Выконваць прафілактычныя меры

Нумары Сельская гаспадарка

Распаўсюджванне афрыканскай чумы свіней у еўразійскай зоне, на жаль, прагрэсіруе, таму захоўваецца неабходнасць правядзення мерапрыемстваў па прафілактыцы ўзнікнення і распаўсюджвання АЧС на тэрыторыі раёна. У сувязі з тым, што тэрыторыя Рэспублікі Беларусь пэўны час застаецца пад пагрозай гэтага небяспечнага захворвання, неабходна напрацоўваць вопыт вырошчвання свіней на ўласных падвор’ях грамадзян.

Перадаецца афрыканская чума свіней падчас прамога кантакту з жывёлай, праз кроў, скормліванне харчовых адходаў, якія ўтрымліваюць вірус хваробы, трупы паўшай жывёлы, транспарт, грызуноў, прадметы догляду і інш. Таму неабходна абавязкова ведаць, як весці сябе ва ўмовах небяспечнага распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней.

Пры ўтрыманні свіней на ўласным падвор’і трэба выконваць прафілактычныя меры. Утрымліваць свіней у закрытых памяшканнях, не дапускаць іх свабоднага выгулу, кантакту з іншай жывёлай, а таксама рэгулярна праводзіць ачыстку і дэзынфекцыю памяшкання, дзе ўтрымліваецца жывёла. Пры ўваходзе ў памяшканне, дзе ўтрымліваюцца свінні, неабходна абсталяваць дэзынфіцыруючы дыван (дэзванну). Для гэтага трэба мець спецыяльныя абутак і адзенне, інвентар, якія будуць выкарыстоўвацца толькі для догляду жывёлы. Не трэба дапускаць наведвання памяшканняў для ўтрымання свіней пабочнымі асобамі, купляць жывых свіней без ветэрынарных суправаджальных дакументаў, завозіць (вывозіць) свіней без дазволу службовых асоб дзяржаўнай ветэрынарнай службы, неабходна рэгістраваць свінапагалоўе ў сельвыканкамах.

Нельга карміць свіней прадуктамі, якія ўтрымліваюць мясныя кампаненты. Усе віды кармоў павінны праходзіць тэрмічную апрацоўку. Для кармлення свіней неабходна выкарыстоўваць канцэнтраваныя кармы, набытыя праз сістэму Белкаапсаюза і іншыя дзяржаўныя сеткі. Неабходна пастаянна весці барацьбу з грызунамі.

Абавязкова трэба праводзіць ветэрынарны агляд пагалоўя свіней, інфармаваць сельвыканкамы, дзяржаўную ветслужбу раёна аб усіх выпадках захворвання і падзяжу свіней. Нельга праводзіць падворны забой свіней без ветэрынарнага перадзабойнага агляду жывёлы і ветэрынарна-санітарнай экспертызы мяса і прадуктаў забою спецыялістамі ветэрынарнай службы.

Не трэба купляць мясапрадукты ў несанкцыянаваных месцах гандлю, выкідваць трупы жывёлы, адходы ад яе ўтрымання і перапрацоўкі на звалкі, абочыны дарог. Утылізацыя трупаў жывёлы павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з ветэрынарна-санітарнымі правіламі пад кантролем і ў прысутнасці прадстаўнікоў ветэрынарнай службы.

У сувязі з тым, што на даны момант асноўнай пагрозай распаўсюджвання віруса афрыканскай чумы з’яўляюцца дзікі, уладальнікам свіней, якія выконваюць работы ў лясных угоддзях, неабходна пасля наведвання лесу дэзынфіцыраваць абутак і спецадзенне, а таксама па магчымасці абмежаваць наведванне памяшканняў, дзе ўтрымліваюцца свінні. Паляўнічым не рэкамендуецца ўтрымліваць свіней ва ўласных падсобных гаспадарках.

Грамадзянам, якія жадаюць трымаць свіней, неабходна памятаць аб адказнасці, не толькі адміністрацыйнай, а і крымінальнай, якую яны нясуць у выпадку невыканання імі ветэрынарна-санітарных правіл пры ўтылізацыі трупаў жывёлін.

Анатолій Гусачонак,

галоўны ветурач раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *