Адзінае свята для ўсіх

Нумары Спорт

300x200_52fe35f5a966aДзень святога Валянціна стаў сапраўды святочным. І не толькі для маладых, якім так патрэбна свята кахання. Старэйшыя больш згадвалі наступны дзень – Стрэчанне. Але 14 лютага аб’яднала ў адзінай радасці ўсіх.

«Як там Домрачава?» – пытанне, што задавалі і людзі, здавалася б, далёкія ад спорту. І чакалі вечара, калі тэлерэпартаж з Сочы выявіць, ці падмацуе слаўная спартсменка свой залаты набытак яшчэ адным медалём.

«Ура!»  – гучна раздавалася ў тысячах кватэр. А крыху пазней радасць падмацавалася яшчэ адным поспехам каманды Беларусі на Алімпійскіх гульнях. Да двух залатых медалёў біятланісткі Дар’і Домрачавай дабавілася ўзнагарода вышэйшага гатунку, здабытая Алай Цупер. З хваляваннем, захапленнем глядзелі, як маланкава імчыцца па лыжні, трапна страляе па мішэнях Домрачава, а затым – складаныя акрабатычныя піруэты, узляцеўшы з лыжнага трампліна ў фрыстайле, выконвае Цупер. І іх намаганні, іх майстэрства ацэнена аб’ектыўнымі секундамі і баламі вышэй за ўсіх.

«Ну і што, – спытае скептык, – слава і ўзнагароды ім, а якая нам палёгка?» Такіх абыякавых, на шчасце, зусім няшмат. А незабыўныя імгненні перамог, дасягненні краіны ў розных сферах згуртоўваюць нацыю, даюць яскравае адчуванне таго, што мы назавём патрыятызмам.

Поспех  на Алімпіядзе – вяршыня спартыўных перамог. Алімпійскія гульні, якія зарадзіліся ў глыбокай старажытнасці ў Грэцыі, былі перыядам, калі спыняліся войны, заключаліся перамір’і. Гучаць пераможныя спартыўныя мелодыі – маўчаць гарматы. Такое з сівой даўніны было высакародным дэвізам. І адроджаныя больш як стагоддзе таму спаборніцтвы зімовай і летняй Алімпіяд, што праводзяцца раз у чатыры гады, пацвярджаюць высокія спартыўныя і агульначалавечыя маральныя прынцыпы.

Алімпійскі чэмпіён – гонар і слава ўсёй дзяржавы. Пераможцам устаноўлены помнікі ў многіх краінах, абсталяваны музеі славы. Тытанічная праца, выключная воля і, безумоўна, талент выводзяць на алімпійскі п’едэстал. На час, калі рыхтаваўся гэты артыкул, на рахунку зборнай Беларусі былі тры залатыя і бронзавы медалі. Чытачы ўжо, пэўна, ведаюць, ці дабавіліся да гэтага рахунку новыя ўзнагароды. Бо яшчэ не вычарпалі праграму выступленняў нашы біятланісты, дзе гатовы былі папоўніць медальны запас Дар’я Домрачава, Надзея Скардзіна, нашы фрыстайлісты. Але ўжо зразумела, што ў канчатковым медальным заліку Беларусь будзе ў адным радзе з магутнымі спартыўнымі дзяржавамі Германіяй, ЗША, Расіяй, Канадай, Кітаем, Нарвегіяй, Галандыяй. Вядомыя высокая ступень развіцця і патэнцыял гэтых краін. І мы не горшыя!

Менавіта так з пункту гледжання здароўя, аўтарытэту, надзейнасці нацыі ацэньваюцца ў свеце спартыўныя поспехі. Нездарма Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў дасягненні спартсменаў самай лепшай дыпламатыяй. Перамовы ў розных накірунках лягчэй весці, калі ведаюць: краіна, якая мае пераможны спорт, – моцная і перспектыўная. Зразумела, што і цёплая сустрэча ў Сочы з Аляксандрам Лукашэнкам дала імпульс нашым спартсменам, натхніла да новых перамог.

Прэзідэнт сам актыўны спартсмен. І гэта  стварае імідж краіны ў свеце. А ці можам мы сёння назваць Беларусь сапраўды спартыўнай? Ці падмацуецца  цяперашні поспех стабільнымі перамогамі на далейшых спартыўных форумах? Аснова, база для гэтага ёсць, ствараецца. Выдатныя спартыўныя комплексы функцыянуюць не толькі ў сталіцы, але і ў многіх гарадах, ужо не толькі абласных цэнтрах. Фізкультурна-аздараўленчы комплекс з плавальным басейнам, спартыўнай залай неўзабаве ўступіць у дзеянне ў Стоўбцах. Абнаўляецца гарадскі стадыён «Юнацтва», нядрэнныя спартыўныя аб’екты ў Дзераўной, Наваколасаве. Падрастае юнае пакаленне, нашы рабяты паспяхова займаюцца ў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах, удасканальваюць уменне ў вучылішчах алімпійскага рэзерву. Як бачым па публікацыях газеты, радуюць яны спартыўнымі поспехамі. Магчыма, не адна мама цяпер задумаецца: можа аддаць свайго сына ці дачку ў спартыўную школу? Калі і з самых меркантыльных пабуджэнняў – важкія прызавыя сумы даюць гарантыю забяспечанага жыцця, з’явіцца  магчымасць пабываць у розных краінах. Усё гэта дасягальна, калі ёсць здольнасць, жаданне і гатоўнасць настойліва працаваць, павышаць сваё ўменне і фізічную гатоўнасць.

А мы самі які лад жыцця вядзём? Калі апошні раз станавіліся на лыжы, рабілі прабежку на стадыёне, у скверы ці па тратуары? І выехалі на прыроду не за рулём аўтамабіля, а на веласіпедзе. Урэшце рэшт ці праходзім штодзень хаця б з кіламетр пешшу? Ці не забыліся на залатыя правілы: «зрабілі зарадку – здароўе ў парадку», «у здаровым целе здаровы дух»?

Ззянне алімпійскіх перамог і тут можа служыць пуцяводнай зоркай для нашага актыўнага ладу жыцця. Хутка праляцяць дні Алімпіяды, наперадзе – Чэмпіянат свету па хакеі, які ўпершыню пройдзе ў Мінску. Няхай жа будуць толькі пераможныя эмоцыі, якія бадзёраць, натхняюць, умацоўваюць пачуццё гонару за нашу Айчыну.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *