аддзялення міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі ветэранаў паветрана-дэсантных войск і войск спецыяльнага прызначэння «Саюз дэсантнікаў» і кіраўнік клуба «Факел» Уладзімір Быкоўскі сказаў: «Мы адчулі на беларускай зямлі, што ваша дзяржава – мірная, з вялікімі надзеяй і перспектывай».

Дамоў расіяне паехалі прыемна ўражаныя не толькі гасцінным прыёмам, культурна-экскурсійнай праграмай, а і ўзнагароджаннем. Іх здзівілі медалі з сімволікай Стоўбцаў. Спадабаўся і сам наш чысты горад.

– Якія перспектывы вы бачыце ў клуба?

– Нам неабходна трапіць на чэмпіянат рэспублікі па рукапашным боі сярод юніёраў. Армейскі рукапашны бой у Беларусі пакуль не культывуецца, з-за гэтага падольцы і назвалі нас першаадкрывальнікамі. Аднак вядома, што ў гэтым годзе зарэгістравана Федэрацыя армейскага рукапашнага бою і панкраціёну. Буду наладжваць кантакты, каб трапіць у іх сетку правядзення турніраў. З Федэрацыяй рукапашнага бою наш клуб мае стасункі з 2004 года. Планаў – мноства, таму што ў клубе займаецца шмат таленавітых дзяцей, якім ужо цесна ў сваіх сценах. Дзеці пакуль адпачываюць, а з 1-га жніўня адновім заняткі. Наперадзе – новыя турніры. Услед за Падольскам да нас напрошваецца Дамадзедава. Там таксама дзейнічае добры клуб. Хацелася б стварыць сайт клуба, старонку ў інтэрнэце.

Таццяна Пяткевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *