Травастой высокі, і людзі працуюць з аддачай

Нумары Сельская гаспадарка Соцыум

53c

СпорыццаработаўкорманарыхтоўшчыкаўААТ «Рубяжэвічы». На сенажацях шчыруе кормаўборачны атрад. Вядзецца другі ўкос траў. Працаўнікі стараюцца назапасіць для грамадскай жывёлы як мага больш травяных кармоў. Летась заклалі дастаткова сенажу і сёлета ўжо выканалі план па яго нарыхтоўцы — затрамбавана ў траншэі звыш трынаццаці тысяч тон. На ўмоўную галаву жывёлы прыпадае амаль 14 цэнтнераў кармавых адзінак, а гэта, лічы, на чатыры цэнтнеры больш за леташні вынік. Па паказчыках дбайныя працаўнікі займаюць першае месца ў раёне. Варта адзначыць, што ў мінулым годзе таварыства выйшла пераможцам раённага і абласнога спаборніцтваў па нарыхтоўцы кармоў, сёлета справы таксама ладзяцца.

Кіраўніцтва гаспадаркі задаволена тэмпамі і якасцю работ. Правяленая зялёная маса затрамбавана ў сем сянажных траншэй. Кожная запаўнялася на працягу двух-трох дзён. Калі ішлі дажджы, дабаўлялі ў масу кансерванты. Падчас закладкі кармоў адпаведнай раённай службай правяралася іх вільготнасць і тэмпература – пытанняў не ўзнікла.

– Напачатку касавіцы, калі травы на сенажацях адрасталі марудна, мы асцерагаліся, што не закладзём неабходную колькасць кармоў, – расказвае дырэктар Андрэй Атрушкевіч. – Таму прадпрынялі тэрміновыя меры – зрабілі некалькі падкормак траў калійнымі ўгнаеннямі, не пашкадавалі і азотных. Пасля дажджоў сенажаці ажылі, і травы хутка пайшлі ў рост. Травастой на іх высокі, густы. Пакуль ўсё складваецца няблага.

Андрэй Міхайлавіч звяртае ўвагу на тое, што асабліва парадавалі ўчасткі, на якіх травы высяваліся першы год, летась і пазалетась – накасілі з кожнага гектара па 500 цэнтнераў зялёнай масы. На сенажацях гаспадаркі пераважаюць бабовыя травы – канюшына і люцэрна. Убіраюцца травы не толькі на сянаж. Больш за 100 тон правяленай зялёнай масы штодзень завозіцца на МТФ «Новыя Рубяжэвічы», дзе каровы не пасвяцца. Запрасоўваецца сянаж таксама ў палімерную плёнку.

Не ўдалося корманарыхтоўшчыкам пакуль што насушыць у дастатковай колькасці сена, але час яшчэ ёсць, і трава таксама. Галоўнае, каб надвор’е паспрыяла. Папаўняць кармавыя запасы восенню будуць кукурузным сіласам. Кукуруза расце, і ёсць спадзяванні, што да гэтага часу яна больш падцягнецца, бо летась расліны развіваліся лепш.

Назапашваюць кармы ў таварыстве сваімі сіламі. Людзі працуюць з поўнай аддачай. На дзень наведвання гаспадаркі на сенажацях за Рубяжэвічамі касіў траву механізатар Алег Шышка, побач варушыў масу граблямі Эдуард Неўмяржыцкі (на здымку ўнізе). Вопытныя работнікі штогод заняты на гэтай аперацыі. На прэс-падборшчыку рупіўся Юрый Янкоўскі (на здымку ўверсе).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *