Убралі рапс – на чарзе збожжавыя

Нумары Ураджай

54a

Па стане на 24 ліпеня азімы рапс у ААТ «Жацерава» абмалацілі на плошчы 196 гектараў. Выканалі гэтую работу літаральна за тры дні і ў мінулы панядзелак меліся яе завяршыць, але з раніцы пайшоў дождж.

– Камбайнеры пастараліся, – гаворыць галоўны аграном Іна Леўкавец. – Засталося зжаць 30 гектараў, і як толькі наладзіцца надвор’е – камбайны выйдуць у поле. Разлічваем на супрацоўніцтва з нябеснай канцылярыяй.

У таварыстве задзейнічалі на ўборцы рапсу пяць экіпажаў. Шчыравалі Віталій Тарабэш і Яўген Конаўцаў, Ігар Рокаш з сынам Артурам, Аляксандр Ганчарэнка і Мікалай Міхайлоўскі, Мікалай Куркоў і Віталій Ганчарэнка, Сяргей Амельчыц. На адвозцы насення рупіліся Мікалай Дударэвіч, Вячаслаў Сідаровіч, Мікалай Амельчыц.

Ураджайнасць рапсу складае ў межах 24 цэнтнера насення з кожнага гектара. Высявалі айчынны сорт «капітал», які ныбылі ў элітгасе «Агранёманскі». Дадзены сярэднеспелы сорт адрозніваецца зімастойкасцю і стабільнасцю ўраджаю.

У працоўнай біяграфіі галоўнага спецыяліста сёлетняе жніво пятае па ліку і мае быць самым познім па тэрмінах уборкі. Калі летась на азімы рапс выйшлі 12 ліпеня, то сёлета на тыдзень пазней. У мінулым годзе на гэты час ужо выспелі ячмені. Іх і пачнуць убіраць першымі, бо пшаніца і трыцікале яшчэ не гатовы.

Масавае жніво ў раёне пачнецца, хутчэй за ўсё, на наступным тыдні. У таварыстве неабходна ўбраць 1044 гектара збожжавых. На адвозцы збожжа, як і ў мінулыя гады, будуць задзейнічаны не толькі свае аўтамашыны, а і вялікагрузы з ДУП «Аўтапарк №17».  

– Будзем старацца зжаць збажыну хутка і якасна. Складанай і напружанай чакаецца не толькі ўборачная, а і пасяўная, — працягвае размову Іна Анатольеўна. – Азімы рапс патрэбна пасеяць да 25 жніўня, а гэта значыць у сціслыя тэрміны неабходна будзе вызваліць уборачныя плошчы ад саломы, прайсці гліфасатамі і заараць. Унесці арганіку нам дапаможа механізаваны атрад з райаграсэрвіса. Людзі настроены на плённую працу.

Дарэчы, у нядзелю ў гаспадарцы ладзіліся зажынкі.

Надзея БАТАЛКА

На здымку: галоўны аграном Іна Леўкавец з экіпажамі камбайнераў перад пачаткам іх выхаду на рапсавыя палеткі.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *