На Стаўбцоўшчыне

Нумары Раённыя навіны

З ВЫСОКІМІ БАЛАМІ

Выпускнікі школ нашага раёна прайшлі адказны перыяд здачы ўступных экзаменаў і многія ўжо маюць радасць паспяховага паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Тамара Францкевіч таксама падзялілася з намі радасцю – у гэтым годзе 38 вынікаў тэстаў па розных прадметах ацэнены 90 і вышэй баламі, гэта амаль удвая больш, чым летась.

Максімальны бал – 100 па рускай мове атрымала вучаніца Нававёскаўскай сярэдняй школы Кацярына Бязушка. Кацярына і англійскую мову здала на 92 балы.

Усе тры экзамены цэнтралізаванага тэсціравання на 90 і больш балаў здалі выпускнікі гімназіі № 1 Генадзь Блашко, Паліна Зайко, Анастасія Ціванчук.

Два ўступныя экзамены на 90 і больш балаў здалі: выпускніца Шашкоўскай СШ Надзея Бізгень, гімназіі № 1 – Антон Кажухоўскі, Мілена Куянава, СШ № 3 – Таццяна Астахновіч, СШ № 2 – Ганна Жылінская, яе сястра Антаніна Жылінская таксама ў гэтым спісе выпускнікоў – беларускую мову яна здала на 98 балаў.

Што казаць, прыемна быць у такім рэйтынгу, гэта гонар не толькі самім выпускнікам, але і навучальным установам, бацькам.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

ВІЦЕБСКІЯ ЎЗНАГАРОДЫ «ГАРОШЫНКІ»

Узорны харэаграфічны ансамбль «Гарошынка» раённага Цэнтра культуры пад кіраўніцтвам Наталлі Захаравай у другі раз прадстаўляў Мінскую вобласць на Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Каб атрымаць такое права, калектыву патрэбна было паспяхова прайсці адборачны тур, які адбыўся ў Салігорску, і заваяваць першынство сярод іншых танцавальных калектываў Міншчыны.

У рамках Міжнароднага фестывалю ансамбль «Гарошынка» на Дні моладзі ўдзельнічаў у маладзёжным танцавальным конкурсе «Агонь танца», арганізаваным БРСМ.

Ансамбль атрымаў дзве ўзнагароды – першае месца ў «Шоу праграме» і трэцяе месца – у намінацыі «Усходні танец». Калектыў прымае віншаванні з перамогай. Безумоўна, такая высокая адзнака з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем здатнасці калектыву, які ўзначальвае вопытны спецыяліст.

Пр

ЭНЕРГАЗБЕРАЖЭННЕ – НА ПЕРШЫМ ПЛАНЕ

Раённым выканаўчым камітэтам вызначаны задачы для суб’ектаў гаспадарання раёна па падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду 2017-2018 гадоў. Працуе раённая камісія для забеспячэння каардынацыі правядзення падрыхтоўчых і рамонтных работ, стварэння неабходных запасаў паліва.

Адна з важных задач для кіраўнікоў арганізацый і ўстаноў усіх форм уласнасці – правядзенне падрыхтоўчых, прафілактычных і рамонтных работ з атрыманнем пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц і спажыўцоў цеплавой энергіі ў адпаведнасці з графікам, які распрацаваны Стаўбцоўскім МРА «Энерганагляд». Да 1-га кастрычніка павінны быць створаны неабходныя запасы паліва на кацельнях, заключаны дагаворы на пастаўку прыроднага газу. Актуальнасць мае рэалізацыя праграмы энергазберажэння, згодна з якой сярод паліўна-энергетычных рэсурсаў павінны пераважаць мясцовыя віды паліва.

Стаўбцоўскае аб’яднанне камунальных службаў ажыццяўляе замену зношаных цеплавых сетак на папярэдне ізаляваныя трубы, у адпаведнасці з тытульным спісам аб’ектаў на 2017 год вядзецца капітальны і бягучы рамонт у жыллёвым фондзе, а таксама работы ў кацельнях, паверка кантрольна-вымяральных прыбораў, у тым ліку прыбораў уліку цеплаэнергіі і гарачай вады ў жылых дамах. Запланаваны сумесныя трэніроўкі з дыспетчарскімі службамі і аварыйна-аднаўленчай брыгадай па аператыўным ухіленні аварыйных сітуацый.

Асобая ўвага звернута на рэалізацыю планаў мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду 2017/2018 гадоў у сацыяльнай сферы.

Немалаважна нагадаць і жыхарам раёна, што свае жылыя памяшканні неабходна загадзя рыхтаваць да ацяпляльнага сезона, каб было не толькі цёпла і камфортна, а з максімальнай эканоміяй для сямейнага бюджэту.          

Пр

СУСТРАКАЮЦЬ ПРАДАЎЦОЎ, ЦЫРУЛЬНІКАЎ, ТЭХНОЛАГАЎ

У аддзела кадраў райспажыўтаварыства ў гэтыя дні прыемныя клопаты — прыём на працу маладых спецыялістаў. У гэтым годзе яны прыехалі з Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі, Баранавіцкага тэхналагічнага каледжа.

Прадаўцам, тэхнолагам, цырульнікам знойдзецца месца працы ў вытворчых падраздзяленнях спажывецкай кааперацыі. Чакаецца прыбыццё 13 маладых спецыялістаў, большая палова з якіх вучылася па мэтавым накіраванні і прыехалі на першае месца работы ў свой раён.

Пр

З САДА – У ЦЭХ

Фермерская гаспадарка «Мой сад» па-ранейшаму мае супрацоўніцтва са стаўбцоўскім філіялам Гарадзейскага цукровага камбіната і з’яўляецца пастаўшчыком для перапрацоўшчыкаў вітаміннай прадукцыі.

Чорную парэчку выдатных сартоў праціраюць з цукрам, яна паступае ў продаж у шкляных слоічках невялікага аб’ёму і карыстаецца попытам у пакупнікоў. Акрамя таго, гэтыя каштоўныя вітамінныя ягады замаражваюцца ў выглядзе пюрэ для вытворчасці фруктова-ягадных напаўляльнікаў, якія закупляюць перапрацоўчыя прадпрыемствы малочнай вытворчасці і хлебапякарнай прадукцыі краіны.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *