Сам сабе наймальнік

Нумары Прадпрымальніцтва Соцыум

54c

Амаль дзесяць гадоў складае прадпрымальніцкі стаж у Яўгена Буцько. Да таго, як пайсці на вольны хлеб, ён працаваў на розных прадпрыемствах раёна (мае дыплом Мінскага політэхнікума). Найбольш значнае, непасрэдна звязанае з яго цяперашняй дзейнасцю, месца працы было на Стаўбцоўскім цагельным заводзе, які якраз будаваўся. Там набыў будаўнічыя навыкі і вопыт, а сёння самастойна аказвае паслугі па бягучым рамонце пабудоў і збудаванняў, можа выканаць унутраныя рамонтныя работы і нават пабудаваць для сям’і новы дом. Цяпер, у летнюю пару, ад заказчыкаў няма адбою.

З Яўгенам мы і пазнаёміліся ў працэсе яго прадпрымальніцкай дзейнасці на адным з аб’ектаў. Работы на ім якраз падыходзілі да завяршэння. Малярным пэндзлем ён надаваў фасаду будынка, які пасля рамонту стаў выглядаць абсалютна па-іншаму, апошнія штрыхі. Настрой у індывідуальнага прадпрымальніка дзелавы, аптымістычны.

– Не складана быць самому сабе наймальнікам? – цікаўлюся ў Яўгена.

– Я ўжо прывык, што ў адной асобе – тынкоўшчык, маляр, муляр. А яшчэ – бухгалтар, эканаміст, справавод… І гэта далёка няпоўны пералік усіх асвоеных прафесій. Аднак у падобнай універсальнасці ёсць свае плюсы – яна дазваляе мінімізаваць накладныя выдаткі і, адпаведна, удзешаўляць паслугі.

– А як у вас складваюцца адносіны з будаўнічымі арганізацыямі?

– Лічу, што індывідуальныя прадпрымальнікі, такія як я, – ім не канкурэнты, а яны – нам. Мы не будуем пяціпавярховак і іх хлеб не забіраем. Наш бізнес пераважна звязаны з бягучымі рамонтамі, ад якіх вялікія арганізацыі ўвогуле адмаўляюцца. Невялікія аб’ёмы работ для іх часцей за ўсё з’яўляюцца нявыгаднымі.

– Разам з тым, праца індывідуальнага прадпрымальніка не можа быць не прыбытковай?

– Мая праца – фізічна цяжкая, парой і няўдзячная. Яна грунтуецца на дагаварных цэнах, аднак гэтыя цэны, як правіла, ніжэй за дзяржаўныя расцэнкі. Мабільнасць, гібкасць, індывідуальны падыход дазваляюць эканоміць і знаходзіць розныя варыянты вырашэння пытання. А працую я надзейна, сумленна, каб заказчык не меў прэтэнзій.

– Сярод вашых заказчыкаў, напэўна, нямала пажылых людзей. Даходы ў іх невялікія, а ўзнікаюць пытанні, якія трэба тэрмінова вырашаць…

– У старых людзей жыллё далёка няновае, часта здараецца, што ў доме пацёк дах. Відавочна, што і страпільная сістэма даху слабенькая, новых лістоў шыферу можа не вытрымаць, а хочацца дапамагчы гэтаму чалавеку. Даю кансультацыю, шукаю спосабы, як з сучасных недарагіх матэрыялаў вырашыць праблему.

– Дзе вам прыходзілася прыкладаць сваё майстэрства?

– Для мяне важна, што мае паслугі запатрабаваныя як насельніцтвам, так і арганізацыямі. Зімой больш работы ўнутры будынкаў, летам – на вуліцы. Напрыклад, у Наваколасаве займаўся рамонтам балконаў шматпавярховых дамоў, якія знаходзяцца на балансе аб’яднання камунальных службаў. Гэта адзін са складаных аб’ектаў, таму што балконы былі ў аварыйным стане. Аднавіў, адрэстаўраваў з добрай якасцю каля трох дзясяткаў балконаў. Жыльцы засталіся задаволенымі. У райспажыўтаварыстве працаваў над санпрапускніком, рабіў «казыркі» над сельскімі магазінамі, мяняў у іх дзверы. Выканаў нямала заявак адносна бягучага рамонту сельскіх дамоў культуры, аздаблення офісаў. Сярод заказчыкаў былі, дарэчы, і замежныя кампаніі.

– Як яны ацанілі вашу працу?

– Больш за ўсё іх здзівіла культура вытворчасці. У канцы кожнага рабочага дня я ўсё за сабою прыбіраю, ніякіх звалак з адходамі на прылеглай да аб’екта тэрыторыі не пакідаю. Пасля мяне застаецца чыста, як быццам тут і не працаваў будаўнік.        

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *