Высокія паказчыкі дасягаюцца стараннем

Нумары Сельская гаспадарка

52b

Жывёлаводы МТФ «Засулле» ААТ «Каганец» займаюць па надоях малака першае месца ў таварыстве і ўваходзяць у дзясятку лепшых фермаў раёна. Як адзначае брыгадзір Таццяна Тарасевіч, высокі вынік дасягаецца стараннямі ўсяго калектыву. Падабралася каманда аднадумцаў. Працуюць на ферме добрасумленныя людзі, таму і паказчыкі відавочныя. У гэтым годзе ў жывёлаводаў ёсць усе магчымасці (аб гэтым сведчаць і вынікі) перасягнуць васьмітысячны рубеж.

Таццяна Аляксандраўна ўзначальвае ферму апошнія пяць гадоў і ўмела кіруе вытворчым падраздзяленнем. Яна дасканала ведае ўсе тэхналагічныя працэсы, бо васямнаццаць гадоў адпрацавала аператарам машыннага даення. Крышку пахвалявалася жанчына толькі тады, калі пабудавалі рабатызаваную ферму. Утрымліваецца тут беспрывязна 200 жывёлін.

– Спачатку было страшнавата, а цяпер прывыкла, – гаворыць брыгадзір. – Каровы таксама ўвайшлі ў рытм кругласутачнага даення – робат доіць кожную рагулю праз шэсць гадзін. Стараемся трымаць дасягнуты ўзровень надояў малака. Стаіць на ферме больш за 160 кароў на прывязі. Паказчык па надоях тут крышку вышэйшы. Думаю, што неўзабаве і на робатах ён павялічыцца. Летась пабудавалі нам новы «клюшачнік», дзе вырошчваем сваіх цялушак, якіх паступова ўводзім у асноўны статак. Надоі ўзрастаюць, адпаведна павялічваецца і заработная плата ў людзей.

Брыгадзір расказвае, што сёлета з кармамі ў таварыстве праблем пакуль што не існуе. Травяных дастаткова, ёсць камбікорм і сланечнікавы шрот. І на зімова-стойлавы перыяд працаўнікі раслінаводчай галіны пастараюцца забяспечыць жывёлу якаснымі кармамі. Ужо закладзена сянажная яма. Дастаткова запрасавана якаснага зялёнага корму ў палімерную плёнку. Падрастае кукуруза.

– Цалкам давяраю сваім спецыялістам, якія пры неабходнасці могуць замяніць мяне, – кажа Таццяна Аляксандраўна. – Гэта ветурач Аляксандр Домась, які трэці год працуе ў нас пасля заканчэння ўніверсітэта. Задаволена яго работай – вельмі адказны малады чалавек, які добра ведае сваю справу. Тэхнік-асемянатар Валянціна Паляшчук – выдатны спецыяліст, яна мае высокі выхад цялят. Менавіта ад яе рупнасці залежаць нашы будучыя надоі.

Увесь калектыў на ферме налічвае 25 чалавек. Сярод аператараў машыннага даення першае месца не толькі на ферме, а і ў гаспадарцы, утрымлівае Алена Райская, якая надаіла ад кожнай каровы сваёй групы па 4443 кілаграмы малака і прыбавіла 1013 кілаграмаў да адпаведнага выніку летась. Алена Канстанцінаўна хоць і нядаўна працуе ў таварыстве, але хутка асвоіла прафесію і выйшла ў лідары. Святлана Гаркач мае вынік 4380 кілаграмаў. Ужо перасягнула чатырохтысячны рубеж Аляксандра Вагуліс. Неблагі паказчык у Надзеі Кухарчык. Падменным аператарам шчыруе Вячаслаў Курыла. Справы ў яго таксама ідуць добра. Якасць малака ў гаспадарцы высокая, і ў гэтым немалая заслуга слесара па абслугоўванні абсталявання Івана Бельскага. Аператарамі на робатах рупяцца Барыс Шэраш, Мікалай Самахвал, Анатоль Фенька.

Ладзяцца на ферме і мясныя справы. Цялят даглядаюць і маюць высокія паказчыкі Таццяна і Мікалай Сярковы. Стараюцца цялятніцы Наталля Равоцька і Ганна Маліноўская. Корміць цялушак узнаўлення Віктар Бычынскі.

На здымку: (злева направа) брыгадзір Таццяна Тарасевіч, аператары машыннага даення Алена Райская, Святлана Гаркач, Надзея Кухарчык, Аляксандра Вагуліс, ветурач Аляксандр Домась, аператар машыннага даення Вячаслаў Курыла, тэхнік-асемянатар Валянціна Паляшчук.

Надзея Баталка, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *