З афіцэрскімі пагонамі

Нумары Соцыум

53d

Пра афіцэрскую прафесію марыць у дзяцінстве ледзьве не кожны падлетак. У афіцэра – выпраўка, прыгожая форма адзення, пагоны на плячах. На афіцэра пажарнай службы дзеці глядзяць з захапленнем… Сярод іх нямала і дзяўчынак…

У свой час трапіла пад гэты ўплыў і вучаніца Заямнаўскай школы Таццяна Тарасевіч. Павага і цікавасць да прафесіі пажарнага прывяла яе ў ДУА «Гомельскі інжынерны інстытут» Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Атрымала дыплом, потым – ступень магістра, а не так даўно інспектару інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяне Тарасевіч прысвоена чарговае званне. Яна – першая дзяўчына-капітан пажарнай службы ў райаддзеле! Яе ведаюць у сем’ях, школах, на прадпрыемствах раёна. У раённай камісіі па справах непаўналетніх Таццяна прадстаўляе свой райаддзел і працуе вельмі актыўна, з маладым запалам унікае ў кожную сямейную сітуацыю і, як сапраўдны інспектар, паўсюдна не забывае нагадваць пра выкананне правілаў пажарнай бяспекі.

Тры гады назад з пасады настаўніка ў пажарную службу прыйшла яшчэ адзін сімпатычны супрацоўнік – Вольга Салей. Яна атрымала неабходныя веды ў Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі МНС Рэспублікі Беларусь. Будучы прызначанай на пасаду інспектара групы прапаганды, прывівае культуру жыццядзейнасці жыхарам раёна і, у першую чаргу, – дзецям. Колькі святаў бяспекі для іх было арганізавана на гарадскім стадыёне, у дзіцячых аздараўленчых лагерах!

– Са школьнікамі шмат ездзім на конкурсы, турзлёты, – расказвае Вольга. – Прыемна, што ўсе хочуць паказаць вынік, дастойна выступіць за свой раён.

На працягу апошніх гадоў разам з Вольгай Салей нашы дзеці ўваходзяць у пяцёрку лепшых у конкурсе вясёлых і знаходлівых, «Школе бяспекі». Калі раней мала хто ўяўляў, што такое пажарны спорт, то сёння створана база для яго, з’явілася жаданне займацца ім і, галоўнае, відавочныя аддача і вынік. За сумесную працу Вольга выказвае ўдзячнасць метадысту аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяне Грамыка, дырэкцыям школ, раённага Цэнтра культуры, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. З імі яна і сама выйшла ў прызёры – заняла трэцяе месца сярод прапагандыстаў Мінскага абласнога ўпраўлення МНС. Цяпер ідзе праца над стварэннем адукацыйнага мініцэнтра па бяспецы жыццядзейнасці.

У цэнтры прафілактычнай работы знаходзіцца ўвесь склад інспекцыі нагляду і прафілактыкі. Касцяк яго нельга ўявіць без Сяргея Сіткевіча, Паўла Каразея, Віктара Лісоўскага. Будні ў інспектараў звязаны з праверкамі домаўладанняў, сустрэчамі ў працоўных калектывах і на сходах грамадзян, метадычнай дапамогай суб’ектам гаспадарання, маніторынгамі аб’ектаў. На сённяшні момант асноўная ўвага нададзена бяспецы ўборачнай кампаніі. Каб паспець усюды, інспектары не зважаюць нават на асабісты час.

За ўклад ў развіццё пажарнай службы раёна Сяргей Сіткевіч і Павел Каразей адзначаны медалямі «160 гадоў пажарнай службы». Абодва прайшлі перападрыхтоўку, дадаткова атрымалі спецыяльнасць «Правазнаўства» – каб ведаць заканадаўства і ўмела яго прымяняць. Гэтую ж спецыяльнасць атрымлівае ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце і начальнік інспекцыі, першы намеснік начальніка райаддзела Аляксандр Полацкі. Віктар Лісоўскі, самы малады з інспектараў, у мінулам годзе стаў бацькам (як і яго калега Павел Каразей) і, напэўна, атрымаў асалоду ад таго, што ў свой чарговы адпачынак паспеў узвесці сцены ўласнага дома.    

– Усе інспектары – людзі спрактыкаваныя, спартыўныя. Выхадцы са свайго раёна, – характарызуе сваіх калегаў Аляксандр Полацкі.

Непарыўная сувязь са Стаўбцоўшчынай, дзе ўдалося рэалізавацца, знайсці сябе, – гэта прыкметная рыса не толькі інспекцыі, а ўсяго калектыву пажарных-выратавальнікаў раёна. Сярэдні ўзрост яго – 27 гадоў. Кожны шосты супрацоўнік адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі. Штогод заахвочвае пажарных таксама райвыканкам. Узаемаразуменне і садзейнічанне з боку райвыканкама сведчыць аб успрыманні РАНС як самадастатковага органа кантролю, які выконвае дзяржаўныя задачы.

На чале калектыву райаддзела стаіць Валерый Ілюшын, таксама выхадзец з мясцовых, як і яго намеснікі – Аляксандр Полацкі, Віталь Кожыч, Андрэй Герасіменка. Пра кожнага знойдзецца што расказаць – яны «выраслі» ў гэтым калектыве. Хочацца вылучыць Віталя Кожыча, шматдзетнага бацьку, на якога ўскладзены абавязак па падрыхтоўцы каманды да выступлення на абласной спартакіядзе і т. п. Яго немалая асабістая заслуга ў тым, што Стаўбцоўскі РАНС напрыканцы мінулага года быў адзначаны камісіяй МНС сярод прызёраў агляду-конкурсу па спартыўна-масавай рабоце.

Сёння начальнікамі каравулаў служаць Аркадзь Ваўчок і Вадзім Уставіч. Яны разам з работнікамі дзяжурных зменаў праводзяць экскурсіі для дзяцей. Дзецям, акрамя таго, цікава пагутарыць з варатаром футбольнай каманды «Нёман-Агра», якім з’яўляецца Вадзім Уставіч. У вядомай камандзе гуляе яшчэ адзін афіцэр РАНС – старшы інжынер Аляксандр Крамко.

У гэтым годзе з начальніка каравула пайшоў на павышэнне – на пасаду начальніка пажарнай часці – Вадзім Грахольскі. І небеспадстаўна. Яго каравул выйшаў першым па выніках работы за 2016 год. Вадзіма чакае ў бліжэйшы час яшчэ адна значная падзея – вяселле. Яго папярэднік Дзмітрый Рагоза пераведзены на пасаду начальніка рамонтна-аднаўленчай часці № 2 г. Стоўбцы, дзе ажыццяўляецца капітальны рамонт пажарнай тэхнікі з пяці раёнаў.

З дня ўтварэння пажарнай часці працуе старшы інспектар групы справаводства Людміла Ганісеўская. Стажу ў яе набярэцца больш, чым у любога афіцэра. За бездакорную службу сёлета яна адзначана Ганаровай граматай Мінскага абласнога ўпраўлення МНС. Да выхаду ў адстаўку працаваў у пажарнай часці таксама муж Людмілы Мікалаеўны.

Пажарным, з улікам спецыфікі службы, сабрацца ўсім разам, сем’ямі атрымоўваецца нячаста. Нядаўна такая магчымасць была – падчас паездкі ў Брэсцкую крэпасць, калі прымалі ўдзел у велапрабегу, арганізаваным абласным упраўленнем МНС. Затое дзеці і члены сем’яў пажарных ахвотна адклікаюцца на конкурсы мастацкай самадзейнасці.

У моладзі раёна расце інтарэс да пажарнай службы. У гэтым годзе 13 школьнікаў атрымалі накіраванне для паступлення ў вучэбныя ўстановы МНС. «Рыхтуецца дастойная змена», – падкрэслівае Андрэй Герасіменка.  

Са святам вас, паважаныя супрацоўнікі і ветэраны пажарнай службы!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: (злева направа) Андрэй Герасіменка і Вадзім Грахольскі; Віталь Кожыч, Аляксандр Полацкі і Таццяна Тарасевіч; Вольга Салей.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *