Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістравана па раёне шэсць шлюбаў, зроблена сем адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі дзесяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Ангеліна Маркава, Данііл Сушко, Настасся Столп, Ангеліна Конан, Ульяна Штумф, Раман Лянцэвіч, Арцём Явід, Сцяпан Ціцянок, Ангеліна Шыбко і Настасся Любко.

Зямны шлях закончыўся для дванаццаці жыхароў раёна.

У пажарнай часці паведамілі аб адным здарэнні. У летняй кухні гаспадара Ячонкі ўспыхнула газава-паветраная сумесь, у выніку пацярпелі два чалавекі, якія з траўмамі змешчаны ў раённую бальніцу.

Міліцыяй зарэгістравана 127 паведамленняў аб правапарушэннях. У Ждановічах з двара гаспадара ўкрадзены прычэп «Зубраня», а ў Залужжы – дарожны веласіпед. З дома ў Наваколасава злодзей вынес асабістыя рэчы. Учынены два крадзяжы тавараў у магазінах.

Пракуратурай раёна праведзена праверка прытрымлівання Стаўбцоўскім РАУС патрабаванняў заканадаўства пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу за парушэнне заканадаўства аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, падчас якой устаноўлена, што службовымі асобамі дапускаюцца яго парушэнні. Заяўлены два пратэсты, начальніку РАУС унесена прадстаўленне .

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены два пратаколы на трох грамадзян раёна, якія незаконна здабылі двух дзікоў. За нанесены навакольнаму асяроддзю ўрон яны аштрафаваны на суму 240 базавых велічынь. Адначасова Стаўбцоўскім раённым аддзелам Следчага камітэта ў адносінах да іх узбуджана крымінальная справа.

Суд вынес прыгавор двум хаўруснікам з Шашкоў за серыю крадзяжоў і спробу ўгону аўтамабіля. Адзін атрымаў два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, другі, неаднаразова судзімы – тры гады і адзін месяц калоніі строгага рэжыму з прымусовым лячэннем ад хранічнага алкагалізму. Шэсць сямейных і вулічных скандалістаў атрымалі штрафы і адміністрацыйныя арышты.

ДАІ выявіла 234 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – трое п’яных вадзіцеляў. З 20 па 23 ліпеня праводзіцца прафілактычная акцыя «Хуткасць». Адбылося пяць дробных дарожна-транспартных здарэнняў.

«Хуткая» атрымала 200 выклікаў, тры з іх былі да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Падрыхтавала

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *