На веласіпедах – у гонар Якуба Коласа

Нумары Соцыум Спорт

53b

У мінулыя выхадныя на Стаўбцоўшчыне прайшоў абласны веласіпедны тур сярод кіруючага саставу Мінскай вобласці, прысвечаны 72-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 135-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа.

Плошча Бессмяротнасці

Мерапрыемства атрымалася крэатыўнае і сапраўды маштабнае, якое сабрала прадстаўнікоў Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, абласных ведамасных арганізацый і раённых выканаўчых камітэтаў Міншчыны. На старт выйшлі намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Сірэнка, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі, заслужаны майстар спорту, алімпійскі чэмпіён па веласіпеднаму спорту Уладзімір Камінскі. Каманда Стаўбцоўскага раёна выступала на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Юрыем Горлавым.

Бліжэй да дзесяці раніцы на плошчу Бессмяротнасці пачалі падцягвацца каманды веласіпедыстаў, і лагодны ліпеньскі вецярок прыгожа развяваў над імі сцягі – дзяржаўныя, спартыўныя, сваіх раёнаў, Мінскай вобласці. Сонца свяціла нібы па заказу. На некаторы час цэнтр Стоўбцаў стаў поўнасцю пешаходна-веласіпеднай зонай.

Неўзабаве ўся плошча запоўнілася яркімі колерамі адмысловых велакасцюмаў і спартыўных маек, паверх якіх – стартавы нумар удзельніка. Сярод іх – людзі самых розных узростаў.

Адкрыў абласны веласіпедны тур на плошчы Бессмяротнасці ў Стоўбцах старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ісачанка. Узгадаўшы знакамітыя коласавы радкі – «Мой родны кут, як ты мне мілы!», – Анатолій Міхайлавіч зазначыў у прывітальным слове:

– Веласіпедны тур – гэта магчымасць не толькі ўмацаваць здароўе. Ён аб’ядноўвае людзей. Прыемна, што прабег праходзіць на радзіме Якуба Коласа, у прыгожых паэтычных мясцінах. Ён падорыць пачуццё адрэналіну, дух саперніцтва, – і гэта здорава! Усім удзельнікам – спадарожнага ветру, падтрымкі адзін аднаго, разумення, поспехаў!

Загучаў Дзяржаўны Гімн Рэспублікі Беларусь. Ля памятнага мемарыяла была аб’яўлена мінута маўчання, а ў памяць аб загінуўшых героях вайны да яго падножжа ўдзельнікі велапрабегу ўсклалі кветкі.

Усе ўдзельнікі гатовы да таго, каб адправіцца ў веламарафон працягласцю 42 км, па маршруце Стоўбцы – аграгарадок Вішнявец – філіял літаратурнага музея Якуба Коласа «Смольня» – турбаза «Высокі бераг».

Стоўбцы – Вішнявец

Старт быў дадзены ля падатковай інспекцыі на вуліцы Танкістаў, ад імправізаванай аркі з паветраных шароў.

Перад стартам намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Віктар Сірэнка даў для сродкаў масавай інфармацыі міні-інтэрв’ю:

– На Міншчыне велапрабегі арганізуюцца з 2015 года. Першы праходзіў у Валожынскім раёне, другі – у Крупскім, трэці – у Стаўбцоўскім. З кожным годам колькасць яго ўдзельнікаў прыбаўляецца. Пачыналі з сотні, а сёння зарэгістравалася больш за 480 чалавек. Дабавіўся брэсцкі і іншыя рэгіёны, таму наш велатур становіцца міжрэгіянальным.

Невыпадкова, што сярод асноўных задач абласнога веласіпеднага тура вызначана прапаганда сацыяльных каштоўнасцяў здаровага ладу жыцця і веласіпеднага спорту, захаванне нацыянальных традыцый беларускага народа.  

Стаўбчане выйшлі на вуліцы, каб пабачыць незвычайнае для горада відовішча і прывітаць калону веласіпедыстаў, якая ў суправаджэнні машын ДАІ рушыла ў напрамку Вішняўца. Такім чынам, участак рэспубліканскай аўтамабільнай дарогі Р54 Пяршай – Івянец – Нясвіж на час веласіпеднага тура поўнасцю быў аддадзены ў распараджэнне веласіпедыстаў. Транспартныя сродкі на дарозе былі толькі спецыяльнага прызначэння – «хуткая дапамога», прэса, МНС і т. п.

Калі пераезд мінулі, з узвышша па левую руку адкрыўся звілісты бераг Нёмана, Новы Свержань, на працягу якога паўсюдна віталі ўдзельнікаў велапрабегу мясцовыя жыхары. На аўтобусным прыпынку каля старажытнага касцёла дружна выстраілася з шарамі дзетвара разам са сваімі выхавацелямі і педагогамі. Удзельнікі велапрабегу з радасцю адгукаліся на прывітанні.  

Першыя кіламетры – самыя лёгкія і прыемныя, але вось за Новым Свержанем пачаліся адзін за адным пад’ёмы і спускі. Іх, дарэчы, нямала было на ўсёй «марафонскай» дыстанцыі Стаўбцоўшчыны. Як вынік – трэба інтэнсіўна круціць педалямі. У некаторых удзельнікаў пачаліся першыя праблемы, пераважна – з веласіпедам. Пры пераключэнні перадачы саскокваў ланцуг. Тады з’язджай на абочыну, папраўляй недахоп і – даганяй калону. Дзяўчатам і жанчынам дапамагалі іх таварышы па камандзе. Некаторыя злазілі з веласіпеда і ішлі пад горку пешшу, а некаторыя спецыяльна адставалі, таму што хацелі перадыхнуць. Кожны мог ехаць сваім тэмпам, таму бліжэй да Вішняўца калона расцягнулася не на адзін кіламетр.

У Вішнявец прыехалі менш чым за гадзіну, і тут удзельнікаў велатура таксама віталі мясцовыя школьнікі, вясковыя жыхары. На возеры быў арганізаваны першы прывал. Можна было адпачыць і падмацавацца, а таксама змераць ціск, атрымаць кансультацыю ўрача. Адпаведны перасоўны медыцынскі пункт працаваў пад эгідай цэнтральнай раённай бальніцы, Мінскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. У гэты час мясцовыя артысты не толькі заліхвацкі спявалі для ўдзельнікаў велапрабегу, а і падтанцоўвалі.

Падчас прывалу на беразе возера нам удалося пагутарыць з адным з удзельнікаў велатуру – заслужаным майстрам спорту, алімпійскім чэмпіёнам па веласіпедным спорце Уладзімірам Камінскім.

– У Беларусі я першы алімпійскі чэмпіён у веласпорце (гэта здарылася ў 1976 годзе). Аднак тое – у былым. Сёння, калі мяне запрашаюць, з задавальненнем удзельнічаю ў велапрабегах. Кожны з іх – па-свойму цікавы. Для некаторых удзельнікаў ён стане пабуджальным матывам да таго, каб больш рухацца, ездзіць на веласіпедзе, бо гэта патрэбна для здароўя. Памятаю першы вопыт двух ранейшых абласных велапрабегаў. Міліцыя не рэгулявала яго хуткасць, былі падзенні… Сёння ўсё цудоўна. У велапрабега няма спартыўных мэтаў, і гэта здорава.

– Як вы ацэньваеце маршрут?

– У такім спакойным тэмпе бяспечна ехаць для ўсіх, нават для тых, хто першы раз сеў на веласіпед. Для мяне маршрут увогуле нескладаны. Падабаецца, як нас сустракаюць у населеных пунктах. Сёння вельмі камфортнае надвор’е. Я ўзяў з сабою сумачку на выпадак дажджу, а тут такое шчасце, што прагноз аказаўся памылковым.

– Як часта карыстаецеся веласіпедам?

– Два-тры разы на тыдзень. У залежнасці ад надвор’я. Шмат у сваім жыцці правёў на веласіпедзе, таму цягне да яго. Кручу педалі і адчуваю сябе вельмі добра.

Вішнявец – Смольня

Маршрут велатура кліча ўсіх далей. Удзельнікі праязджаюць праз вёску Навапольцы, Крамец і любуюцца тутэйшымі краявідамі, людзьмі. Вёскі – прыбраныя, дагледжаныя. Тыдзень таму ў Навапольцах адзначалася свята вёскі. У дварах шмат кветак і – бабуліных унукаў. Усе яны з цікаўнасцю высыпалі на вуліцу і праводзяць калону да апошняга веласіпедыста. Невялікі прыпынак зроблены сярод лесу, што дае магчымасць перадыхнуць і схавацца ад сонца.

У Мікалаеўшчыне ля школы ўдзельнікаў велатуру чакалі Коласавы нашчадкі – малодшыя вучні школы, якая носіць імя Якуба Коласа. А ў Смольні, на адной з літаратурна-мемарыяльных сядзібаў песняра, гасцей віталі вакальны калектыў «Берагіня» і дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская.

– Сёння – цудоўнае свята, якое сведчыць пра здаровыя дух і цела. Сёлета мы адзначаем 135-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы. Гэтымі днямі, 12-га ліпеня, 105 гадоў таму менавіта ў Смольні адбылася першая сустрэча двух песняроў, – звярнулася да ўдзельнікаў велапрабегу Зінаіда Камароўская і запрасіла пазнаёміцца з музейнай экспазіцыяй.

Магчыма, гэта запрашэнне і аўра Коласавых мясцін падштурхне кагосьці яшчэ не раз прыехаць сюды самастойна, у тым ліку і на веласіпедзе. Акурат гэта знакавае месца каманда Стаўбцоўскага раёна выбрала для агульнага памятнага фотаздымка.

У складзе каманды – старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Яўген Кандратовіч, начальнік аддзела ЗАГС Надзея Картузава, ахоўнік Дэпартамента аховы Андрэй Картузаў, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Раман Кузняцоў і яго намеснік Дар’я Варывоцкая, начальнік лабараторыі Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната Алена Супрун, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Ларычэў. Усе – у аднолькавых блакітна-жоўтых спартыўных майках і бейсболках. Настроены ісці да канца. Уражанні – ехаць было з ветрыкам, няцяжка. А Дар’я Варывоцкая, наша вядомая лыжніца, дадае: веласіпед – гэта яе ногі, гэтым транспартам з Атцэды дабіраецца на работу.

Велапрабег стаў выпрабаваннем і для іншых стаўбчан, якія выступалі за свае абласныя арганізацыі: работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях – за Мінскае абласное ўпраўленне МНС, Стаўбцоўскага лясгаса – за Мінскае дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне і т. п.

Смольня – турбаза «Высокі бераг»

Застаецца пераадолець невялікі адрэзак дарогі і ўжо блізкі фініш. Турбаза сустракае на самым высокім узроўні – са сцягамі і транспарантамі, групамі падтрымкі, музыкай, успышкамі фотакамер. І ў веласіпедыстаў – узнятыя рукі, радасныя воклічы. Усе даехалі – значыць, малайцы! Усе – пераможцы!

Сярод тых, хто фінішыраваў, – суддзя, прадстаўнік Мінскай абласной арганізацыі Беларускай федэрацыі ветэранаў фізічнай культуры і спорту Уладзімір Мацулевіч.

– Які па ліку гэты велапрабег у вашым жыцці? – пацікавіліся мы ва Уладзіміра Віктаравіча.

– Дакладна сказаць цяжка, але мой першы велапрабег быў дзесьці 40 гадоў таму на Пухаўшчыне, адкуль я і прыехаў. Усе яны, як і сённяшні, – з добрай, шчырай атмасферай. Я прымаў удзел і ў першых двух абласных велапрабегах. Першы, па Валожыншчыне, запомнілася, праходзіў пад праліўным дажджом, але ўсё роўна дайшлі да фінішу. Сёння са мною круцілі педалі многія мае знаёмыя.

– Вы – заўзяты веласіпедыст?

– Веласіпедам карыстаюся кожны дзень і круглы год. Амаль усё жыццё выкладаў у школе фізічнае выхаванне. Мне хочацца навучыць дзяцей і заахвоціць да гэтага віду спорта. Для гэтага праводжу ў сябе, на Пухаўшчыне, велафестывалі для дзяцей ва ўзросце ад 4 да 14 гадоў. Прысвячаю іх памяці загінуўшых на вайне землякоў, воінаў-афганцаў – Леаніда Бірковіча, Мікалая Чэпіка. У гэтым мяне падтрымала спецыяліст упраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама А. А. Чарняўская. Рэалізую шмат праектаў: «Подвигам нет забвения», «Белорусские орлята», «Будущие олимпийцы». Мне 69, але сядзець без справы не хочацца. Задаю сабе пытанне: «А што мы, старэйшае пакаленне, зрабілі для моладзі?»  

Пасля фінішу

Пасля фінішу на турбазе вырас палатачны гарадок, для жадаючых былі арганізаваны спартыўныя конкурсы. У паркавым валейболе вызначыліся каманды райвыканкамаў: першае месца заваяваў Мядзельскі, другое і трэцяе – Чэрвеньскі і Крупскі (адпаведна). У іншых конкурсах былі названы пераможцы ў асабістым заліку: у дартсе – Алена Закервашэвіч (Мінскі райвыканкам) і Артур Бельскі («Мінскаблдарбуд»), падняцці гіры – Наталля Круцікава (Крупскі райвыканкам) і Канстанцін Бабіч (абласное ўпраўленне МНС), фігурным кіраванні веласіпеда – Святлана Сядзечка (Жодзінскі гарвыканкам) і Аляксандр Супрун (інфармацыйна-вылічальны цэнтр аблвыканкама), стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі – Таццяна Кабушкіна (Салігорскі райвыканкам) і Ягор Цыплакоў (Пухавіцкі райвыканкам), мятанні валёнка – Вікторыя Сіпачова (Чэрвеньскі райвыканкам) і Вадзім Бандарэнка (галоўнае ўпраўленне кадравай работы Мінаблвыканкама).

Сярод прызёраў конкурсаў – стаўбчане Андрэй Картузаў (мятанне валёнка), Дар’я Варывоцкая (падняцце гіры), Вольга Салей і Вадзім Грахольскі (стральба).    

Да наступнага года, велатур!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Нэлі АСТРЭЙКА

і Фёдара БАНДАРОВІЧА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *