Разам клапоцяцца і хвалююцца за ўраджай

Нумары Ураджай

55a

Усталявалася спрыяльнае надвор’е, і ўсе рапсасеючыя гаспадаркі ўключыліся ў работу – убіраюць вырашчаны ўраджай. Усяго патрэбна абмалаціць 3425 гектараў. Па стане на 27 ліпеня было зжата 1395 гектараў, намалочана 2541 тона масланасення пры сярэднераённай ураджайнасці 18,2 цэнтнера з гектара – гэта на 5,4 цэнтнера больш, чым летась.

Прыступілі да ўборкі    азімага рапсу на гэтым тыдні і працаўнікі ААТ «Агранёманскі». Зжалі першыя сем гектараў і прыйшлося спыніцца, бо вільготнасць насення была даволі высокай. Затым уборку стрымала няўстойлівае надвор’е. А вось ў мінулы чацвер з раніцы дзень выдаўся па-летняму сонечны і цёплы. Тры экіпажы камбайнераў – сямейны ў складзе Валерыя і Андрэя Жукоў, якія працуюць разам пяты сезон, вопытны Міхаіл Таяноўскі з Андрэем Васіным, маладзёжны экіпаж Віктар Семянько і Віталій Кобец – выйшлі на рапсавыя палеткі за вёскай Цвіркі. Павольна, на невысокай хуткасці, у гэтым і заключаецца асаблівасць уборкі рапсу, яны вялі свае «стэпавыя караблі», напаўняючы насеннем бункеры. Усе машыны аснашчаны рапсавымі сталамі. Галоўнае – якасна зжаць, каб страты былі мінімальныя. Усяго ў гаспадарцы пасеяна 150 гектараў данай тэхнічнай культуры.

– Мы за хуткасцю не гонімся, – кажа намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Скварчэўскі, з якім сустрэліся на полі. – Зрабілі неабходныя рэгуліроўкі, надзейна загерметызавалі камбайны. Можаце ўпэўніцца – струкі вымалочваюцца чыста. Рапс увогуле не асыпаецца, таму час у нас яшчэ ёсць. Напачатку ліпеня мы падсушылі яго гліфасатамі, і зараз якраз аптымальныя тэрміны для яго ўборкі. Пасевы былі належным чынам апрацаваны. Хачу падзякаваць за шчыраванне аграному-аграхіміку Аляксандру Булашу – гэта выдатны спецыяліст, які работу сваю заўсёды выконвае сумленна. Мы разумеем адзін аднаго з паўслова. Разам клапоцімся і хвалюемся за ўраджай. Дарэчы, трэці год высяваем сорт айчыннай селекцыі «імперыял». Ён няблага перазімоўвае. Я ўвогуле не прыхільнік замежных гібрыдаў, трэба, каб рапс быў устойлівым да нашых марозных зім. Гэты дваццацісямігектарны ўчастак убяром на насенне.

Ураджайнасцю, і гэта бачна па настроі, галоўны спецыяліст задаволены – яна адна з самых высокіх у раёне і вагаецца пакуль што ў межах 35 цэнтнераў з гектара. Аднак хваляванні Івана Скварчэўскага абгрунтаваныя: ён не спяшаецца рабіць прагнозы, пакуль не завяршылася ўборка, згадваючы, што летась напярэдадні жніва пасевы пабіла градам. Тады чаканага выніку не атрымалі, хоць віды на ўраджай былі даволі неблагія. Варта, аднак, зазначыць, што сцябло рапсу нахілілася, а значыць можна разлічваць на высокі паказчык. Важна, каб надвор’е не падкачала.

Перад работнікамі пастаўлена задача ўбраць рапс за чатыры дні, і яна цалкам выканальная. На адвозцы насення рапсу задзейнічаны тры аўтамашыны – вадзіцелі Анатолій Бабровіч, Сяргей Кандрацін і Анатолій Турко – неаднаразовы пераможца раённага, абласнога і рэспубліканскага спаборніцтваў на адвозцы збожжа. Насенне, зразумела, вільготнае і патрабуе дасушвання. Дзеля гэтага ў таварыстве задзейнічаны збожжасушыльны комплекс у Залужжы.

Услед за камбайнамі ўбіраецца салома. Яна здрабняецца і адвозіцца на жывёлагадоўчыя фермы на падсціл жывёле. На кормаўборачным камбайне «Ягуар» працуе вопытны механізатар Аляксандр Фалюк.

Па словах Івана Скварчэўскага, уборка збожжавых пачнецца прыкладна напрыканцы наступнага тыдня. Яна чакаецца, як і летась, складанай. Але лёгкага хлеба не бывае. Абмалочваць пасевы будуць па меры гатоўнасці культур. А пачнуць, як і ў мінулыя гады, з жытнёвых палеткаў. Пастараюцца, як і заўсёды, сабраць вырашчаны ўраджай па максімуму.

На здымках: запаўняецца насеннем кузаў аўтамабіля; задаволены ўраджаем намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Скварчэўскі; экіпаж камбайнераў у складзе Валерыя і Андрэя Жукоў.

Надзея БАТАЛКА,

фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *