На Стаўбцоўшчыне

Нумары Раённыя навіны

СТОЎБЦЫ ЛЕТАМ 41-ГА

У час святкавання Дня горада адкрылася фотавыстаўка «Стоўбцы летам 1941 г.». На фотаздымках, зробленых салдатамі вермахта у чэрвені – ліпені 1941 года, мы можам убачыць мост праз раку Нёман, чыгуначны вакзал, разбітую тэхніку, разбураныя і спаленыя хаты на стаўбцоўскіх вуліцах. Таксама ўражваюць здымкі ваеннапалонных чырвонаармейцаў, для якіх у Стоўбцах быў створаны часовы лагер.

Гэта фотавыстаўка стала магчымай дзякуючы Наталлі Фосс (у дзявоцтве Ганчаровай), якая скончыла СШ № 2 г. Стоўбцы, а пазней пераехала на сталае жыхарства ў Германію. Любоў да роднага горада не давала ёй спакою і, калі пабачыла на аўкцыёнах фотаздымкі нямецкіх салдат, зробленыя ў Стоўбцах у 1941 годзе, вырашыла выкупляць іх і перасылаць на радзіму.

Дзякуючы Людміле Назаранка, пры дапамозе раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы, гэты матэрыял увасобіўся ў фотавыстаўку. Запрашаем усіх, каму цікава ўбачыць свой родны горад у тыя цяжкія часы, наведаць Стаўбцоўскую дзіцячую бібліятэку імя Я. Коласа, дзе размешчана выстаўка.

Таксама ў дзіцячай бібліятэцы вы зможаце паглядзець экспазіцыю «Горад пяці стагоддзяў», якая распавядае пра гісторыю Стоўбцаў ад заснавання яго Слушкамі ў XVI стагоддзі да цяперашняга часу.

Міхаіл МІХНО,

старшыня раённай арганізацыі ТБМ імя Ф.Скарыны

НА БАЙДАРЦЫ ПА НЁМАНЕ

Упершыню за многія гады на турбазе «Высокі бераг» адноўлены сплавы на байдарках па Нёмане.

– Адндзённы або двухдзённы сплавы арганізаваны па выхадных, з начоўкай на тэрыторыі турбазы ў палатках, – адзначае дэталі сумеснага праекта турбазы і індывідуальнага прадпрымальніка з Мінска вядучы спецыяліст па турызму турбазы Мікалай Мазур.

Акрамя таго, на турбазе цяпер вялікай папулярнасцю карыстаецца паляна на беразе Нёмана, на якой арганізацыі Мінскай вобласці і рэспублікі праводзяць свае турзлёты. У паляны, варта сказаць, няма ніводнага перапынку – усе суботы і нядзелі ўжо распісаны аж да восені. Да паслуг турыстаў – абсталяванае кастрышча з дровамі, дзясятак альтанак. У кожнай з іх можа змясціцца разам 25-30 чалавек.

Пр

КАМАНДА НЕ ПАДВЯЛА

Добраахвотная пажарная каманда ВУ «Стоўбцыгаз» дастойна прадставіла Стаўбцоўшчыну на спаборніцтвах сярод добраахвотных каманд і дружын Мінскай вобласці, якія праходзілі на базе Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

Члены добраахвотнай пажарнай каманды газавікоў Станіслаў Бурдукевіч, Андрэй Кутас, Аляксей Рослік, Алег Самахвал, Андрэй Фамін, Іван Якусік паказалі добрыя вынікі ў праходжанні 100-метровай паласы з перашкодамі, пры правядзенні баявога разгортвання ад мотапомпы, а таксама ў тэстававанні па пытаннях аховы працы, тэхнікі бяспекі і медыцынскай падрыхтоўцы. Па выніках спаборніцтваў, у якіх прынялі ўдзел 24 каманды, у нашай каманды – шостае месца. «Садзейнічанне і ўзаемадзеянне пры падрыхтоўцы каманды да ўдзелу ў спаборніцтвах аказаў дырэктар ВУ «Стоўбцыгаз» Іван Шпілеўскі», – падкрэсліваюць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях.

Пр

АПОШНІЯ ХВІЛІНЫ

Сапернікам нашага «Нёмана-Агра» ў мінулую суботу была сталічная каманда «Энергетык-БДУ». Гульня з першых мінут сустрэчы вялася на роўных. Лік адкрылі госці, прарыў нападаючага «энергетыкаў» Рамана Бураца на 37-й мінуце завяршыўся дакладным ударам. У другім тайме нашы ўзмацнілі націск, але доўга на шанцавала. І толькі за мінуту да зыходу асноўнага часу, гледачы на стадыёне «Юнацтва» дружна ўсталі, вітаючы поспех Аляксандра Тарлікоўскага – 1:1. Нічыя? Не, ужо ў дабаўлены час Яўген Юдчык выводзіць «Энергетык-БДУ» наперад – 2:1. Вось такія стрэсавыя апошнія хвіліны.

Такім чынам, у каманды «Нёман-Агра», пасля праведзеных 14 гульняў, засталося 12 ачкоў. Стаўбчане займаюць цяпер у турнірнай табліцы чатырнаццатае месца. Ніжэй толькі ФК «Асіповічы» і «Смаргонь».

Наступны наш сапернік – «Белшына» з Бабруйска. Восьмае месца, на якім знаходзіцца гэтая каманда, вядома, не можа яе задаволіць. Летась жа «Белшына» выступала ў мацнейшым дывізіёне беларускага футбола. І, зразумела, поўная жадання зноў вырвацца наверх. Аднак жа, можа, пашанцуе нарэшце на чужым полі і нашым.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *