Міліцыя – для дабрабыту грамадства

Ахова правапарадку Нумары

Вынікі работы райаддзела міліцыі за першае паўгоддзе бягучага года былі разгледжаны на аператыўнай нарадзе з удзелам прадстаўнікоў упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама, пракуратуры раёна, раённага аддзела Следчага камітэта. З дакладамі выступілі начальнік РАУС Іван Мамайка і яго намеснікі Міхаіл Мігура і Руслан Харута, адказныя адпаведна за блок крымінальнай міліцыі і міліцыю грамадскай бяспекі. Быў узняты шэраг праблемных момантаў, на падставе якіх перад асабовым саставам райаддзела міліцыі акрэслены найбольш актуальныя на даны момант задачы.

На Стаўбцоўшчыне ў першым паўгоддзі бягучага года павялічылася колькасць як заяў і паведамленняў грамадзян у міліцыю, так і колькасць учыненых злачынстваў. Стаўбцоўскі РАУС, згодна з крытэрыямі ацэнкі эфектыўнасці МУС Рэспублікі Беларусь, знаходзіцца на лідзіруючых пазіцыях, аднак нездавальняючая адзнака выстаўлена за вышук асобаў, якія прапалі без вестак, а таксама даўжнікоў і адказчыкаў па грамадзянскіх і эканамічных справах, якія ўхіляюцца ад адказнасці. Заўважана, што на працягу апошніх трох гадоў захоўваецца тэндэнцыя ў паляпшэнні якасці работы, аднак пакуль яшчэ маюць месца факты вяртання асобных матэрыялаў пасля пракурорскага нагляду на дадатковую праверку. Паўплываць на гэты працэс магчыма з дапамогай улікова-рэгістрацыйнай дысцыпліны, якой вызначаны строгі алгарытм дзеянняў, тэрміны і іншыя фактары для недапушчэння валакіты. У райаддзеле міліцыі раскрыты ўсе зарэгістраваныя цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, аднак насцярожвае тое, што іх колькасць расце.

Неабходна звярнуць увагу і на праблему, звязаную з наркакантролем і супрацьдзеяннем гандлю людзьмі. У бягучым годзе ў гэтым накірунку выяўлена дзевяць злачынстваў, у той час як летась – 23. Самазаспакойвацца на тым, што сітуацыя з наркотыкамі змянілася кардынальна, не выпадае, таму ад дзейнасці адпаведнага падраздзялення ўсе чакаюць большай ініцыятывы і эфектыўнасці.

Станоўчая дынаміка назіраецца ў рабоце групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, аднак пакуль недастаткова выяўляюцца факты крадзяжоў з выкарыстаннем службовага становішча на дзяржпрадпрыемствах. «Наша задача – абараніць эканоміку, бюджэт», – зазначыў Іван Мамайка.

Важным напрамкам дзейнасці міліцыі, аднаго з суб’ектаў прафілактыкі, застаецца ахова грамадскага парадку, прафілактыка правапарушэнняў і злачынстваў. Ёсць станоўчыя зрухі ў выніку праведзеных комплексаў мерапрыемстваў, у тым ліку адносна ізаляцыі асоб з групы рызыкі ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Аднак гэтую работу, як сведчыць рэчаіснасць, нельга паслабляць. У стане алкагольнага ап’янення ўчыняюцца цяжкія злачынствы. У бягучым годзе, да прыкладу, зафіксаваны два забойствы, і абодва – у сферы сямейна-бытавых адносін. Прымаемыя меры супраць дамашняга насілля і іншых негатыўных з’яў заключаюцца ва ўзбуджэнні крымінальных спраў прэвентыўнай накіраванасці, а таксама ў выдачы ахоўных прадпісанняў. У гэтым годзе выдадзена іх было ў адносінах да 21 асобы, амаль удвая больш, чым за адпаведны леташні перыяд.

Як падкрэсліў Іван Мамайка, на парадку дня застаюцца пытанні прафілактыкі крадзяжоў і захавання таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў падчас уборачнай кампаніі, выяўленне каналаў пастаўкі алкагольнай прадукцыі, сістэмная работа з замежнымі грамадзянамі, асобамі, якія стаяць на прафілактычным уліку і на ўліку ў крымінальна-выканальніцкай інспекцыі, узаемадзеянне ўчастковых інспектараў з насельніцтвам, адпрацоўка сваіх адміністрацыйных участкаў. Неацэнную ролю ўчастковых у выяўленні нядобранадзейных сем’яў, рэалізацыі Дэкрэта № 18 на тэрыторыі сельсаветаў, падкрэсліў у сваім выступленні на нарадзе старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі.

Патрабуе ўдасканалення работа з непаўналетнімі (у гэтым годзе імі ўчынена восем злачынстваў). Негатыўныя тэндэнцыі закранулі бяспеку дарожнага руху, і сярод іх – павелічэнне колькасці пацярпелых у ДТЗ, ДТЗ па віне нецвярозых вадзіцеляў. Неабходна вырашаць пытанні дарожнай бяспекі і з дапамогай інжынерных рашэнняў.

У ходзе канструктыўнай і ўзаемазацікаўленай размовы знайшлося месца і кадравай тэме. У бліжэйшы час у райаддзел міліцыі прыбудуць з устаноў адукацыі сістэмы МУС пяць маладых дыпламаваных супрацоўнікаў. «Удзяліць увагу, падтрымаць і стварыць умовы для службы, каб яны замацаваліся і сталі нашымі паўнавартаснымі калегамі», – звярнуўся Іван Мамайка да кіраўнікоў падраздзяленняў, а да ўсяго асабовага саставу – з заклікам апраўдваць давер жыхароў раёна, сваіх землякоў. Работнікі міліцыі – заўсёды на віду.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *